Ці працягнецца рэйд на крамы з-за падвышэння коштаў?


Пагром. Затрыманае амаль усё кіраўніцтва. «Наша Ніва» паведамляе, што днямі ў сетку крамаў «Суседзі» прыйшоў Камітэт дзяржкантролю. Выданне называе прычынаю – кошты, але пазначае, што гэта – не прыярытэт…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ж арыштоўваецца цалкам уся верхавіна кампаніі, то, хутчэй за ўсё, размова ідзе пра нейкія сістэмныя парушэнні. І ў выпадку з гандлёвай сеткай, я б сабе нафантазіраваў, што, магчыма, размова ідзе пра сыход ад падаткаў. Ёсць тлусты кавалак. «Суседзі» – вядомая сетка, устойлівая сетка ў Беларусі, добра развіваецца, і нядрэнна б яе падаіць», – дапускае бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Сетка «Суседзі» існуе з 2001 года. Маштаб – 5 з паловаю тысячаў працаўнікоў. Агулам 200 крамаў па краіне. Кіраўнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яўген Буры дапускае, што бізнес могуць адабраць, а новыя ўладальнікі будуць з Расеі:

«Такі сцэнар вельмі верагодны, асабліва, калі ёсць інфармацыя пра нелаяльнасць да рэжыму, калі хтосьці быў на маршах, падтрымліваў пратэст. У выпадку «Суседзяў» – гэта не толькі буйная сетка крамаў, але і сетка рэстаранаў ды кафэ. Адзін з рэстаранаў «Васількі» – насупраць КДБ, і карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод яго супрацоўнікаў. Такі бізнес наўпрост будуць «аджымаць». Дамовіцца з рэжымам ужо не атрымаецца».

«Суседзі» і раней трывалі праверкі. А на пачатку года за парушэнні ў цэнаўтварэнні ў Эканамічны суд Менску накіравалі адміністратыўныя матэрыялы супраць гандлёвай сеткі. Нядаўна ў ток-шоу на СТВ да Вадзіма Іванесава, генеральнага дырэктара «Суседзяў», звярталіся з прэтэнзіямі наконт завышэння цэнаў. Цяпер ён сярод затрыманых.

6 кастрычніка Лукашэнка заявіў: «Чакаю ад ураду Нацбанку дзейных прапановаў для стрымання цэнавага росту».

Калі ласка, Дырэктыва № 10 гатовая – кошты нельга падвышаць. Але пазней – меркаванне раптам мяняецца:

«Што датычыць замарожвання цэнаў, размова ішла да 20 кастрычніка або пакуль не набудзе моц пастанова ўраду».

Пастанова гатовая. І яна дазваляе падымаць цэны, толькі трэба атрымаць дазвол на некаторыя тавары. Аднак дырэктывы не адмянялі. Юрыст Ілля Латышаў запэўнівае, што пастанова ўсё ж вышэйшая за яе:

«На ўсё, што не падпадае пад рэгуляванне Пастановы Савету Міністраў 713, можна ўсталёўваць свабодныя цэны, і яны могуць быць вышэйшыя, чым былі на 5 кастрычніка».

Кантроль жа працягваецца. Гэтак, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава спраўджвала ўчора кошты ў крамах.

Таксама Камітэт дзяржкантролю паведамляў, што амаль 1000 чалавек патэлефанавала на гарачую лінію, каб паведаміць пра падвышэнне коштаў. Але бізнесовец Аляксандр Кныровіч лічыць, што ў Лукашэнкі здарылася істэрыка, і падзеі вакол сеткі «Суседзі» – гэта ўжо іншая справа:

«Мне падаецца, што гэта падзеі, якія папросту сышліся ў часе выпадковым чынам. Я вельмі спадзяюся, што з 20-га гэтыя арышты за падвышэнне коштаў усё ж такі спыняцца. Вельмі спадзяюся, што тыя людзі, якія ўжо былі арыштаваныя, дастаткова хутка будуць вызваленыя».

Вядома пра 34 крымінальныя справы і 20 затрыманых – за падвышаныя ў крамах кошты.

Яна Шэк, «Белсат»