Кіраўнік МУС Грузіі згодны на перамовы з пратэстоўцамі, але ў цэнтр Тбілісі сцягваюць сілавікоў


Пратэсты ў Грузіі. Фота - newsgeorgia.ge

Міністр унутраных справаў Грузіі Гіёргі Гахарыя заявіў, што гатовы сесці за стол перамоваў з арганізатарамі акцыі пратэсту ля парламенту ў Тбілісі. Між тым, у цэнтр гораду ўлады сцягнулі беспрэцэдэнтнаю колькасць сілавікоў, пішуць грузінскія СМІ.

«Безумоўна, паліцыя зробіць усё, каб запэўніць бяспеку нашых грамадзянаў і свабоду выказванняў. Калі з нагоды праведзенага ў пятніцу мерапрыемства ёсць якія-небудзь пытанні, я асабіста гатовы праз некалькі хвілінаў быць з арганізатарамі акцыі на гэтай тэрыторыі – сесці і адкрыта адказаць на ўсе пытанні, бо мы добра разумеем, наколькі важная бяспека нашых грамадзянаў і свабода выказванняў», – заявіў Гахарыя.

Некаторы час таму да пратэстоўцаў звярнуўся прэм’ер-міністр Грузіі Гіёргі Квірікашвілі, які заклікаў удзельнікаў усіх акцыяў да адзінства, а праваахоўнікаў – да максімальнага ўзмацнення захадаў бяспекі.

Як паведамляюць грузінскія СМІ, у гэтыя хвіліны на праспекце Руставэлі прысутнічае беспрэцэдэнтная колькасць паліцыі і спецназу, падрыхтаваныя вадамёты.

Нагадаем, што ў ноч на 12 траўня паліцыя зладзіла антынаркатычны рэйд у трох начных клубах Тбілісі. Падчас рэйду былі арыштаваныя 8 чалавек, якіх праваахоўнікі вінавацяць у продажы наркотыкаў. Акрамя таго, паліцыя затрымала каля 70 звычайных наведнікаў клубаў – нібыта за хуліганства і непадпарадкаванне праваахоўнікам. Затрыманыя абвінавацілі сілавікоў у перавышэнні сілы. Гэта выклікала абурэнне грузінскай моладзі, у другой палове дня 12 траўня каля будынку грузінскага парламенту было ўжо некалькі тысячаў пратэстоўцаў, якія паралізавалі рух у цэнтры сталіцы. Акцыі пратэсту ў Тбілісі цягнуцца ўжо другі дзень.

Ініцыятары пратэстаў – грамадскі рух «Белы шум», які, сярод іншага, змагаецца за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў, – патрабуюць адстаўкі кіраўніка МУС Грузіі Гіёргія Гахарыя і рэформы дзяржаўнай палітыкі ў сферы наркотыкаў.

Паралельна ў нядзелю на вуліцы Тбілісі выйшлі праціўнікі «Белага шуму» – прадстаўнікі Маладога нацыянальнага альянсу Грузіі ды неанацысцкай групоўкі «Нацыянальнае адзінства Грузіі».

Супрацоўнікі МУС Грузіі ачапілі тэрыторыю каля парламенту. Паліцэйскі кардон падзяліў прыхільнікаў «Белага шуму» і неанацыстаў разам з сябрамі Маладога нацыянальнага альянсу, каб не дапусціць беспарадкаў. Сітуацыя ў цэнтры Тбілісі перыядычна абвастраецца, адбываюцца сутычкі пратэстоўцаў і паліцыі.

ІІ, belsat.eu, паводле newsgeorgia.ge

Глядзі таксама
Каментары