Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч знізіў суму пазову да блогера Сцяпана Святлова, які вядзе тэлеграм-канал «NEXTA», з 50 да 10 тысяч рублёў.
Пра гэта заявіла адвакатка чыноўніка Марыя Колесава-Гудзіліна ў судзе.
Папярэдняе судовае паседжанне паводле пазову Хоміча распачалося сёння, 18 кастрычніка, у судзе Менскага раёну.
Сам Хоміч, як і Сцяпан Святлоў, у судзе не з’явіўся.
Нагадаем, 11 верасня старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэту Генадзь Хоміч падаў у суд на Сцяпана Святлова, які вядзе тэлеграм-канал«NEXTA». Падставаю для пазова стала інфармацыя, апублікаваная там у жніўні.
Тады паведамлялася, што Генадзя Хоміча і ягоную жонку затрымлівалі за кіраванне аўтамабілем нападпітку, праз што чыноўнік нібыта можа страціць сваю пасаду. У пазове, што быў накіраваны ў суд Менскага раёну, Хоміч сцвярджаў, што ні ён, ні ягоная жонка ніколі не кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане.
Хоміч патрабуе ад NEXTA зняпраўдзіць «недакладныя звесткі, якія зневажаюць ягоны гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю» і спагнаць з блогера грашовую кампенсацыю. Сцяпан Святлоў настойвае, што ён публікаваў дакладную інфармацыю наконт Генадзя Хоміча.
Чыноўнік таксама падаў пазовы супраць СМІ, якія перадрукавалі інфармацыю NEXTA: «Беларускі партызан», парталы 21.by і bobruisk.ru (Вячэрні Бабруйск).
ІІ belsat.eu