Канапацкая будзе балатавацца ў наступную Палату Прадстаўнікоў


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая рыхтуецца да перадвыбарчае кампаніі ды фармуе сваю каманду. Далучыцца да яе можа «кожны адказны грамадзянін», паведамілі на афіцыйнай старонцы палітыка ў «Facebook’у».

«Я выдатна ўсведамляю існую практыку правядзення выбараў у Беларусі, таму адной з асноўных задачаў майго ўдзелу ў выбарчых кампаніях з’яўляецца кантроль за выбарамі з мэтай іх сумленнага, адкрытага і справядлівага правядзення ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ», – зазначыла дэпутатка.

Ганна Канапацкая збіраецца балатавацца ў той самай 97-ай выбарчай акрузе, ад якой яна атрымала мандат дэпутата ў 2016-ым, абышоўшы паводле афіцыйных вынікаў галасавання Таццяну Караткевіч – былую кандыдатку ў прэзідэнты. Акруга ахоплівае частку Кастрычніцкага раёну сталіцы, а таксама мікрараёны Калядзічы і Сокал. Чакаецца, што пазачарговыя выбары ў Палату Прадстаўнікоў маюць прайсці сёлета ўвосень. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прызначыць іх на 7 лістапада, Лідзія Ярмошына назвала іншую дату – 17 лістапада.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фотаздымак са старонкі Ганны Канапацкай у «Фэйсбуку»

Як ГП выкрыла фальсіфікацыі «на карысць» АГП

 

Глядзі таксама
Каментары