«Каму мы тут патрэбныя?» Як на Берасцейшчыне жывуць за 200–300 рублёў на месяц


Віцябляне Настасся і Віктар Смірновы некалькі гадоў таму вымушаныя былі пераехаць на Берасцейшчыну. Дактары рэкамендавалі змяніць месца жыхарства з увагі на здароўе дзіцяці. Іхны маленькі сын – алергік. Паводле дактароў, клімат на Берасцейшчыне – мякчэйшы, тут цяплей, чым на поўначы Беларусі. Віктар знайшоў працу на прадпрыемстве «Івацэвічы-агратэхсэрвіс», і сям’я перабралася на новае месца.

Кіраўніцтва «Івацэвічы-агратэхсэрвісу» абяцала прыстойны заробак. Віктар – кіроўца, працаваў на вялізным грузавым МАЗе ў сельгаспрадпрыемстве. Але замест абяцанага, мужчына на рукі атрымліваў не больш за 300 рублёў. У выніку праз некалькі гадоў спрэчак з кіраўніцтвам Смірновы пераехалі назад.

Віктар і Настасся Смірновы. Фота belsat.eu

«У нас у Віцебску сваё жытло ёсць. Праца з часам знайшлася, таму пачуваемся лепей, чым было. Бо на Берасцейшчыне нам далі дом у аграгарадку Воля, што каля Івацэвічаў. Дом так званы прэзідэнцкі – проста не прыстасаваны для жытла. Сцены заўсёды пакрытыя цвіллю, заўсёды вільготна. Вельмі кепская якасць працы будаўнікоў. Вокны проста абы-якія. Замест таго, каб нашае дзіцё стала пачувацца лепей, мы апынуліся ў нашмат горшым становішчы», – распавяла «Белсату» Настасся Смірнова.

Жанчына адзначае, што сродкаў для жыцця і магчымасцяў для таго, каб заставацца, не было.

«Калі былі дэкрэтныя, то хоць неяк выжывалі. А цяпер, калі сыну ўжо тры гады і два месяцы, то мы б проста не змаглі б існаваць на Берасцейшчыне. А нам жа абяцалі ледзьве не шыкоўныя ўмовы. Абяцалі, што і дом зможам набыць у сваю ўласнасць. А мы паверылі і апынуліся ў надзвычай складанай сітуацыі», – кажа Настасся.

Унутраная міграцыя не для беларусаў

Паводле Смірновых, пераезд на Берасцейшчыну ім каштаваў каля тысячы долараў. Пераезд назад таксама быў вельмі складаны. Смірновы вымушаныя былі шукаць грошы на арэнду грузавіка, які каштаваў каля 600 долараў.

«Вось толькі разлічыліся з пазыкамі. Калі мы выязджалі з Віцебску, было прасцей, у нас былі нейкія ашчаджэнні. А вось калі перабіраліся з Берасцейшчыны, то ў нас не было аніякіх ашчаджэнняў, таму прыйшлося пазычаць», – кажа Настасся Смірнова.

Настальгіі па Берасцейшчыне няма

«Я радая, што вярнуліся назад, бо перспектывы там не было. Заставацца ў тым калгасе было без сэнсу. Таксама без сэнсу ўладкоўвацца ў нейкі суседні, але такі ж самы калгас», – распавядае Настасся.

Віктар Смірноў знайшоў працу, Настасся таксама выйшла з дэкрэтнага адпачынку – паступова наладжваюць дабрабыт.

«Цяпер Віктар працуе на чыгунцы. Больш-менш упэўнена сябе адчуваем», – кажа Настасся.

Ферма «Івацэвічы-агратэхсэрвісу». Фота belsat.eu

Безальтэрнатыўнае жыццё ў глыбінцы

Але многія іншыя жыхары глыбінкі не маюць альтэрнатывы і не могуць выехаць у пошуках лепшага. Гэтак, напрыклад, жыхар Івацэвіцкага раёну Сяргей Юнчык вымушаны выжываць за мізэрны заробак. Мужчына працуе ў сельгаспрадпрыемстве Целяханаў.

«Я працую трактарыстам у «Целяханы-агра». За кастрычнік мне налічана 417 рублёў, але ўтрымана 205, і на рукі я атрымаў 212 рублёў. Я плачу аліменты, таму гэта без пытанняў, гэтае вылічэнне. Але сутнасць у тым, што пражыць месяц на такую суму вельмі складана. Я ведаю, што пішуць, нібыта сярэдні заробак па краіне складае ажно 1200 рублёў. Але ў мяне пытанне: а якія заробкі яны лічаць? Перакананы, што заробак звычайнага трактарыста яны не ўлічваюць», – абураецца Сяргей.

Разліковая квітанцыя Сяргея Юнчыка. Фота belsat.eu

Сяргей Юнчык кажа, што заробкі летам трохі большыя. Пры гэтым у сельскагаспадарчым прадпрыемстве не налічваецца прэміяльных, няма налічэнняў за перапрацаваныя гадзіны.

«Летам найбольш за гэты год мне налічылі ў ліпені – 750 рублёў. Я вазіў зерне ад камбайнаў. Але працавалі мы з 8-й да 21-й гадзіны штодня. І гэта найбольшае налічэнне мне было за год», – кажа жыхар Целяханаў.

Як выжыць на 200 рублёў?

«Я запытаўся ў кіраўніка: маўляў, атрымаў на рукі гэтыя 200 рублёў, і як мне жыць? Шкадуеш сабе нешта набыць. А дырэктар так і не адказаў нармальна, ён імкнецца абыходзіць гэтыя пытанні бокам. Прагучала з яго вуснаў толькі тое, што няма грошай і ўсё», – кажа Сяргей Юнчык.

