«Катастрофы няма». Лукашэнка назваў новы лік хворых на COVID-19 і прыгразіў звольніць урад


Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі 7 красавіка правёў нараду, на якой абмеркаваў распаўсюд у Беларусі COVID-2019.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у краіне сёння шпіталізаваныя 794 чалавекі з каронавірусам. З іх 31 знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«Катастрофы абсалютна няма», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў утрымаць «не лавінападобны» прырост хворых і загадаў «змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі гаворка ідзе аб старых». Паводле яго, пакуль сістэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца.

Hавiны
150 тыс. подпісаў беларусаў з патрабаваннем увесці каранцін накіравалі ў САЗ
2020.04.07 10:10

Заклікаўшы беларусаў умацоўваць імунітэт, займацца спортам і адмовіцца ад шкодных звычак, Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя з каронавірусам дапамагла страсянуць сістэму аховы здароўя і выявіць у ёй «вузкія месцы».

«Я з вас спытаю, калі гэты псіхоз скончыцца і калі сыдуць гэтыя хваробы», – папярэдзіў ён чыноўнікаў.

«Няўжо мы маску не можам пашыць?»

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што агульная смяротнасць у краіне за першы квартал 2020 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га знізілася на 4%, а ад пнеўманіі – на 9%. Агулам ад пнеўманіі памерла 254 чалавекі і 13 чалавек ад каронавіруса, ад хваробаў сістэмы кровазвароту – 18,5 тыс. чалавек, ад анкалогіі – амаль 5 тыс. 860 чалавек загінулі ад вонкавых прычынаў.

Лукашэнка таксама запатрабаваў ад урада вырашыць праблемы з наяўнасцю індывідуальных сродкаў абароны.

«Я прэм’ер-міністра і ўрад папярэдзіў: калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае ў аптэках, крамах або больніцах, асабліва для абароны лекараў, – урада не будзе. Будуць працаваць іншыя», – заявіў ён.

Кіраўнік краіны даручыў вырашыць праблемы з наяўнасцю ахоўных сродкаў у бліжэйшыя дні.

Hавiны
«Людзі занепакоеныя». Што адбываецца ў Докшыцах, дзе здарыўся рэзкі ўсплёск пнеўманіі?
2020.04.07 13:42

«Няўжо мы маску не можам пашыць? Казаць, што ў нас сёння дзесьці дэфіцыт гэтага, недапушчальна», – даручыў ён.

Кіраўнік краіны назваў недапушчальным, «што лекар без пальчатак, без маскі прымае ў паліклініцы, дзе б там ні было».

«Ён павінен хаця б мінімальна быць абаронены. Каб лекараў не лекавалі. Лекар павінен лячыць хворых, а нам даводзіцца лекараў лячыць», – падкрэсліў Лукашэнка.

Агулам ён даручыў каронавірус «перамагчы прыгожа», «выратаваць людзей годна».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў