Кастуся Жукоўскага аштрафавалі на 690 рублёў за супрацу з «Белсатам»


Сёлета гэта дзясяты штраф за «працу без акрэдытацыі». 30 базавых велічыняў прысудзіў суддзя Чыгуначнага раёну Гомля Яўген Шаршнёў за сюжэт, які паказалі 3 кастрычніка і распавядаў пра дрэнныя ўмовы працы на гомельскім прадпрыемстве, дзе вырабляюць пластыкавую ўпакоўку.

Фрылансэр прадставіў даведку, што не з’яўляецца штатным супрацоўнікам тэлеканалу, але гэта не паўплывала на рашэнне суддзі.

Жукоўскі, які выкладае відэаматэрыялы на сваім Youtube – прыватная асоба. Паводле ж артыкула 22.9 КаАП адказнасць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ прадугледжаная для юрыдычных асобаў.

Сёлета на Жукоўскага склалі каля двух дзясяткаў пратаколаў. Агульная сума штрафаў перавысіла 9 тысяч рублёў. Адзін са штрафаў, вынесены Жлобінскім раённым судом, адмяніла вышэйшая судовая інстанцыя.

На мінулым тыдні Жукоўскага прымусова даставілі ў Чыгуначны РАУС, дзе склалі пратакол за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. Пастанову на прымусовы прывад фрылансэра падпісаў начальнік РАУС Ігар Цімашэнка на той падставе, што Жукоўскаму нібыта дасылалі SMS-паведамленне, але ў міліцыю ён не зʼявіўся і не папярэдзіў пра няяўку.

Наступны працэс супраць Жукоўскага адбудзецца ў снежні – журналіста выклікалі праз «ВК» з акаўнту Добрушскага суду.

Паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве прыблізна $ 14 000. Таксама нашых калег асудзілі на дзясяткі содняў адміністратыўных арыштаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў