Казкі падчас чумы. Альгерд Бахарэвіч правёў прэзентацыю сваёй новай кнігі


Альгерд Бахарэвіч вырашыў выйсці ў оффлайн: правёў прэзентацыю сваёй новай кнігі і дзве аўтограф-сесіі.

Абедзве прэзентацыі былі праведзеныя ў бяспечным фармаце. Карэспандэнт Belsat.eu наведаў адну іх ў кнігарні Акадэмкніга, пастаяў у чарзе на дыстанцыі за аўтографам ды паразмаўляў з аўтарам пра новую кнігу.

Фота: Belsat.eu

Альгерд Бахарэвіч распавёў, што вырашыў сустрэцца з чытачамі, бо яму вельмі не хапае жывых кантактаў:

– Я звыкся сустракацца з чытачамі, атрымліваць ад іх зваротную энергію, нейкі водгук, але бачна, што і самі чытачы, прынамсі самыя верныя, засумавалі па такіх імпрэзах. Ды і ў мяне апошнім часам складваецца такое ўражанне, што Менск пачаў пляваць на гэтыя каранціны, на гэтыя правілы бяспекі, прынамсі такія строгія, – кажа Альгер Бахарэвіч.

Сустрэчы праходзяць максімальна бяспечна. Гэтак, у Акадэмкнізе ўсе наведвальнікі меліся апрацаваць рукі антысептыкам і апрануць маскі. Калі сродкаў абароны з сабой не было, кнігарня іх прадстаўляла.

Фота: Belsat.eu

У масцы быў і сам аўтар, які прачытаў для наведнікаў першую казку з новай кнігі. На думку аўтара, яна перагукаецца шмат у чым з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі.

– У гэтых казках кожны чытач пазнае сучасны Менск, або сучасную Беларусь, вуліцы, месцы, падзеі. Задумаў і пачаў пісаць я гэтую кніжку яшчэ два гады таму, пасля закінуў яе на нейкі час. Мінулай восенню вырашыў вярнуцца да працы над гэтымі гісторыямі, і тут наш час зрабіў мне такі «падарунак» – гэтая пандэмія каронавірусу. Усё гэта знайшло адбітак у маёй кнізе, там ёсць людзі ў масках, там ёсць нейкія мемы на гэты конт.

Фота: Belsat.eu

Акрамя тэмы чумы і пандэміі, у казках прачытваюцца адсылкі да сённяшняй, зусім не казачнай, палітычнай сітуацыі ў Беларусі – арышты, адлічэнні з універсітэтаў, акрываўлены сцяг, дыктатура, прага свабоды.

Фота: Belsat.eu

– Шаленства і злосць апаноўваюць мяне, калі я чытаю пра гэта ўсё, – кажа Бахарэвіч пра цяперашнія палітычныя навіны.

Мы пацікавіліся ў Альгерда, ці чакаць ягоную кнігу ў спісе намінантаў на прэмію Гедройца ў гэтым годзе, сканчаюцца апошнія дні, калі можна падаць заяўку ў аргкамітэт.

– Мая пазіцыя цвёрдая, рашучая і нязменная: больш у гэтай прэміі я ўдзельнічаць не збіраюся. З папярэдняй кнігай «Мае 90-ыя» я адмовіўся ўдзельнічаць, апошняя кніга таксама намінавацца на гэтую прэмію не будзе, – сказаў пісьменнік.

Фота: Belsat.eu

Нагадаем, у 2018 годзе кніга «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча заняла 2-е месца прэміі Гедройца. Набыць новую «чалавечную» кнігу казак Альгерда Бахарэвіча, можна ў менскай кнігарні Акадэмкніга.

Стужка навінаў