Каардынацыйная Рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР) можа ў бліжэйшы час распачаць спробу афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі.
Пра гэтую заяву прэсавага сакратара Рады Антона Раднянкова паведамляе БелаПАН.
Раднянкоў знаходзіцца на эміграцыі і зрабіў адпаведную заяву падчас відэастрыму.
«Дыскусіі ўнутры КР аб афіцыйнай рэгістрацыі або аб падачы дакументаў на рэгістрацыю ішлі ад самага моманту стварэння Рады. У бліжэйшы час мы паспрабуем, здзейснім чарговыя спробы зарэгістравацца. Тут пытанне ў правільнай форме: будзе гэта грамадскае аб’яднанне або ўстанова. Але мы, натуральна, хочам працаваць у прававым полі», – сказаў Раднянкоў.
Паводле яго словаў, жаданне працаваць у краіне легальна ў чальцоў прэзыдыюму КР існавала заўсёды, але ўлады гэтага баяцца, менавіта таму і заводзіліся крымінальныя справы.
Нагадаем, Генэральная пракуратура распачала крымінальныя справы «па фактах стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Інфармацыю пра гэта прэсавая служба Генпракуратуры распаўсюдзіла 21 снежня.
У паведамленні пералічваліся асобы, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы па гэтых абвінавачваннях – гэта Святлана Ціханоўская і чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, Максім Знак, Павал Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі.
ІК, belsat.eu