«Калі сістэма змяла Купалаўскі тэатр, то што для яе мы?» Працаўнікі магілёўскага тэатру – пра звальненне кіраўніка

Дырэктар драматычнага тэатру ў Магілёве Андрэй Новікаў не звольніў падначаленых за выказванне грамадзянскай пазіцыі. 25 лістапада звольнілі яго самога. «Андрэй Новікаў застаўся ў гэтай сітуацыі чалавекам з вялікай літары», – гавораць у тэатры.

24 лістапада ў Магілёўскім драмтэатры адбыўся агульны сход, на якім прысутнічаў і Андрэй Новікаў. Літаратурная рэдактарка тэатру Вольга Семчанка кажа, што абмеркаванне ішло бурна, адзінай стратэгіі не было, у кожнага – уласнае бачанне сітуацыі ды яе развязання, але ўсе калегі хочуць вярнуць Новікава.

Андрэй Новікаў займаў пасаду дырэктара Магілёўскага драматычнага тэатру 20 год. Фота: асабісты архіў героя

«На гэтым сходзе мы падпісалі зварот да кіраўніцтва – упраўлення культуры аблвыканкаму, каб Новікава вярнулі. Зварот падпісалі 86 працаўнікоў тэатру. Калі дадзеная просьба не будзе задаволеная, калектыў плануе звяртацца вышэй», – паведаміла Вольга Семчанка.

Некаторыя людзі выказалі жаданне звальняцца на знак салідарнасці з дырэктарам. Але сам Новікаў іх адгаворваў.

Вольга Семчанка была адной з тых, хто зазнаў пераслед за грамадзянскую пазіцыю па-за межамі тэатру. Гэтай восенню яе некалькі разоў судзілі паводле артыкулу 23.34 КаАП – нібыта за ўдзел у мітынгах, і каралі арыштам і штрафамі.

«На Новікава ціснулі, каб ён мяне таксама пакараў, але ён прынцыпова не ладзіў ніякіх рэпрэсіяў у дачыненні сваіх працаўнікоў. Андрэй Новікаў не хоча паўтарэння купалаўскага сцэнару, ён імкнецца захаваць калектыў тэатру. Некаторыя выказваюць меркаванне, што Новікаў прыносіць сябе ў ахвяру, але наш калектыў не хоча прымаць гэтую ахвяру. Канечне, я асабіста стаўлюся да сітуацыі так, што гэта ўсё няправільна. Калі мы згубім тэатр, мы згубім усё.

Гэта дакладна адміністрацыйныя рэпрэсіі. Чым больш пагаршаецца сітуацыя, тым мацнейшыя гэтыя рэпрэсіі. Хутка яны могуць перайсці ў сілавыя. А скончыцца ўсё толькі тады, калі народ і здаровы сэнс перамогуць», – выказалася Вольга Семчанка.

Актор і рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімір Пятровіч жадае абараніць свайго дырэктара Андрэя Новікава, але пры гэтым асаблівых надзеяў не мае.

«Калі гэтая сістэма змяла Купалаўскі тэатр, то што для яе мы? Я не прыніжаю Магілёўскі драмтэатр, проста бачу, што мы ляцім пад каток аўтаматам. Мы яшчэ не ведаем, як усё скончыцца, але дакладна адно: Андрэй Новікаў застаўся ў гэтай сітуацыі чалавекам з вялікай літары, ён да канца абараняў сваіх супрацоўнікаў, якіх заўважылі на мітынгах. Гэтыя людзі не парушылі закону, іх няма за што звальняць. Чалавек разумны, сумленны, прафесіянал – гэта ўсё пра Новікава. І ён аказаўся не патрэбны нашай дзяржаве. Такімі крокамі мы рухаемся толькі ў адзін бок – у бок Паўночнай Карэі», – пракаментаваў сітуацыю Уладзімір Пятровіч.

«Людзі хочуць пачуць нейкую праўду». Прафесіяналы – пра тое, ці можа тэатр заставацца ранейшым

Андрэй Новікаў устрымаўся ад каментара, але тэкст прэс-рэлізу, які тэатр сёння разаслаў магілёўскім медыям, быў з ім узгоднены.

Андрэй Новікаў кіруе Магілёўскім абласным драматычным тэатрам 20 гадоў. Тэатр падтрымлівае міжнародныя культурныя сувязі, вядзе актыўную гастрольную і фестывальную дзейнасць.

25 лістапада Магілёўскі драматычны тэатр афіцыйна абвесціў, што з дырэктарам Андрэем Новікавым скасавалі кантракт. Яго звольнілі без тлумачэння прычынаў, а фактычна за тое, што ён сам не звольніў няўгодных работнікаў.

У афіцыйным паведамленні тэатру сказана, што каля двух месяцаў таму падчас агульнага сходу начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму Алег Сцельмашок паабяцаў калектыву тэатру не чапаць і тым больш не звальняць людзей за выказванне поглядаў і грамадзянскай пазіцыі.

Але ўслед за гэтым на дырэктара пачалі ціснуць, каб ён пакараў асобных сваіх падначаленых. А пару дзён таму стала вядома, што звальняюць яго самога. Хоць толькі ў верасні 2020 года з Новікавым падпісалі новы кантракт на 5 гадоў.

Вольга Васільева, «Белсат»

Hавiны