«Калі снегу няма, то гэта мае вельмі сумныя наступствы». Хто пакутуе ад анамальна цёплай зімы?

Сіноптыкі адзначаюць, што снежань і студзень у Беларусі былі анамальна цёплымі – класічная кліматычная зіма фактычна так і не наступіла. Не чакаюць спецыялісты маразоў і ў лютым. Belsat.eu разбіраецца, хто нясе страты ад анамальна цёплай зімы.

Крамы

Бадай, галоўныя ахвяры цёплай зімы – крамы адзення і абутку. Усе без выключэння крамы, куды мы звярталіся, скардзіліся, што продажы зімовых тавараў у іх знізіліся. Праўда, маштабы ўсе ацэньваюць па-рознаму. Напрыклад, у адной з крамаў сеткі абутку Belwest распавялі, што продажы ўпалі прыкладна на 30 %.

«Людзі адразу шукаюць абутак «восень-вясна». На зімнюю калекцыю ніхто нават не глядзіць», – кажа адміністратарка.

Фота – belsat.eu

А вось у сетцы «Мегатоп» наступства цёплага надвор’я адчулі менш – адміністратарка адной з крамаў паведаміла belsat.eu, што продажы, канешне, знізіліся, але не моцна.

Значна больш пацярпелі ад цёплай зімы невялікія крамы і індывідуальныя прадпрымальнікі.

«Вельмі кепска прадаецца тавар. У параўнанні з мінулым годам продажы ўпалі мінімум у два разы! Мы дваццаць гадоў працуем, але такой сітуацыі не памятаем. Я ведаю, што некаторыя за ўвесь сезон прадалі 2-3 футры. Жах!» – кажа прадавачка ў адной з крамаў на Нямізе.

Не дапамагаюць нават зніжкі, хаця з набліжэннем канца сезону некаторыя прапаноўваць да 70 % зніжак.

«Цяпер цёплая адзенне людзям не патрэбнае, а нарыхтоўваць на запас не хочуць. Для гэтага ж трэба, каб грошы былі, а беларусы не такія багатыя, каб думаць пра наступны год» – кажа іншая прадавачка.

Фота – belsat.eu

«Зімовае адзенне кепска прадаецца, а вясеннюю калекцыю яшчэ не прывезлі. Вы ж самі ўсё разумееце: людзі хочуць апранацца па надвор’ю. Людзі не будуць насіць футру, калі надвор’е плюсавае», – канстатуе прадпрымальніца, што валодае крамай верхняга адзення на Нямізе.

Фота – belsat.eu

На тых, хто прадае абагравальнікі, цёплае надвор’е паўплывала значна менш. Перш за ўсё таму, што абагравальнікі гэта звычайна спадарожны тавар у буйных крамах бытавой і электрычнай тэхнікі. Самі па сябе яны займаюць нязначную частку асартыменту, таму ў агульнай структуры продажаў наступства цёплай зімы заўважыць цяжэй. Да таго ж некаторыя пакупнікі скардзяцца, што тапіць у кватэрах сёлета сталі горш – гэта нібыта ўраўнаважвае наступства цёплай зімы.

Фота – belsat.eu

Гарналыжныя курорты

Нясуць страты і гарналыжныя курорты. Спартова-аздараўленчы комплекс «Мазыр» праз цёплае надвор’е быў вымушаны практычна на ўсю зіму закрыць свае лыжныя пляцоўкі. «Няма ўмоваў: тэмпература плюсавая, заўсёды дождж або мокры снег», – патлумачылі нам у комплексе.

Спартова-аздараўленчы комплекс «Мазыр». Фота – visit-belarus.com

У буйных і больш багатых гарналыжных комплексах лыжныя трасы закрываць не сталі, але каб падтрымліваць іх у патрэбным стане прыходзіцца выдаткоўваць больш рэсурсаў.

«Калі няма снегу ў краіне, то гэта мае вельмі сумныя наступствы для нас, – кажа начальнік аддзелу маркетынгу цэнтру «Раўбічы» Алег Мамедаў, – Людзі пры такім надвор’е не ўспрымаюць лыжы чыста псіхалагічна – маўляў, калі няма снегу ў горадзе, то няма снегу нідзе. Шмат каму проста не прыходзіць у галаву катацца на лыжах у такую зіму. Хаця ў нас траса ляжыць, мы яе яшчэ ў лістападзе паклалі і дагэтуль падтрымліваем у працоўным стане».

«Раўбічы». Фота – vk.com/rau_by

Паводле суразмоўцы, сёлета ў «Раўбічы» едуць у асноўным спартоўцы і сапраўдныя фанаты лыжаў. «Але агулам колькасць наведнікаў, вядома, не такая, як звычайна», – дадае Алег Мамедаў.

Да таго ж, каб падтрымліваць лыжныя пляцоўкі ў працоўным стане, цяпер прыходзіцца выдаткоўваць значна больш рэсурсаў.