«Белсат» датэлефанаваўся да кіраўніка ААТ «Целяханы Агра» з просьбай пракаментаваць сітуацыю ў якой апынуўся механізатар прадпрыемства.

«У мяне на стале ляжыць заява аб звальненні кіроўцы МАЗу. Я запытваюся ў яго, чаму ён вырашыў звольніцца. А той кажа, што малы заробак, бо налічана 600 а атрымліваць – 400 рублёў. У яго таксама 2-е дзяцей і 33 % адлічваюцца на аліменты. Я разумею, што гэта можа і мала. Але дзе б гэтыя людзі не працавалі, гэтыя адсоткі будуць адлічвацца, бо ідуць аліменты. Таму гэта нюанс. Але калі скласці заробак, налічаны, то ён і неблагі. Кожную капейку трэба зарабіць, ніхто проста так не будзе налічваць грошы. Так, заробкі можа і не высокія, але і не малыя», – распавёў «Белсату» дырэктар сельгаспрадпрыемства.

Рэчаіснасць у глыбінцы не падобная да той, што паказваюць на дзяржаўным ТБ

Вясковец прызнаецца, што адзінаю магчымасцю існаваць у вёсцы – весці прысядзібную гаспадарку.

«Кошты растуць проста на вачах. Зойдзеш у краму, глянеш на мяса, каўбасу… Адно, што ратуе, – гэта свая гаспадарка. Але і выгадаваць цяпер таго ж парсюка – таксама каштуе. Камбікорм не танны, кошты на зерне растуць. Ніхто не думае пра людзей, ніхто не дбае пра вяскоўцаў, якія жывуць у рэгіёнах. Перакананы, што ніводзін дэпутат не сядзеў бы за 300 рублёў», – кажа Сяргей Юнчык.

Сяргей Юнчык з жонкай. Фота belsat.eu

Мужчына адзначае, што рэчаіснасць вельмі істотна адрозніваецца ад той, што дэманструецца з экранаў дзяржаўнага тэлебачання.

«Калі глядзець тэлебачанне, калі выступае прэзідэнт, то ўсё ў нас прыгожа і ўсё добра. Можа, недзе каля Менску і ёсць добрыя гаспадаркі. Там і тэхніка замежная. Але там жа кантроль над імі. Там яны баяцца і імкнуцца да таго, каб людзі жылі нармальна. А тут каму мы патрэбныя?» – скрушна адзначае Сяргей.

Вяскоўцы не праходзяць тэхагляду, бо няма грошай

«У мяне ёсць стары аўтамабіль. Але я рэдка ім карыстаюся. На працу летам еду на ровары. А вось зімой вымушаны заводзіць аўта, каб хоць жонку адвезці на працу. А літар паліва каштуе не танна. Не кажу ўжо пра тэхагляд. Я не ў стане аплаціць гэты дарожны падатак. У мяне няма гэтых 200 рублёў. Як я заплачу? Ды і стаіць жа машына цэлае лета, выязджаю ў асноўным толькі зімою. Іншае пытанне, што сутнасць аплаты – дарожны збор. Але хіба ў нас тут ёсць добрыя дарогі? У Целяханах немагчыма ехаць, бо ўся дарога разбітая. Я ж не езджу ў Менск. Ніхто не думае пра вясковых людзей. Таму людзі і выязджаюць без тэхагляду», – канстатуе Сяргей.

Чаму ў сельскай гаспадарцы мізэрныя заробкі?

Суразмоўцы «Белсату», як Віктар і Настасся Смірновы, гэтак і Сяргей Юнчык лічаць, што на сельгаспрадпрыемствах шмат што залежыць ад кіраўнікоў.

«Можна ў Целяханах знайсці працу. Вось, напрыклад, вёска Горталь побач з пасёлкам. Калгас тут быў стратны. Але пасля таго, як з’явіўся новы кіраўнік, то справы пайшлі ўгару. Цягам шасці гадоў выйшаў з пазыкаў. Цяпер трактарысты тут падчас пасяўной атрымліваюць да 2500 рублёў. Я таксама падчас пасяўной у Целяханах працаваў. Але мне налічылі 518 рублёў», – апавядае Сяргей Юнчык.

Мужчына кажа, што ў Целяханскім сельскагаспадарчым прадпрыемстве цягам некалькіх гадоў змянілася шмат кіраўнікоў. Паводле вяскоўца, справы ў калгасах залежаць ад кіраўніка і яд таго, як ён вядзе справы і як ставіцца да людзей.

«Кіравала некалькі гадоў таму ў нас жанчына, дык яе наагул асудзілі і прысудзілі да шасці гадоў турмы. Вельмі яна ў сваю кішэню заглядвала. Увогуле цяпер кіраўніцтва не прыслухоўваецца да людзей. Ды і сядзяць яны на акладах і не асабліва пераймаюцца. Я думаю, што яны маюць добрыя грошы», – кажа Сяргей Юнчык.

  • Сярэдні налічаны заробак на Берасцейшчыне афіцыйна на 1 кастрычніка 2019 году складае 874 рублі.
  • Івацэвіцкі раён зʼяўляецца дэпрэсіўным, паводле сацыяльна-эканамічных паказнікаў. Па выніках 2018 году на 1000 народжаных прыходзілася 1005 памерлых. Агулам у Берасцейскай вобласці цяпер пражывае 1 млн 380 тыс асобаў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў