КДБ кваліфікаваў падпал будынку ДАІ у Мазыры як акт тэрарызму


Упершыню за шмат гадоў КДБ завёў справу за «акт тэрарызму».

«Уначы 28 кастрычніка ў Мазыры здзейснены падпал будынка аддзела ДАІ Мазырскага РАУС. Дадзеныя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч.1 арт.289 Крымінальнага кодэксу – акт тэрарызму. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя для далейшага расследавання ва ўпраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці. КДБ сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі ажыццяўляе пошук датычных», – цытуе БелТА начальніка аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака.

Раней паведамлядася, што 28 кастрычніка каля 3.30 у Мазыры невядомы мужчына падышоў з тыльнага боку да адміністрацыйнага будынка ДАІ Мазырскага РАУС, разбіў акно на першым паверсе і кінуў ўнутр памяшкання бутэльку з гаручай вадкасцю. Адбылося ўзгаранне, якое атрымалася лакалізаваць у межах аднаго кабінету. Пацярпелых няма.

Следча-аператыўная група нібыта прыбыла на месца здарэння праз хвіліну пасля таго, як у Мазырскі РАУС паступіла паведамленне ад мясцовага жыхара, які распавёў аб тым, што здарылася.

У выніку пажару ў кабінеце, дзе месціцца добраахвотная народная дружына, пашкоджаныя сцены, падлога, падаконнік і офісная тэхніка. З вонкавага боку будынку на сцяне пад пабітым акном фарбай напісалі «Возмездие!».

Цяпер сілавікі шукаюць датычных да гэтага інцыдэнту. Паводле беларускага заканадаўства, максімальная санкцыя па ч. 1 арт. 289 КК (Акт тэрарызму) дасягае 15 гадоў пазбаўлення волі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў