У Беларусі могуць расстраляць трох грамадзянаў, якіх Следчы камітэт, верны Лукашэнку, абвінавачвае ў «здрадзе Радзіме». Менавіта такая фармулёўка савецкага часу гучыць ад людзей у мундзірах разам з абвінавачаннем у тэрарызме. Гаворка пра трох жыхароў Светлагорску і партызанскую дзейнасць на беларускай чыгунцы, каб спыніць расейскія войскі ад наступу на Кіеў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Трох жыхароў Светлагорску Гомельскай вобласці абвінавачваюць у здрадзе Радзімы. Як паведамляе Следчы камітэт, скончанае расследаванне крымінальнай справы аб падпале рэлейнай шафы на чыгуначным перагоне «Жэрдзь-Астанкавічы». Як даведаліся праваабаронцы, фігуранты справы – Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч. Іх прызналі палітычнымі вязнямі. Следчыя робяць націск на асобе Дзяніса Дзікуна.
«Паводле матэрыялаў следства 29-гадовы жыхар Светлагорску ў лютым бягучага года ініцыятыўна ўступіў у экстрэмісцкія фармаванні “BYPOL”/мабілізацыйны план “Перамога”, ад кіраўнікоў якіх атрымаў заданне вывесці з ладу чыгуначную інфраструктуру на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Адміністратары злачыннай супольнасці выслалі мужчыну падрабязныя інструкцыі аб вырабе прыладаў і аб спосабах здзяйснення злачынстваў, рэкамендацыі ў захадах канспірацыі», – паведамляе Следчы камітэт РБ.
Як заяўляюць камітэтчыкі, тры беларусы – гэта тэрарысты, бо ў ноч на 1 сакавіка спалілі рэлейную шафу. Сілавікі Лукашэнкі называюць «BYPOL» – аб’яднанне былых міліцыянтаў, следчых і пракурораў Беларусі – замежнай арганізацыяй, з чаго робяць выснову аб факце здрады дзяржаве.
«Гаворка аб гэтых 2 артыкулах і яны разам, бо разам яны дазваляюць Следчаму камітэту казаць аб тым, што ў якасці пакаранне будзе ўжытае смяротнае пакаранне», – тлумачыць Святлана Бабінцава, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.
«Пад гэтыя артыкул больш падпадаюць дзеянні самога Лукашэнкі, ГУБАЗіКу, падпарадкаваных ім вайсковых структур, якія дапамагаюць ва ўзброеным канфлікце войскам РФ», – мяркуе юрыст Народнага Антыкрызіснага Ўпраўлення.
У «BYPOL» ведаюць пра крымінальную справу светлагорскіх партызанаў, і з медыяў, і з крыніцаў у сілавых структурах Беларусі. Але нагадваюць, што план «Перамога» мае на мэце абарону канстытуцыйнага ладу і незалежнасці Беларусі, якія трапілі пад пагрозу, калі Лукашэнка дазволіў расейцам атакаваць Украіну праз нашую тэрыторыю і паветраную прастору – насуперак волі беларускага народу.
«BYPOL арганізаваў і правёў акцыі ўздзеяння аб знішчэнні некаторых элементаў інфраструктуры чыгункі з мэтай, каб не дапусціць пастаўку ўзбраенняў, харчоў і асабістага складу да мяжы з Украінай», – распавёў «Белсату» прадстаўнік «BYPOL» Алег Талерчык.
Ад пачатку адкрытай фазы вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі прайшла хваля дыверсіяў на чыгунцы. Хакерскімі атакамі і фізічнымі дзеяннямі былі затрыманыя расейскія эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі. Расейскія вайскоўцы і сілавікі Лукашэнкі вымушаныя былі ахоўваць чыгуначныя вузлы, а цягнікі рухаліся з мінімальнай хуткасцю. У тым ліку там, дзе дзейнічалі тры светлагорцы.
«Яно толькі запавольвала чыгуначны рух, і самі па сабе акцыі не неслі пагрозы жыцця і здароўю ні машыністам, ні насельніцтву Беларусі», – падкрэслівае Алег Талерчык.
Ва ўсіх выпадках сілавікі Лукашэнкі затрымлівалі партызанаў паказальна брутальна: у Асіповіцкім раёне аднаму з іх прастрэлілі калені. Усё гэта разам з відэа пасля допытаў транслявалася на дзяржаўных тэлеканалах. Цяпер смяротным пакараннем будуць запужваць насельніцтва, але не толькі.
«Гэта сігнал і калектыўнаму Захаду: пакуль вы не выканаеце нашыя патрабаванні, мы будзем працягваць забіваць», – мяркуе Святлана Бабінцава.
Праваабаронца Павел Сапелка нагадвае, што трох светлагорцаў не могуць расстраляць за «партызанскія» замахі на чыгунку ў сакавіку, бо адпаведныя папраўкі ў заканадаўстве набылі моц толькі ў канцы траўня. Але гэта калі будзе дзейнічаць закон.
Як кажа Алег Талерчык, з 2020 года ў Беларусі ўладу цалкам захапіла і ўтрымлівае злачынная групоўка – з ужываннем гвалту, з забойствамі і калецтвамі людзей. А гэта злачынства, якое цягнецца ў часе. Артыкул 357 Крымінальнага кодэксу, тлумачыць былы пракурор:
«Кожны беларус знаходзіцца з 2020 года як мінімум у стане неабходнай абароны адносна гэтых злачынных пасягальніцтваў. А ў стане неабходнай абароны чалавек мае права абараняць не толькі сваё жыццё і здароўе, але і абараняць канстытуцыйныя інстытуты, абараняць інтарэсы грамадства і дзяржавы».
Цяпер у Віцебскай вобласці Следчы камітэт масава выклікае людзей на допыты ў справах аб дыверсіях на чыгунцы. Грамадзянам, якія трапілі ў міліцэйскую базу ў 2020-м годзе, сілавікі Лукашэнкі задаюць аднолькавыя пытанні. Праваабаронцы нагадваюць аб праве ісці на допыт з адвакатам ды не сведчыць супраць сябе. Прынамсі, так мусіць працаваць закон.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»