Інфекцыяніст пра «псіхоз»: апаратаў ШВЛ на ўсіх не хопіць!

Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Denis Grishkin / TASS / Forum

Паслявелікодны рост колькасці інфікаваных каронавірусам сцішыўся, але наперадзе – свята Перамогі: ізноў – масавыя зборы людзей. На ўмовах ананімнасці «Белсат» паразмаўляў з доктарам, які раіць прытрымлівацца захадаў бяспекі.

Як усё пачыналася?

Калі пачалася эпідэмія ў Кітаі, я працаваў лекарам на «хуткай дапамозе». Нам ужо тады правялі трэнінг, як апранацца пры гэткіх інфекцыях, куды і як вазіць хворых. У нашым горадзе інфекцыйнае аддзяленне было на рамонце, таму пацыентаў з рознымі інфекцыямі мы вазілі ў найбліжэйшы горад за 25 кіламетраў. Калі з’явіліся першыя выпадкі Ковід-19 у Беларусі, прышоў загад з Мінздароўя, куды і як вазіць, як прымаць.

Нам выдалі рэспіратары, маскі, пальчаткі. Таксама я купіў сабе акуляры, бо ў рэанімацыйнай брыгадзе даводзіцца інтубіяваць. А калі інтубіюеш, трэба глядзець праз лерынгаскоп у гартань. І наагул часцяком бывае, што пацыенты пырскаюць слінаю ў вочы. Мы былі гатовыя да эпідэміі, але не да гэткіх маштабаў. Першых пацыентаў мы вазілі ў згаданы горад, а потым і ў Бараўляны.

То бок вас з райцэнтру прыцягвалі да таго, каб працаваць у Менску?

Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

У асноўным гэта былі лінейныя брыгады. Яны цалкам апраналіся (акуляры, ахоўныя строі) і ехалі да кантактаў першага ўзроўню, у якіх бралі мазкі. Далей ужо вазілі ў Барысаў. Але Барысаў пачаў перапаўняцца, хоць каронавірус пацвярджаўся можа толькі ў 5-7 %. Потым у нашай мясцовай бульніцы аддзялілі адзін блок, пачалі рыхтаваць лекараў, атрымалі пратаколы.

Канешне, былі перабоі і з маскамі, і з камбенізонамі, але неяк давалі рады. Галоўны лекар падтрымлівала, намагалася развязаць кожную праблему. Потым у наш інфекцыйны блок правялі кісларод і сталі накіроўваць туды больш цяжкіх пацыентаў. Калі аддзяленне запоўнілася, больніца дала пад вірус яшчэ паўблока. Гэта было 22 красавіка, калі я пачаў там працаваць.

Колькі зараз у вас у больніцы месцаў, адведзеных пад COVID-19?

Дакладна і не ведаю, бо ў нас адкрылі яшчэ адно аддзяленне. Хворых дастаткова шмат. Але шмат хто і выпісваецца, у тым ліку і цяжкія.. Таксама і з рэанімацыі пераводзім тых, хто ўжо ў добрым стане. У пасёлку побач адкрылі аддзяленне для кантактаў першага ўзроўню. Туды накіроўваем тых, хто хварэе ў лёгкай форме.

Яны ляжаць разам з кантактамі першага ўзроўню?

У кантактаў першага ўзроўню бяруць мазкі і часта адпараўлюць на самаізаляцыю. Участковы лекар іх назірае, тэлефануе. Цяпер пацыентаў паступае менш, чым раней. Выбух быў пасяля Вялікадня, у больніцу паступіла шмат пацыентаў, якія не насілі маскі, не апрацоўвалі рукі і г.д. Каб кантакты першага ўзроўню не перасякаліся з ковіднымі і не разносілі інфекцыю – яны маюць асобнае аддзяленне.

Ці сапраўды тых, у каго тэмпература ніжэйшая за 39, не забіраюць здому?

Тэмпература да 38,5 сведчыць пра тое, што яшчэ арганізм сам змагаецца з інфекцыяй. Калі тэмпература вышэйшая за 38,5 і не атрымліваецца яе збіць, ці яна выклікае фібрыльныя сутаргі, тады пацыента шпіталізуем. Калі ж такога няма, прызначаем лекі і раім вельмі шмат піць.

Як выглядае Ваш працоўны дзень?

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Я працую па сем гадзінаў у першую ці другую змену. На ўваходзе ў больніцу мне мераюць тэмпературу і запісваюць у журнал, выдаюць новы рэспіратар. Называю свой нумар і паверх, на якім працую. Медперсанал з вялікай тэмператураю не дапускаюць да працы. Далей я пераапранаюся у строй індывідуальнай абароны. Гэта камбінезон, фартух альбо аднаразовы ці шматразовы халат, бахілы, дзве пары пальчатак. Акуляры ў мяне свае. Праз адмысловы шлюз уваходжу ў інфекцыйнае аддзяленне, то бок у чырвоную зону. Там мне адразу кажуць, хто ў цяжкім стане, хто быў пад назіраннем, у каго ёсць тэмпература. Тады ўжо пачынаю агляд пацыентаў: мераю тэмпературу і ціск, раблю аскультацыю лёгкіх і сэрца, збіраю скаргі і інфармацыю, ці была тэмпература напярэдадні. Тамсама прызначаю аналізы, КАТЭ альбо рэнтгенаграфію. Патрэбны агляд вузкага спецыяліста, то прызначаю і яны прыходзяць, таксама пераапранутымі. Агляд пацыентаў непавярхоўны, займае шмат часу. Пасля яго перадаю запісы на пост, і медсёстры выпісваюць лекі, аналізы, абследаванні. Затым я здаю свой пост свайму напарніку, а сам бяру душ і пераапранаюся ў чыстае. Ем у пакоі для адпачынку ці ў рэстарацыі, якая нас цалкам бясплатна корміць. Тады вяртаюся дадому.

Колькі ў вас «кавідных» пацыентаў і колькі са звычайнай пнеўманіяй?

З каронавірусам у нас толькі пяцёра, усе астатнія – са звычайнай пнеўманіяй, бранхітам, трахітам, анкалогіяй, болямі ў жываце. Яны трапляюць сюды, бо могуць быць кантактамі першага ўзроўню. Бярэм мазкі і чакаем вынікам. «Ковідныя» аддзеленыя ад астатніх, у асноўным яны хварэюць ў лёгкай форме. Адна смерць няпярэдадні была ў пацыента з пнеўманіяй, але ён меў рак прамой кішкі і дрэнныя аналізы. Першы і другі вынікі на каранавірус былі адмоўныя.

Лекары, якім абяцалі падвышкі, у мінулым месяцыатрымалі менш, чым было дагэтуль. А як у Вас?

Дагэтуль я працаваў 340-360 гадзінаў на месяц, гэта дзве стаўкі. У мяне атрымлівалася Br 1450 пасля выплаты падаткаў. У загадзе, які агучвалі па тэлебачанні, гаворыцца, што ў нашым аддзяленні на лекара – Br 1500 даплаты, на сярэдні медычны персанал – Br 1200. Але гэта ўсё залежыць ад шэрагу фактараў: колькі я працаваў з «ковіднымі» пацыентамі, наколькі яны былі цяжкія.

Напрыклад, у Барысаве памёр фельчар, які працаваў на «хуткай дапамозе» і праз паўтары тыдні ў санстанцыю прышоў ліст, каб мы скінуліся грашыма на дапамогу. Сыну гэтага чалавека сказаў, што аніякай дапамогі ад дзяржавы пакуль што не было.

Як Вы ацэньваеце афіцыйную статыстыку ад Міністэрства аховы здароўя?

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік на брыфінгу па выніках працы місіі САЗ у Беларусі. Кадр з афіцыйнай трансляцыі на канале «UN Belarus»

Да нас на вайбер кожны дзень прыходзяць спісы тых, у каго тэст на каранавірус адмоўны і ў каго – станоўчы. Мы іх фіксуем, бо грошы за іх атрымліваем… Я размаўляў са сваім калегам з Нямеччыны, дык нават у іхнай статыстыцы недакладнасці. Пра СНІД ён казаў, што статыстыку трэба памнажаць на 10! Бо шмат людзей, якія не прыходзяць здаваць аналізы. Гэтак і тут: не кожнаму зробяць тэст! Што да смерцяў, то на прыкладзе нашай больніцы іх няшмат. Збольшага паміраюць а той самай пнеўманіі, як летась. Нашыя лекары кажуць, што ў 2009 годзе было страшней – больш смерцяў.

Дык можа праблема ў тэстах?

Можа і ў тэстах. Я не магу скажаць, ці давяраць ім на 100 %.

Што думаеце наконт рыхтавання да параду на 9 траўня?

У свеце – пандэмія. Кожны павінен разумець, што яго таксама гэта можа закрануць. Грошы, якія выдаткоўваюцца на парад, можна было б адправіць медыкам на абсталяванне.

Калі чакаецца завяршэння эпідэміі?

У нашым вайбер-чаце нехта скінуў інфармацыю з Сінгапуру пра тое, што ў Беларусі ўсё скончыцца напачатку верасня. Вытрымаем. Галоўнае – зараз крыху суцішылася сітуацыя.

Што б Вы сказалі тым, хто называе каронавірус псіхозам і не носіць маскі?

Антысептыкі для рук і паверхняў цяпер неад’емны элемант жыцця гандбалістаў. Фота Міланы Харытонавай

На ўсіх апаратаў ШВЛ не хопіць. Калі сабраліся паміраць – не насіце маскі. А калі маеце крыху розуму, паглядзіце, як мы працуем. Трэба мыць рукі, апрацоўваць сваю вопратку, насіць маскі ці рэспіратары, бо аднаго дня месца для вас у больніцы можа не хапіць.

ВР Belsat.eu

Hавiны