Кіберпартызаны: «Ціхары» не пройдуць нашу праверку


Адзін з удзельнікаў супольнасці «Кіберпартызаны Беларусі» ананімна распавёў Belsat.eu пра мэты і планы гэтага руху.

Яны зліваюць спісы супрацоўнікаў МУС у сеткі, яны робяць атакі на дзяржаўныя сайты. І яны захоўваюць ананімнасць. Belsat.eu паразмаўляў з адным з кіберпартызанаў.

Пра базу супрацоўнікаў МУС

Самая гучная заява ад кіберпартызанаў была пра зліццё асабістых дадзеных сілавікоў. Зараз інфармацыя з’яўляецца ў розных суполках і ў блогераў, якія працуюць з ёю і пакрысе публікуюць.

«Працэс публікацыі ўжо ідзе. Дадзенымі дзеліцца Nexta, Чорная Кніга Беларусі і новы сэрвіс BlackBook, створаны сумесна з каналам анархічнай групы «Прамень»», – распавёў адзін з партызан. Паводле гэтых жа дадзеных каманда ЦІханоўскай складае «спіс Тарайкоўскага».

«Але людзі ўсё роўна пытаюцца: дзе база. А яна перад іх вачыма. Пакуль грамадская ўвага не пераключылася на вывучэнне дадзеных», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Перад тым, як абнародаваць асабістую інфармацыю пра сілавікоў, кіберпартызаны зрабілі заяву, у якой прасілі міліцыянтаў і АМАП спыніць гвалт:

«Усе метады добрыя для таго, каб дастукацца да сілавікоў. Надзея [што яны адумаюцца. – Belsat.eu] была і застаецца».

МУС у сваю чаргу абвесціў, што супраць тых, хто пагражае ці абражае сілавікоў, узбуджана больш за 40 крымінальных справаў. Ананімны партызан не ведае, ці закранулі гэтыя справы кагосьці з іх кіберсупольнасці:

«Цяжка сказаць дакладна. Мяркую, што гэта людзі альбо падстаўныя, альбо інтэрнэт-байцы – каментатары, якія не пабаяліся выйсці на прамы кантакт з «ахвярамі» і выказаць у адкрытую. Мы ж мала выпадкаў бачым, калі грамадзяне ідуць прама ў пастарунак міліцыі і выказваюць усё ў твар. Тут тое самае… З майго асабіста атачэння абсалютна нікога не закранула гэтая тэма».

Зараз партызаны перабіраюць сайты дзяржустаноў. Напрыклад, некалькі дзён не працаваў сайт МУС пасля публікацыі новых спісаў людзей у вышуку.

Сярод астатніх пацярпеў і сайт беларускіх латарэй.

«Можна было паступіць як заўгодна, каб усе выйгралі, напрыклад. Мы гэта зрабілі не для таго, каб нашкодзіць, а для карысці. Нават сістэмнаму адміністратару пакінулі запіску, што ўсе ОК, можна не турбавацца, сайт пацярпеў нязначныя змены.

Усе гэтыя напады праводзяцца для згуртавання людзей, а не для шкоды грамадству. Свайго роду віртуальны пратэст. Каб рух набіраў сілу, неабходна пастаянна абʼядноўваць людзей, якія хочуць далучыцца і ўнесці свой уклад. Спадзяюся, сурʼёзнасць нападаў, якія здзяйсняюцца, будзе ўзрастаць і атрымліваць адчувальны эфект», – патлумачыў ананім.

Зараз супольнасць рыхтуе маніфест, дзе распавядзе пра пазіцыянаванне арганізацыі, спосабы камунікацыі, агульныя правілы прыняцця ў арганізацыю, працэдуру праверкі і фільтрацыі карыстальнікаў і мэты партызан.

«Чагосьці фантастычнага там напісана не будзе. Мэта – даступна растлумачыць нашы мэты».

Войска кіберпартызан расце даволі інтэнсіўна, на ўдзел ужо падалі заяўкі некалькі тысяч чалавек, з якіх будуць фармаваць асобныя суполкі:

«Атрады будуць падзяляцца ў першую чаргу па лінгвістычнай прыкмеце, бо падаюць заяўкі з усяго свету. І мовы, адпаведна, адрозніваюцца».

– Ці былі спробы ціхароў патрапіць у кампʼютарныя войскі партызан?

– Верагодна, але паверце, яны не пройдуць нашу праверку, – кажа ананімны кіберпартызан.

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў