Ізноў КПСС? Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам


8 снежня на сустрэчы з працаўнікамі Стаўбцоўскай лякарні Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць падняць і зафіксаваць статус «усебеларускага народнага сходу» (УНС) у новай Канстытуцыі.

Новыя прапановы Лукашэнкі сталі абсалютна нечаканымі.

«Калі мы здымаем пэўныя абавязкі з прэзідэнта, іх жа трэба кудысьці перадаваць. Ураду і парламенту гэтыя паўнамоцтвы не падыходзяць. Куды іх перасоўваць? Трэба шукаць такі орган. А ў нас ёсць усебеларускі народны сход. Таму пэўныя паўнамоцтвы давядзецца перадаць. Калі размыць паўнамоцтвы прэзідэнта, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які б усіх стабілізаваў… Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць», – сказаў Лукашэнка.

Абіраць дэлегатаў «усебеларускага народнага сходу» ён прапанаваў на пяцігадовы тэрмін. Працаваць яны будуць на грамадскіх пачатках.

То бок частку паўнамоцтваў прэзідэнта мяркуецца перадаць УНС. Паводле Лукашэнкі, такі орган павінен кантраляваць «галоўныя кірункі нашага развіцця», яму «будуць падсправаздачныя кіраўнікі парламенту, міністры і губернатары».

Усебеларускі народны сход, 2016 год.
Фота: president.gov.by

«Можна ад імя народу кіраваць да канца жыцця»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на тое, што УНС – не выбарны, а цалкам прызначаны орган. Ягоная дзейнасць, як і спосаб абрання, не рэгулююцца ніякімі законамі. Удзельнікаў сходу фактычна прызначае мясцовая выканаўчая вертыкаль. На УНС прысутнічаюць не прадстаўнікі народу, а выключна прыхільнікі Лукашэнкі. УНС – імітацыя народнага прадстаўніцтва.

«УНС нагадвае з’езд КПСС, які таксама збіраўся раз на пяць гадоў і таксама прымаў планы на пяцігодку. Але ў КПСС былі кіроўныя органы, якія дзейнічалі паміж зʼездамі. Гэта цэнтральны камітэт, палітбюро, генеральны сакратар, якім і належала рэальная ўлада. Пры тым, што паралельна з імі фармальна існаваў калектыўны прэзідэнт дзяржавы – прэзідыум Вярхоўнага савету СССР», – піша Валер Карбалевіч.

Размова
Як пазбегнуць крывавага фіналу рэвалюцыі?
2020.12.07 21:20

Ён мяркуе, што якраз падобную схему спрабуе ажыццявіць Лукашэнка.

«Ён пакідае пасаду прэзідэнта, на што нядаўна намякаў, забірае ў яго паўнамоцтвы і перадае УНС. Паколькі гэты сход у выглядзе аднаго паседжання раз на пяць гадоў ня можа выконваць функцыю найвышэйшага дзяржаўнага органу, то павінна быць нейкая стала дзейнічаючая структура, якой перадаюцца паўнамоцтвы УНС. Напрыклад, прэзідыум УНС. А прэзідыум павінен нехта ўзначальваць. Адгадайце з трох разоў, хто», – намякае аглядальнік.

«У чым хараство і перавага сітуацыі – дык гэта ў тым, што кіраўніку прэзідыуму УНС, адрозна ад прэзідэнта, ня трэба выбірацца. Бо сам УНС не выбіраецца. Можна ад імя народу кіраваць да канца жыцця», – падкрэслівае Валер Карбалевіч.

«Яшчэ адзін бескантрольны статус»

Дырэктар па даследаваннях Цэнтра EAST Андрэй Елісееў таксама праводзіць паралелі паміж з’ездам КПСС і Палітбюро ЦК КПСС як кіруючым дзяржаўным органам у перыяд паміж зʼездамі.

«Усё гэта нясе вялікія рызыкі для дэмакратыі і законнасці ў Беларусі па той простай прычыне, што Лукашэнка тым самым атрымлівае яшчэ адзін бескантрольны канстытуцыйны статус. Да таго ж, Усебеларускаму сходу могуць даць права ўнясення змяненняў у Канстытуцыю ў абыход рэферэндуму, і тады ў любы момант (па-за) чарговы «зʼезд КПСС» зможа прымаць любыя бязмежныя папраўкі ў Асноўны закон», – напісаў Елісееў у Facebook.

Сутнасць гульні Лукашэнкі ў тым, лічыць эксперт, каб пры добрым варыянце ён працягнуў займаць і прэзідэнцкі пост, і пасаду кіраўніка Прэзідыума Усебеларускага сходу, а пры дрэнным – фармальна перадаць прэзідэнцкую пасаду з усечанымі паўнамоцтвамі чалавеку сваёй каманды (напрыклад, таму ж прэмʼер-міністру Галоўчанку) з захаваннем за сабой новага ўплывовага канстытуцыйнага статусу.

«Ніхто не купіць гэтага манеўру як сапраўдны транзіт»

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман таксама звярнуўся да аналагу з КПСС.

«Як жа сімптаматычна, што з усіх шляхоў канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка, здаецца, спыніўся на самым архаічным – вярнуць у краіну зʼезд КПСС і прэзідыум ЦК, які ён сам і збіраецца ўзначаліць», – піша Шрайбман.

Але ён сумняецца, што ў Лукашэнкі ёсць рэсурсы для такога манеўру.

«Ускладняць сістэму можна, калі хапае рэальнага рэйтынгу ёю кіраваць пасля ўскладнення. А калі рэйтынг ёсць толькі ў справаздачах з АП, працаваць ідэя КПСС 2.0 будзе толькі ў гэтых жа справаздачах, а не ў рэальнасці. Бо ніхто ў сярэдзіне і па-за краінай не купіць гэтага манеўру як сапраўдны транзіт – міжнародны, эканамічны і ўнутрыпалітычны крызіс працягнецца. <…> Уся гэта схема будзе актуальная, вядома ж, толькі ў выпадку, калі Лукашэнка хопіць рэсурсу ўсё гэта пракруціць і не спатыкнуцца па шляху. Я б, калі сумленна, на гэта грошай не паставіў», – напісаў Арцём Шрайбман.

Напішы журналістам

 

Стужка навінаў