Інтэрв'ю прэзідэнта Латвіі – «Белсату». Ці згуляе Лэвітс з Лукашэнкам у хакей?


«Мы за ўзмацненне беларускай дзяржаўнасці», заявіў прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс у інтэрв’ю праграме «Прасвет». За ўвагу Беларусі, а дакладней за беларускі транзіт, змагаюцца суседкі Беларусі Літва і Латвія. Латвійцы нават заявілі пра намер купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС. А таму Рыга настойліва запрашае Аляксандра Лукашэнку з візітам. Што збліжае нашыя краіны, і ці магчымы хакейны матч двух прэзідэнтаў? Эксклюзіўнае інтэрвʼю Аліны Коўшык з прэзідэнтам Латвіі.

Aліна Коўшык: Добры вечар, спадару Прэзідэнт!

Эгілс Лэвітс: Добры вечар!

Ужо 15 гадоў Латвія ўваходзіць у склад Еўрапейскага Звязу і NATO. На ваш погляд, якіх поспехаў краіна дасягнула за гэты час, ці можаце вы падзяліцца пэўнымі гісторыямі поспеху? І якія праблемы яшчэ трэба вырашыць?

Тое, што Латвія была адной з тых дзесяці краінаў, якія далучыліся да ЕЗ у 2004 г., сталася асновай для яе эканамічнага росту – вельмі значнага эканамічнага росту, а таксама павышэння ўзроўню нашае бяспекі, нашай палітычнай вагі ў свеце і ў Еўропе. Я думаю, што гэта і ёсць суцэльнай гісторыяй поспеху, і не толькі Латвіі, але і іншых краінаў, якія ўвайшлі ў ЕЗ у 2004 г. і пазней.

А што наконт праблемаў? Што цяпер ёсць асноўнай праблемай?

Калі казаць пра еўрапейскія справы, то ў апошнія гады я назіраю штосьці кшталту дэзарыентацыі, якая тычыцца мэтаў і ролі Еўразвязу ў свеце. Рост папулізму, недастатковая акрэсленасць нашых патрэбаў, мэтаў, каштоўнасцяў – усё гэта стварае атмасферу дэзарыентацыі і няпэўнасці. Я лічу, што мы мусім пераадолець гэта ў бліжэйшай будучыні, бо Еўропа вельмі важная для ўсяго свету. Латвія і Польшча, а таксама Нямеччына і Францыя маглі б лепей супрацьстаяць выклікам сучаснага свету, калі б яны рабілі гэта разам, а не паасобку. Як бачым, цяпер Еўазвяз патрэбны значна больш, чым калісьці.

Давайце паразмаўляем пра Расею. Ці адчуваеце вы расейскую пагрозу ў Рызе?

Расея спрабуе ўплываць на суседзяў. З пункту гледжання як палітыкі, так і міжнароднага права гэта праблема. Мы настроеныя на добрыя стасункі з Расеяй. Мяркую, што ўсе еўрапейскія дзяржавы хацелі б мець з ёй добрыя стасункі, але гэта таксама залежыць ад паводзінаў Расеі, ад яе стаўлення да нас. Я спадзяюся, што расейская міжнародная палітыка будзе адпавядаць міжнароднаму праву, напрыклад, у справе Украіны, бо [украінскае пытанне] цяпер ёсць вельмі вялікаю бядою для Еўропы.

Як вы лічыце, ці ўзмацняе Расея ціск на Латвію?

Мне падаецца, што захоўваецца пэўны ўзровень іх уплыву, збольшага ў грамадскай думцы – з’яўляюцца фэйкавыя навіны, вядзецца тое, што цяпер называюць гібрыднаю вайною. Сапраўды, у гэтым сэнсе мы вельмі ўразлівыя, але мы ўсведамляем праблему. Мяркую, што іх поспехі невялікія, бо мы ў курсе сітуацыі, як і Польшча, што мела яшчэ больш такога досведу. Але гібрыдная вайна не так закранула тыя краіны ЕЗ, якія месцяцца далей ад Расеі. Таму нам трэба трымацца разам і быць моцнымі ў новых умовах, калі пры дапамозе тэхналогіяў можна паўплываць на краіну ЕЗ.

