Кацярыну Андрэеву аштрафавалі за стрым з мітынгу да Дня Волі

ВІДЭА

Кацярына Андрэева. Фота - Алесь Карніенка, Facebook

Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў журналістку belsat.eu Кацярыну Андрэеву на 35 базавых велічыняў (857,5 рублёў) за працу без акрэдытацыі – паводле ч. 2 арт. 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ).

Суд адбыўся яшчэ 7 траўня, Кацярына Андрэева на паседжанне не прысутнічала і даведалася аб пастанове толькі сёння. Разам з журналісткаю на 857,5 рублёў аштрафавалі аператара Аляксандра Баразенку. Падставаю для адміністратыўнага пераследу Андрэевай і Баразенкі стала асвятленне дазволенага мітынгу КХП-БНФ 24 сакавіка, прымеркаванага да Дня Волі.

«Кожны суддзя, які бярэ ўдзел у пераследу журналістаў, заўсёды можа адказацца ад гэтага і прыняць сумленнае рашэнне. Вельмі шкада, што яны гэтага не робяць, псуючы сваю біяграфію. Для нас жа любыя пакаранні не будуць перашкодаю для нашай прафесійнай дзейнасці», – адзначыла Кацярына Андрэева, каментуючы чарговы штраф.

Нагадаем, ад пачатку 2018 года за супрацу з «Белсатам» журналістам агулам прысудзілі штрафаў амаль на Br 30 000. Толькі за адзін дзень 7 траўня суды вынеслі 8 пакаранняў белстаўцам на суму больш Br 6000 штрафаў.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары