Каментатараў у інтэрнэце будуць ідэнтыфікаваць паводле нумару тэлефона. Ці гатовыя да гэтага медыі?


Карыстальнікаў, якія пакідаюць каментары ў інтэрнэце, будуць ідэнтыфікаваць паводле нумароў тэлефонаў. Пра гэта распавёў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Як гэта будзе ўплываць на медыі ды карыстальнікаў і ці гэта абмежаванне свабоды?

– Хтосьці пажадаў пакінуць каментар. Ён дасылае паведамленне на той ці іншы сайт і пакідае нумар тэлефона. Яму прыходзіць спецыяльны код, – сказаў у эфіры АНТ міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Як будзе працаваць такая рэгістрацыя праз тэлефон? І як гэта паўплывае на СМІ? Пра гэта мы спыталі ў намесніка старшыні БАЖ (Беларуская асацыяцыя журналістаў) Барыса Гарэцкага.

«Рэгістрацыя праз тэлефон – гэта новае патрабаванне для СМІ, якое ўступае ў дзеянне з 1 снежня. Праект пастановы абмяркоўваецца сярод медыйных арганізацыяй даўно, для СМІ гэта не навіна”, – пракаментаваў Барыс Гарэцкі.

Суразмоўца кажа, такі парадак рэгістрацыі каментароў – не самы лепшы. Па-першае, дзяржава пагаршае правы тых, хто тэлефонам не карыстаецца ці не можа ім скарыстацца. Па-другое, складанасць узнікае з тымі, хто хоча пакінуць каментар з-за мяжы.

«Зноў пытанне: ці будзе рэалізавана магчымасць зарэгістравацца з замежнага нумара? Прынамсі, мне падаецца, што ў любога чалавека, дзе б ён не знаходзіўся, мусіць быць такая магчымасць. Гэта і есць свабода слова», – кажа Барыс Гарэцкі.

Таксама варта падкрэсліць, што да 1 снежня засталося сем дзён, а дагэтуль не апублікаваны выніковыя тэксты пастановы. І як сайты павінны выконваць нормы, якія патрабуе Мінінфарм, пакуль невядома.

«Магчыма, Мінінфарм вельмі доўга ўзгадняў гэтую пастанову. Магчыма, на нейкім этапе яшчэ ідуць размовы. На мой погляд, варта было бы адсунуць гэты тэрмін. Таму што, каб распрацаваць сістэму рэгістрацыі, кожнаму сайту прыйдзецца ўкласці вялізныя грошы і правесці вялізную працу. За сем дзён складана гэта зрабіць. Асабліва калі дакументу яшчэ няма», – падкрэсліў суразмоўца.

Ці існуюць такія практыкі ў іншых краінах?

Еўрапейскі суд па правах чалавека не раз выказваўся на конт ананімнага каментавання ў інтэрнэце – што менавіта гэта і ёсць забеспячэнне свабоды слова чалавека.

«У Еўропе прынята, што чалавек можа ананімна каментаваць. Гэта яго права. Вось на гэты стандарт было бы варта глядзець. Але ў нашых рэаліях мы бачым адваротнае. У Еўропе ананімнае каментаванне – гэта свабода слова. Еўрапейскі суд па правах чалавека неаднойчы пра гэта казаў», – падкрэсліў Барыс Гарэцкі.

ЛП, Belsat.eu

Стужка навінаў