Каго ловяць на «Рыбку»?

Ідэя вылучыць грамадзянку Рэспублікі Беларусь Вашукевіч Анастасію Іванаўну ў якасці кандыдата на прэзідэнты нашай дзяржавы не такая ўжо і абсурдная, як можа падавацца. Нідзе ж не сказана, што эскорт-мадэлі праз асноўны род сваёй дзейнасці ў нас пазбаўленыя грамадзянскіх правоў.

Ды і той факт, што пэўны час (напрыклад, 360 дзён на год) яна пражывала не на тэрыторыі Беларусі, зусім не сведчыць пра тое, што яна наогул не пражывала на гэтай тэрыторыі: суседзі пацвердзяць, што гэтая клапатлівая маці прывозіла дзіцяці цацкі на дзень нараджэння і Новы год; як добрая дачка дапамагала бацькам фінансава і прывозіла ім лекі. Ды і з бацькоўскага дома яе сілком ніхто не выпісваў – калі толькі Анастасія Іванаўна не махнула русаллім хвастом і ня сплыла дадому. Але Насця Рыбка зусім не абавязкова мусіла выпісвацца. Так што і гэта абмежаванне не спрацуе, бо ў заканадаўстве не тлумачаць, што значыць «пражываць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь апошнія дзесяць гадоў». Памятаеце гісторыю з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы Зянона Пазняка ў 2001 годзе? Зарэгістравалі ж групу тады, калі мне памяць не змяняе.

Так што, сябры мае, ад рэгістрацыі грамадзянкі Вашукевіч А.І. нас аддзяляе ўсяго адзін радок Канстытуцыі. Той, дзе вядзецца пра ніжэйшую ўзроставую планку кандыдатаў. Не маладзей за трыццаць пяць гадоў – так, здаецца?

ВИДЕО
Настю Рыбку задержали еще на три дня
2019.01.19 19:11

Нагадаю, як гэты радок з’явіўся. На момант выбараў відавочнаму фаварыту першай прэзідэнцкай гонкі не споўнiлася сарака гадоў. Гэтую ўзроставую планку і планавалі павесіць перад самым носам не ў меру бойкага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Але акружэнне прэмʼер-міністра Вячаслава Кебіча настолькі верыла ў сваю перамогу, што калі ўстаў дэпутат Віктар Ганчар і спытаў ад свайго мікрафона, ці не спалохаліся яны дырэктара саўгаса «Гарадзец», парламенцкая большасць яхідна прагаласавала за трыццаць пяць гадоў. Маўляў, «не баімся мы яго, кандыдата твайго» – ці як там было ў Карнея Чукоўскага?

Увогуле, «маладыя ваўкі» узялі тады парламенцкую большасць на понт. Потым ужо, пасля перамогі гэтыя самыя ваўкі «ад спалоху з’елі адно аднога», але тады палітычныя сланы і насарогі не зусім разумелі, што робяць, адкрываючы дарогу Лукашэнку. Так, многія з іх прыстасаваліся і, як Міхаіл Мясніковіч, прадэманстравалі проста клаповую выжывальнасць. Але перамог усё роўна самы малады кандыдат.

Зараз, падобна, адбываецца нешта падобнае. Так, самая па сабе заява грамадзянкі Вашукевіч вельмі падобная на фэйк, калі фэйкам не з’яўляецца. Але ў сацыяльных сетках настолькі актыўна пачалі абмяркоўваць магчымасць яе вылучэння – прычым сурʼёзна, з упорам на артыкулы Канстытуцыі! – што здаецца, быццам цяпер ужо самога Лукашэнкі, сівога і немаладога, бяруць на понт: маўляў, не баісь, дзядуля, апусці планачку-та ніжэй! Ці табе з тваім досведам, прэзідэнцкім стажам і іншым дзяўчынкі «Рыбкі» баяцца? Ды і потым – які ж з працаўніцы сэксуальнага фронту сцяг барацьбы і ррррэвалюцыі? Нейкая карыкатура на «Свабоду на барыкадах» Эжэна Дэлакруа: колькі грудзі не агаляць, выклікаць яна ў дадзеным выпадку будзе зусім не святыя ррррэвалюцыйныя пачуцці…

Хутчэй за ўсё, паўтаруся, гэта – менавіта фэйк (з майго пункту гледжання). Але фэйк цалкам тэхналагічны. Дапусцім, заўтра Аляксандр Рыгоравіч запрашае сваіх амандачаных сланоў і насарогаў і кажа ім:

– А сапраўды! Мы што – гэтую самую п… ду з вушамі баімся? Ды не баімся мы яе! Давайце, апусцім планку! Не, не да 28 гадоў. Гэта будзе азначаць, што мы пайшлі ў яе на паваду. Давайце… да 25 гадоў! Дадзім дарогу маладым!

Нешта мне падказвае, што шум авацыяў у гэтым выпадку будзе незмаўкаемым! Яшчэ б! У нас таленавітая моладзь! Яна цудоўна грае на фартэпіяна і ў хакей, гаворыць на кітайскай мове і ўмее вырошчваць бахчавыя культуры! Хто «супраць»?

І толькі Насця «Рыбка», дэпартаваная з Тайланду паводле неартыкуляванага патрабавання расейскага боку, яхідна ўсміхнецца з гэтай нагоды і сыдзе сабе ў сіняе мора…

Золата, а не рыбка, б…

Але гэта ўжо – зусім іншая казка.

Аляксандр Фядута/МВ, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў