Літва ці Латвія: каго шантажуе Лукашэнка?


Будзь лаяльны, і грашовыя рэкі пацякуць у тваю краіну. Менавіта такім станам справаў Аляксандр Лукашэнка неаднаразова абураўся ў дачыненнях з Расеяй. Маўляў, не трэба на нас ціснуць. Але ва ўласных дачыненнях з іншымі, меншымі краінамі кіраўнік Беларусі паводзіць сябе гэтак сама, як і ягоны расейскі візаві.

Пытанне Астравецкае АЭС усё больш аддаляе Літву і Беларусь адну ад адной. Вільня са сваім жорсткім непрыняццем двух атамных рэактараў за 30 кіламетраў ад сваёй сталіцы вымушае Аляксандра Лукашэнку пайсці на непапулярныя дыпламатычныя захады – шантаж.

«Выхаду да мора ў нас няма, і калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, то трэба рабіць стаўку на Латвію. Трэба, каб гэтая рэспубліка атрымлівала задавальненне ад супрацы з Беларуссю», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка звяртае ўвагу менавіта на мора, а не на іншыя аспекты супрацы, – менавіта таму, што імпарт і экспарт беларускіх тавараў праз той ці іншы порт можа значна ўплываць на дабрабыт адной з дзвюх балтыйскіх краінаў. Паводле розных падлікаў, транзіт беларускіх тавараў праз Латвію можа складаць нават да 2 % ад усяго ВУП гэтае краіны. З Літвой сітуацыя падобная. Доля беларускага транзіту тут таксама дасягае 2–3 % ВУП.

«Канкурэнцыя з латышскімі партамі была заўсёды. І мы працуем у гэтым кірунку. І я думаю, што літоўскія парты змогуць канкураваць з латвійскімі», – адзначыў міністр транспарту і камунікацыяў Літвы Рокас Масюліс.

Літва актыўна клапоціцца аб прывабнасці сваёй транспартавай інфраструктуры і гнутка аперуе стаўкамі на чыгуначны транспарт, у адрозненне ад той жа Латвіі. Дзякуючы гэтаму і большай прапускной магутнасці сваёй чыгункі менавіта Клайпедскі порт у Літве стаў для Менску асноўным вакном у Балтыку. Беларусь дасылае адсюль лес, нафтапрадукты, мінеральныя ўгнаенні. Праз гэты порт у Беларусь трапляюць кітайскія дэталі для Барысаўскага заводу «Джылі». Ці варта Менску ў такіх умовах разрываць дачыненні з Вільняй?

«Кітай зрабіў Літве прапанову. Пекін хоча будаваць у Клайпедзе хаб. А хаб азначае вялікі перавалачны пункт. Гаворка ідзе пра Літву і Беларусь. Я не думаю, што Беларусь, якая мае такія вялікія інвестыцыі з Кітаю, пайшла б на зрыў дачыненняў ды інвестыцыяў. Усё ж узаемна завязана», – гаворыць намеснік кіраўніка бюджэтнага камітэту Сейму Літвы Кястуціс Главяцкас.

Да таго ж Менск укладаў уласныя грошы, некалькі дзясяткаў мільёнаў, у разбудоўванне Клайпедскага порту. Выйсці сёння адтуль – страціць інвестыцыю. Да таго ж нават неістотны з-за свайго невялікага аб’ёму нафтавы экспарт праз Клайпеду не так і лёгка перамясціць у іншы порт. Украіна адпала з-за высокіх тарыфаў, Расея з-за ўдвая большае адлегласці і нежадання кліентаў «Белнафтахіму» працаваць праз гэтую краіну.

«Перанакіроўванне літоўскіх аб’ёмаў на Латвію прывядзе да падаражання. Ды і як паведамляюць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, «Белнафтахім» нават не разглядае такога варыянту. То бок гэта чысты блеф», – лічыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Атрымліваецца, што нават калі Беларусь і возьме жорсткі курс на зрыў супрацы з Літвой, перанакіроўванне транзітнай плыні забярэ ў Менску не адзін год, і будзе каштаваць не адзін дзясятак мільёнаў долараў. А ў дачыненнях з краінамі Еўразвязу Аляксандр Лукашэнка не раз даводзіў, што эканоміка ўсё ж перамагае палітыку. А таму і словы пра стаўку на Латвію ў Вільні наўрад ці ўспрымуць сурʼёзна.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Глядзіце яшчэ:

Hавiны
Лукашэнка надакучыў Пуціну. Чым Менску плаціць за расейскі рубель?
2018.09.22 11:00
Стужка навінаў