Што вы думаеце пра Беларусь, ці гэта добры сусед для Латвіі?

Я сказаў бы, што ў нас больш-менш добрыя адносіны. Мы за ўзмацненне беларускай дзяржаўнасці, яна вельмі важная і для Еўропы, і для Латвіі, і для Польшчы таксама. Мы зацікаўленыя ў моцнай беларускай дзяржаўнасці і падтрымліваем Беларусь у гэтым.

Hавiны
Літва ці Латвія: каго шантажуе Лукашэнка?
2018.09.23 11:00

Беларусы – другая паводле колькасці этнічная меншасць у Латвіі, у Рызе існуе беларуская школа. Якія [беларусы]? Актыўныя? Ці выкарыстоўваюць яны латышскую мову?

Большасць беларусаў у Латвіі размаўляе па-расейску, па-беларуску, у меншай ступені – па-латышску. Нашая палітыка ў стасунку да любой меншасці – мы імкнемся інтэграваць іх, таму агульная, дзяржаўная латышская мова ёсць абавязковай для ўсіх жыхароў Латвіі, не толькі для латышоў. Вядома, калі пэўная група насельніцтва хоча мець іншую культуру і мову, мы гэта падтрымліваем, таму ў нас ёсць і беларуская школа з беларускаю моваю. Але важна, каб мы маглі зразумець адно аднаго, таму агульная мова для ўсіх у Латвіі – латышская.

Дзяржавы Захаду і Беларусь у апошнія гады пачалі збліжэнне, і Латвія – адзін з лідараў гэтага працэсу. У 2017 г. латышскія ўлады запрасілі Лукашэнку наведаць Латвію, а ў ліпені яшчэ раз агучылі запрашэнне. Чаму вы хочаце бачыць Аляксандра Лукашэнку ў Латвіі?

Як я казаў раней, Беларусь – наш сусед, і мы хочам мець добрыя стасункі з усімі нашымі суседзямі: Беларуссю, Расеяй. У нас вельмі добрыя стасункі з Эстоніяй і Літвой, бо мы ўсе – чальцы ЕЗ. Але мы таксама імкнемся мець добрыя адносіны з Беларуссю і Расеяй. Кіраўнікі дзяржаваў наведваюць суседнія краіны, бо гэта частка палітыкі сяброўства і добрых стасункаў.

Гэта быў бы першы ягоны візіт да вас за вельмі доўгі час. Ці верыце вы, што Аляксандр Лукашэнка прыедзе? Калі гэтага можна чакаць?

Гэта мусіць вызначыць беларускі прэзідэнт. Запрашэнне ўсцяж актуальнае. Мне здаецца, нам ёсць шмат што абмеркаваць: гандлёвыя адносіны, культурніцкія сувязі. Акрамя таго, у Латвіі, як і ў іншых чальцоў ЕЗ, фундаментальныя каштоўнасці – гэта дэмакратыя і вяршэнства закону. Мы адкрыта кажам нашым сябрам з-па-за Еўразвязу, што гэта нашыя еўрапейскія каштоўнасці. Але мы можам захоўваць з суседзямі добрыя стасункі.

Якія пытанні ў гэтых двухбаковых стасунках вы лічыце найважнейшымі?

Гандаль, транспарт, энергетыка – у першую чаргу эканамічныя тэмы, але таксама пытанні культуры. Як вы ўжо адзначылі, у нас ёсць значная беларуская меншасць са сваёй уласнай культурай, таму гэта вельмі важна.

Спадару Прэзідэнт, вы гуляеце ў хакей?

На жаль, не.

Я пытаю, бо Беларусь і Латвія будуць гаспадарамі чэмпіянату свету, гэта значная падзея.

Сапраўды, будзе вельмі цікава паглядзець!

Такім чынам, мы не пабачым матчу «латвійскі прэзідэнт супраць беларускага калегі»?

Наўрад. Але, можа, некалі мой паслядоўнік будзе ў стане згуляць супраць яго.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 13.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў