26 студзеня Наама Ісахар перадала хадайніцтва да расейскага прэзідэнта праз адміністрацыю следчага ізалятару, распавялі «Інтэрфаксу» адвакаты дзяўчыны Вадзім Клюўгант і Аляксей Дабрынін.
Яна склала просьбу да Уладзіміра Пуціна пасля абмеркавання са сваймі абаронцамі заявы прэсавага сакратара Крамля пра тое, што «ў справе павінны быць выкананы нейкія фармальнасці».
Раней з просьбамі аб памілаванні Наамы Ісахар да Уладзіміра Пуціна звярталіся прэзідэнт і прэм’ер Ізраіля, а таксама маці дзяўчыны. Сама Ісахар яшчэ 23 студзеня адмаўлялася складаць такую просьбу.
Грамадзянку Ізраілю і ЗША Нааму Ісахар затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева 9 красавіка 2019 года, калі яна рабіла перасадку па шляху з Дэлі ў Тэль-Авіў. Службовы сабака знайшоў у яе заплечніку 9,6 грам гашышу. У лістападзе Ісахар прысудзілі да 7,5 гадоў калоніі, прызнаўшы вінаватай у захоўванні і кантрабандзе наркотыкаў.
ДД belsat.eu