Канал «Пул Первого» пахваліўся дзіцячымі сэлфі з Лукашэнкам


7 студзеня 2020 года. Аляксандр Лукашэнка з юным хакеістам. Фота – president.gov.by

Для ацяплення іміджу кіраўніка Беларусі канал «Пул Первого» выкарыстаў кадры з завяршэння Каляднага турніру, падчас якога Лукашэнка дазволіў вучням хакейных школ зрабіць з ім сэлфі.

На апублікаваным у «Тэлеграме» відэа бачна, што Лукашэнка спачатку пазіруе падчас калектыўнага здымку са школьнікамі, а пасля дазваляе дваім хлапцам зрабіць з ім сэлфі.

Сам Лукашэнка сэлфі не робіць: у яго няма тэлефону.

Не пагаджаўся ён раней і на чужыя сэлфі з сабой: кіраўніка Беларусі няма ні на адным нефармальным фотаздымку Нікола Пашыньяна з кіраўнікамі ЕАЭС з паседжання Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Ерэване.

Жарт пра тое, як сусветныя лідары вучаць Лукашэнку рабіць сэлфі, рассмяшыў нават Уладзіміра Зяленскага падчас выступу «Кварталу 95» на сёлетнім форуме «Yes» ува Украіне.

Замест фота Лукашэнка робіць сабе падарункі: сёння ягоная каманда ў 13-ы раз выйграла Калядны турнір па хакеі на прызы кіраўніка Беларусі. У фінале каманда Лукашэнкі выйграла ў каманды Расеі з лікам 4: 1.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў