Кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі заклікае ўлады пачаць дыялог з грамадствам


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з афіцыйным зваротам да Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто выконвае ўладу на розных узроўнях.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?».
Фота: «Белсат»

У адкрытым лісце кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў важнасць міру ў Беларусі.

«Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка збітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзідэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня», – гаворыць Кандрусевіч.

Ст. м. Спартыўная, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ён падкрэсліў, што пралітая кроў дэманстрантаў і катаванні ў месцах утрымання – гэта цяжкі грэх, які вядзе дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Як выйсце ён бачыць цяжкі і няпросты шлях пакаяння, духоўнага і маральнага ачышчэння, без чаго немагчыма пераадоленне грамадска-палітычнага крызісу.

«У імя такога неабходнага міру ў нашай Айчыне і нацыянальнай згоды, я звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў».

Раней кіраўнік БПЦ, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усёй Беларусі Павел заклікаў Лукашэнку зрабіць усё, каб спыніць гвалт.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў