Санкцыі супраць рэжыму: які маюць эфект і ці можа Лукашэнка іх спыніць?


Наймацнейшы эканамічны ўдар па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі за ўсю гісторыю дыктатуры. Еўразвяз прыняў шырокія сектаральныя санкцыі супраць цэлых галінаў беларускай гаспадаркі, а не асобных прадпрыемстваў і чыноўнікаў. Які эфект ужо маюць гэтыя абмежаванні, і як іх можна зняць?

Рада кіраўнікоў Еўразвязу сёння сабралася на саміт у Бруселі абмеркаваць пытанне каронавіруса, ваенныя і гібрыдныя пагрозы Расеі, а таксама, каб ухваліць санкцыі, пра якія «Белсат» распавёў напярэдадні. Еўрапейскаму бізнесу і дзяржаўным структурам забаронена наўпрост ці праз пасярэднікаў гандляваць з Беларуссю тэхналогіямі кантролю інтэрнэту, таварамі падвойнага прызначэння, вайсковымі і паліцэйскімі таварамі, абсталяваннем для вытворчасці цыгарэтаў. Забаронены гандаль і транзіт нафтапрадуктаў – акрамя сырой нафты – і калійных угнаенняў. Беларусі абмежаваны доступ да фінансавага і банкаўскага рынку Еўразвязу, страхаванне беларускіх дзяржаўных органаў забароненае. Еўрапейскіх інвестыцыяў таксама больш не будзе.

Абноўлена
Еўразвяз прыняў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны ўступяць у сілу 25 чэрвеня
2021.06.24 16:37

«Мы вітаем пакет санкцыяў для Беларусі. Гэта своечасова, адэкватна і дапаможа нам мець уплыў на паводзіны беларускага рэжыму. Бо іначай будзе вельмі цяжка спыніць гэты рэжым, які робіцца цынічным і брутальным не толькі датычна сваіх людзей, але і датычна грамадзянаў Еўразвязу. Я маю на ўвазе паветранае пірацтва адносна рэйсу Афіны – Вільня», – заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Апошнія некалькі месяцаў Уладзімір Макей, які ў апараце Лукашэнкі адказвае за замежныя справы, танчыў з бубнам, каб санкцыяў не ўводзілі, распавёў «Белсату» Франак Вячорка. Макей выклікаў амбасадараў краінаў Еўразвязу на прыём у МЗС, распавядаў, што санкцыі не маюць ніякага значэння, але нашкодзяць беларускаму народу.

«Міністрам замежных справаў краінаў Еўразвязу тэлефанавалі з беларускага МЗС, угаворвалі не ўводзіць санкцыяў, абяцалі вызваліць палітвязняў, у прыватнасці Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу. Прайшло некалькі дзён – нічога не адбылося. Па сутнасці гэта блеф», – кажа Вячорка.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрабаваў, як і раней, гандляваць палітвязнямі, тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай. Але гэтым разам не атрымалася. Санкцыі ўступаюць у сілу заўтра.

«Эканамічныя санкцыі – гэта найбольш магутны рычаг, што мы маем як дэмакратычныя дзяржавы. Латвія моцна падтрымлівае эканамічныя санкцыі супраць Расеі, супраць Беларусі. Часам людзі кажуць, што эканамічныя абмежаванні не маюць эфекту – не, санкцыям патрэбныя час і сістэматычнасць, тады яны працуюць», – тлумачыць Артурс Крыш‘Яныс Карыньш, прэм’ер-міністр Латвіі.

Hавiны
Алігарх Гуцырыеў, які трапіў у санкцыйны спіс Еўразвязу, пакідае Раду дырэктараў «Русснефти»
2021.06.24 19:30

Эфект ужо ёсць: расейскі алігарх, сябар Лукашэнкі Міхаіл Гуцэрыеў пакінуў раду дырэктараў кампаніі «Русснефть». Іншая расейская кампанія «Транснефть» не будзе пастаўляць сыравіну на наваполацкі «Нафтан» з ліпеня. А салігорскі «Беларуськалій» не зможа прадаваць угнаенні праз парты краінаў Балтыі.

«Лукашэнка ў сіле спыніць гэтыя санкцыі, пры ўмове, што ўсе палітвязні будуць вызваленыя, рэабілітаваныя, а адказныя ва ўсіх злачынствах і рэпрэсіях будуць прыцягнутыя да адказнасці, да суду. Але мы таксама не спыняемся настойваць на тым, каб быў пачаты дыялог аб правядзенні новых свабодных выбараў», – кажа Франак Вячорка.

Hавiны
Лукашэнка дапускае ўвядзенне ваеннага становішча ў адказ на санкцыі ЕЗ
2021.06.24 15:04

Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў у сваім стылі: прыгразіў увесці ў Беларусі ваеннае становішча:

«Мы гэтым мярзотнікам па той бок мяжы мусім паказаць, што іх санкцыі – гэта іхнае бяссілле».

«Ягоныя абяцанні стварыць міграцыйны крызіс, адкрыць межы для наркатрафіку, хутчэй за ўсё, будуць выкананыя. Прынамсі, першы час», – прагназуе Андрэй Елісееў, аналітык EAST CENTER / ISANS.

Але персаналісцкія рэжымы такія комплексныя санкцыі пераносяць вельмі цяжка, тлумачыць аналітык. Або не пераносяць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».