Парады на выпадак, калі мэтай тэрарыстаў апынецеся вы.
Тэракты часцей за ўсё ладзяцца ў публічных месцах з вялікай колькасцю людзей.
«Тэрарысты плануюць аперацыі ў месцах, дзе могуць свабодна дзеяць і дзе іх не так лёгка ідэнтыфікаваць», – кажа Анджэй Мрочэк, эксперт у тэрарызме з варшаўскага Калегіум Цывітас.
Асабліва прывабныя мэты для тэрарыстаў – метро і іншыя сродкі камунікацыі.
У грамадскім транспарце лепш за ўсё выбіраць месцы ў сярэдзіне салона далей ад вокнаў (але памятаць, што вокны – гэта таксама і запасныя выхады).
Дарэчы, пасажыры, якія стаяць, знаходзяцца ў большай бяспецы, чым тыя, хто сядзіць.
У людных месцах неабходна ўважліва ставіцца да любых забытых рэчаў, скрыняў і любых прадметаў, якія выглядаюць дзіўна.
Распазнаць тэрарыстаў даволі складана: да пачатку сваёй акцыі яны імкнуцца зліцца з натоўпам. Занепакоіць павінныя супярэчнасці ў адзенні або паводзінах: напрыклад, калі нехта ў доўгім паліто ў цёплы дзень. Пад ім можа быць схаваная зброя або бомба.
«Усё часцей тэрарысты – гэта прафесіяналы, – кажа «Белсату» Барыс Чыгін, адмысловец у супрацьдзеянні тэрору. – Гэта людзі, якія маюць за плячыма адмысловыя трэнаванні, а нават баявы досвед. Яны думаюць катэгорыямі тактыкі, дзеяць гэтак, каб было як мага болей ахвяраў, а таксама – куды будуць уцякаць людзі ў момант панікі, дзе эвакуацыйныя шляхі, дзе будуць хавацца ахвяры».
У крытычнай сітуацыі найлепшай парадай будзе: уцякаць, хавацца, змагацца.
Уцякаць трэба адразу як толькі з’яўляецца пагроза. Калі нельга ўцячы, трэба схавацца, каб вас не заўважылі. Калі вы ў памяшканні, яго трэба паспрабаваць забарыкадаваць. У тэлефоне трэба выключыць гук і вібрацыю, а потым паспрабаваць звязацца са службамі ды паведаміць, дзе вы.
Калі выйсця няма, варта даць тэрарысту адпор. Чыгін не пагаджаецца, што простыя людзі цалкам бяззбройныя, і сцвярджае, што абяззброіць моцнага мужчына можа нават дзяўчына.
«Галоўныя нашыя козыры – гэта хуткасць і дыстанцыя да праціўніка, прастор, які мы мусім выкарыстаць, і час рэакцыі. Гэта можа ўратаваць жыццё нам ды іншым асобам», – кажа Чыгін.
Як зброю можна выкарыстаць усё, што ёсць пад рукою: крэсла, сметніцу, ключы, торбу, валізку, заплечнік. Дапамагчы ў небяспечнай сітуацыі можа ўсё, што можна кінуць. Усё, чым можна біць.
Калі тэракт ужо здзейснены, правіла тое ж – эвакуявацца. Апрацаваць раны найлепш у бяспечным месцы.
Калі вы ў парадку, дапамажыце тым, хто побач.
Калі паранены…
Ўсім адразу не дапаможаш – ахвяраў трэба «адсартаваць», раіць Lifehacker: спачатку ратаваць тых, хто жывы, дыхае сам, але моцна паранены, страціў шмат крыві, знаходзіцца без прытомнасці.
Другія ў чарзе – параненыя ў стане свядомасці. Апошнімі павінныя атрымліваць дапамогу тыя, хто знаходзіцца ў свядомасці і здольны перасоўвацца.
Гучыць жорстка, але непрытомным, якія не здольныя дыхаць, павінныя дапамагаць медыкі. У надзвычайных сітуацыях на іх ёсць час толькі ў самы апошні момант: занадта каштоўнае жыццё тых, каго яшчэ дакладна можна выратаваць.
Глядзіце рэпартаж Аліны Коўшык з антытэрарыстычнага трэнінгу, які нашая журналістка прайшла пасля тэракту ў Санкт-Пецярбурзе.
ДД