«Нашыя выдаткі павялічваюцца амаль у два разы. Калі ў нас надвор’е мінусавае, мы ўключаем пушкі, робім снег. Снежнае пакрыццё ляжыць, мы яго падтрымліваем, плюс выпадае натуральны снег. У дадзеным выпадку ў лістападзе мы надзьмулі каля метра снегу і цяпер у нас засталося сантыметраў, імаверна, 30. Каб снег наагул не растаяў, мы выкарыстоўваем лядовы каток. Прыходзіцца ноччу заліваць там ваду, потым зрэзаць лёд і гэтай лядовай стружкай пастаянна латаць трасу…. То бок раней мы ўключалі пушку і за працоўны дзень маглі надзьмуць каля 100 кубаметраў. А цяпер толькі ўявіце колькі прыходзіцца працаваць тэхніцы, колькі прыходзіцца выдаткоўваць вады, паліва і электрычнасці!» – распавядае начальнік аддзелу маркетынгу.

Але спыняць працу цэнтр «Раубічы» не збіраецца. У тым ліку не сталі адмяняць буйныя міжнародныя спаборніцтва па біятлоне на Кубак IBU, што мусяць адбыцца ў «Раўбічах» напачатку сакавіку. «Цяпер мы да іх рыхтуемся. З улікам нашай зімы да апошняга вырашалася, што рабіць. Але ўчора ўсё ж вырашылі, што спаборніцтвам быць. Ледзь не са ўсёй краіны будзем звазіць снег, але кубак правядзем», – кажа Алег Мамедаў.

У гарналыжным цэнтры «Сілічы» таксама кажуць пра павышэнне выдаткаў на падтрыманне снежнага пакрыцця на трасах. «Калі снегу няма, больш працуюць снегавыя пушкі, павялічваюцца выдаткі на іх», – кажа прадстаўніца цэнтру Анастасія.

«Сілічы». Фота – vk.com/silichicentre

Аднак у «Сілічах» сцвярджаюць, што ўласна на колькасці наведнікаў цёплае надвор’е моцна не адбілася.

«Кліентаў, канешне, стала менш, але не ў разы, – тлумачыць Анастасія, – Справа ў тым, што інфраструктура цяпер дазваляе часткова замяніць паслугі катання на іншыя паслугі. Тыя хто катаецца паўпрафесійна, хто прыязджае адпрацаваць нейкія трукі, то зразумела яны залежаць ад надвор’я. На трасах, якія не супер, якія не падыходзяць для прафесійных трукаў, яны з меркаванняў бяспекі катацца не будуць. А для тых, хто прыязджае ў гарналыжны цэнтр проста адпачыць, лыжы гэта толькі адна з забаваў. Для іх лыжы цалкам камфортна замяняюцца катком, прагулкамі, канатнай дарогай, рэстарацыяй».

Сельская гаспадарка

Імаверна, цёплая зіма будзе мець наступствы і для сельскай гаспадаркі. Яшчэ ў снежні 2019 года Белгідрамет папярэджваў, што цёплая надвор’е не лепшым чынам уплывае на азімыя культуры (зернявыя, паспяванне якіх патрабуе зімоўкі пад высокім снежным покрывам).

«Незвычайна цёплае надворʼе не дазваляе азімым культурам здабыць стан глыбокага зімовага спакою. Пад уплывам павышанага тэмпературнага рэжыму расліны страчваюць зімовую загартоўку», – адзначалі ў Белгідрамеце ў снежні.

Сіноптыкі тады канстатавалі, што на большай частцы тэрыторыі Беларусі снежнага покрыва на палях практычна няма, глеба адталая, а прамярзанне назіраецца толькі на ўсходзе Беларусі.

Але якія страты панясе сельская гаспадарка пакуль казаць рана – час збору азімых яшчэ не прыйшоў.

Адкрытыя каткі

Кастрычніцкая плошча. Фота – belsat.eu

У Менску адкрытых каткоў заўсёды было не шмат – не больш за пяць кропак на ўвесь горад. Напрыклад, перыядычна ўлады гораду стваралі каткі на Кастрычніцкай плошчы і каля Нацыянальнай бібліятэкі, але сёлета абедзве гэтыя пляцоўкі нават не пачыналі сваю працу.

Каток ля Палацу спорта. Фота – belsat.eu

А вось адкрыты каток каля Палацу спорту працуе штодзень ад 10-й да 24-й гадзіны. Як паўплывала на іх працу цёплае надвор’е працаўнікі пляцоўкі патлумачыць belsat.eu не змаглі – кажуць, у мінулую зіму катком займалася іншая арганізацыя, таму параўноўваць ім няма з чым. Якая арганізацыя цяпер курыруе каток ля Палацу спорту нам распавесці адмовіліся. «Гэта сакрэтная інфармацыя», – з сурёзным выразам твару заявіла belsat.eu адна з працаўніц.

ІІ belsat.eu

Hавiны