Сям’і Тарайкоўскага не далі матэрыялы правярання абставінаў ягонай смерці


Следчы камітэт не будзе распачынаць крымінальнай справы па факце забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Пра такое рашэнне следчага органу бацька Аляксандра – Валер Тарайкоўскі – даведаўся з афіцыйнага паведамлення пра спыненне справы.

Па тлумачэнні і з просьбай азнаёміцца з матэрыяламі справы спадар Валер звярнуўся да следчага.

«Следчы не выйшаў, сказаў: «З якой мэтай вы прыехалі?» Кажу: «Прыехаў паразмаўляць і заяву напісаць». «Заяву ўнізе напішыце, там кіньце», – на гэтым усё, ён нават не выйшаў. Гэта такое стаўленне тых, хто павінен бараніць, на каго мы павінны спадзявацца», – узгадвае сустрэчу са следчым бацька Аляксандра Валер Тарайкоўскі.

Удава Аляксандра – Алена Герман – наагул пачула пра рашэнне камітэту ад журналістаў. Праўда, увечары знайшла ў паштовай скрыні ліст з паведамленнем пра адмову распачынаць крымінальную справу праз адсутнасць складу злачынства і грамадска небяспечнага дзеяння.

«Напярэдадні прыязджаў следчы, літаральна за дзень ці два да гэтых падзеяў, вярнуў нейкія рэчы: тэлефон, ключы, якія ў Сашы былі з сабою. Я ў яго пытала нейкія ўдакладненні, на што ён мне адказаў: «Я вам нічога не магу сказаць», – зазначае Алена Герман, удава Аляксандра Тарайкоўскага.

Дасюль сям’і не вярнулі адзежы, у якой быў забіты Аляксандр. Хаця фактычна правяранне абставінаў ягонай смерці завершанае. Падрабязнасці 19 лютага апублікавалі ў тэлеграм-канале Следчага камітэту.

«Сваймі дзеяннямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў: яны не ведалі сапраўдных матываў і мэтаў ягоных дзеянняў», – што, паводле кіраўніка Следчага камітэту Івана Наскевіча, дало права выкарыстаць несмяротную зброю, аднак праз збег трагічных абставінаў адно з раненняў аказалася смяротным.

На думку кіраўніка праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Волчака, гэта можна расцэньваць выключна як пакрыванне незаконных дзеянняў сілавікоў, якім практычна дазволілі ўжываць зброю.

«Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, як толькі адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, цягам 24 гадзінаў следчы мусіць паведаміць і накіраваць пастанову пра адмаўленне ў распачынанні крымінальнай справы, а таксама прадэманстраваць матэрыялы, каб чалавек мог гэта абскардзіць», – заявіў праваабаронца і прадстаўнік сям’і Тарайкоўскага Алег Волчак.

Родныя Аляксандра намераныя зрабіць усе законныя захады для абскарджання, каб дабіцца справядлівасці.

«Звяртаюся да генеральнага пракурора, каб адмяніў закрыццё справы, каб менавіта аднавілі справу. Бо гэта забойства, натуральнае забойства», – просіць Валер Тарайкоўскі.

Алег Волчак падкрэслівае: пры любым выніку варта фіксаваць бяздзеянне следчых органаў для будучых працэсаў. Пакуль жа сям’і Аляксандра Тарайкоўскага і ягоным афіцыйным прадстаўнікам застаецца чакаць адказу на пазоў і магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі правярання.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»