Канфлікт у Гарадзенскай епархіі: ігумення Гаўрыіла супраць епіскапа Арцемія


Новы кіраўнік БПЦ, Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, упершыню ў гэтым статусе наведаў Горадню і завітаў на царкоўнае свята ў жаночы манастыр. Ім кіруе матушка Гаўрыіла (Глухава), якая стала вядомай пасля выступу на жаночым форуме, арганізаваным Лукашэнкам.

Візіт мітрапаліта мог бы падацца звычайнай справай, каб не канфлікт сярод праваслаўных іерархаў Горадні. Справа ў тым, што ў жаночым манастыры збіраліся подпісы за адхіленне ад пасады епіскапа Арцемія. Апошні ў шэрагу заяваў і казанняў пасля прэзідэнцкіх выбараў крытыкаваў жорсткасць улады. Матушка Гаўрыіла, у сваю чаргу, цалкам падтрымала курс Лукашэнкі ды ягоныя метады.

Ігумення манастыра Гаўрыіла (Глухава).
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Насаджаецца беларуская мова ды «ігнаруецца казацтва»

Спачатку прайшла інфармацыя, што подпісы супраць Арцемія збірае сама ігумення манастыра. Але гэта апынулася няпраўдай. Подпісы пад зваротам да мітрапаліта збіралі наўпрост на тэрыторыі манастыра, ніхто гэтаму не перашкаджаў. Гэтым займаўся Андрэй Лабаноўскі, які прадстаўляўся як кіраўнік Свята-Уладзімірскага брацтва.

Атмасфера падчас свята ў манастыры з удзелам мітрапаліта.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пра што ідзецца ў звароце? Пра тое, што пад кіраўніцтвам Арцемія ў Горадні нібыта распаўсюджваюцца «нацыяналістычныя ідэі, заснаваныя на русафобіі», вітаюцца людзі, якія «карыстаюцца сімволікай нацысцкіх калабарантаў», насаджаецца беларуская мова, гімн «Магутны Божа», вітанне «Жыве Беларусь!» Арцемія таксама папракаюць тым, што ён нібыта выціскае прарасейскіх святароў ды «ігнаруе казацтва».

Скрыншот з сайту ruskline.ru

Падчас сённяшняй (20 верасня) святочнай службы ў манастыры пра зварот і асабіста Арцемія не было размовы, але вельмі верагодна, што зварот усё ж быў перададзены мітрапаліту Веньяміну асабіста. Варта таксама адзначыць, што сам епіскап Арцемій на свяце не прысутнічаў, хоць гэта вялікая падзея для праваслаўнай епархіі Горадні.

Мітрапаліт Менскі Веньямін у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/ «Белсат»

«Мы прабачаем ігуменню Гаўрыілу»

Разам з тым, 20 верасня ў інтэрнэце з’явілася петыцыя «Разабрацца ў сітуацыі з ігуменняй Гаўрыілай». Зварот таксама скіраваны да мітрапаліта Веньяміна. Там папракаюць ужо матушку Гаўрыілу за яе словы на жаночым форме: ігумення называла людзей «сектантамі», пратэстоўцаў – «бязглуздым натоўпам». Таксама яна папярэджвала людзей, маўляў, калі «глядзець на Захад», то можна пераўтварыцца ў бісексуала.

Атмасфера падчас свята ў манастыры з удзелам мітрапаліта.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Мітрапаліт менскі Веньямін у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Атмасфера падчас свята ў манастыры з удзелам мітрапаліта.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У петыцыі няма патрабавання зняць ігуменню Гаўрыілу з пасады, але вядзецца пра неабходнасць прабачэнняў перад вернікамі і грамадзянамі з яе боку.

«Госпад наш Ісус Хрыстос вучыў прабачаць. Мы прабачаем ігуменню Гаўрыілу, а не яна прабачае нас», – кажацца напрыканцы звароту. За дзень петыцыя сабрала блізка сотні подпісаў.

Атмасфера падчас свята ў манастыры з удзелам мітрапаліта.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Даўняе супрацьстаянне

Каб зразумець канфліктую сітуацыю, варта ведаць, што супрацьстаянне паміж епіскапам Арцеміем ды ігуменняй Гаўрыілай цягнецца не першы год. Вакол Арцемія сапраўды сабралася пэўная колькасць прабеларускіх святароў, якія лагодна прасоўвалі беларускую царкоўную культуру. Таксама некаторыя наўпрост удзельнічалі ў пратэстных шэсцях або хавалі ў храмах пратэстоўцаў сёлета падчас жнівеньскіх падзеяў.

Фота перададзенае асабіста рэдакцыі Belsat.eu

Матушка Гаўрыіла, у сваю чаргу, заўжды трымалася праўладнай і прарасейскай лініі. Яшчэ падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнка асабіста наведваў яе манастыр разам з мітрапалітам Філарэтам, пра што сведчаць архіўныя фота. У 2010-х у манастыры часта заўважалі людзей у камуфляжы ды ў папахах – прадстаўнікоў так званага Нёманскага казацтва. Падчас сітуацыі з COVID-19 у манастыры не прымаліся меры засцярогі, у выніку чаго захварэлі і манахіні, і парафіяне.

Фота перададзенае асабіста рэдакцыі Belsat.eu

«Белсат» будзе надалей сачыць за сітуацыяй у Гарадзенскай праваслаўнай епархіі.

АК, фота Васіль Малчанаў ды архіўныя

Стужка навінаў