Рэальная статыстыка ковід: «У моргу целы ляжаць у мяхах на сталах і падлозе»


Менскіх таксістаў і кур’ераў забавязалі з першага лістапада зрабіць прышчэпкі ад каронавірусу. А Бабруйск – стаў першым горадам, дзе ў рэстарацыі і забаўляльныя месцы пусцяць тых, хто прышчапіўся ці зрабіў тэст на антыцелы. Паводле Міністэрства аховы здароўя за апошнія содні ў Беларусі захварэлі 2097. Хто паклапоціцца пра беларусаў? – адное з пытанняў брыфінгу офісу Ціханоўскай, арганізаванага для тых, хто ў афіцыйныя лічбы не верыць.

Не заніжаную, а рэальную статыстыку смерцяў гамяльчанка Аксана (імя змененае) пабачыла, калі забірала цела маці з моргу. «Белсату» распавяла:

«На адным стале некалькі мяхоў. На іншым стале – некалькі мяхоў. На падлозе ляжаць мяхі і бачна па абрысах, што ў мяхах людзі (дзе рукі, дзе ногі, дзе галава) Працэдура апазнавання такая, што ў цябе пытаюць – вы па гэтага чалавека? Мех адкрылі, спыталі ён ці яна. Забірайце».

Аляксандр Лукашэнка, які абвесціў тыдзень прафілактыкі каронавірусу, моргаў не наведвае. Ходзіць па больніцах, апытвае хворых. Міністэрства аховы здароўя рапартавала пра новы рэкорд захворвальнасці – 2097 інфікаваных і 17 – памерлых.

Пра замоўчванне абшару пандэміі, стан беларускай медыцыны і спосабах зберагчы здароўе людзям кажуць медыкі і палітыкі з замежжа. Арганізаваны офісам Святланы Ціханоўскай онлайн-брыфінг распачаўся а 19-ай.

Андрэй Ткачоў, каардынатар Фонду медычнай салідарнасці:

«Нават па тых урыўкавых звестках, якія да нас далятаюць з асобных больніц, мы бачым, што статыстыка Мінздароўя цалкам сфальсіфікаваная».

У Латвіі поўны локдаўн. Расея – рыхтуецца да эпідэмічных вакацыяў, у іншых сAY4.2 вірусу Дэльта, які сёння выявілі і ў Расеі. AY4.2 найчасцей дыягназуюць у дзяцей і маладых асобаў. Сімптомы хваробы праз гэты штам – галаўны боль, боль у горле, насмарк, тэмпература. Магчымая высыпка, нястраўнасць, сухасць у роце, млоснасць і ваніты, страта апетыту, кашаль.

Медыі пішуць, што гэты мутант яшчэ лягчэй перадаецца.

Настасся Пігаль, патолагаанатам, ЗША:

«Інфармацыя пра больш высокую заразнасць варыянту AY4.2 ідзе з эпідэміялагічных звестак. Кажуць, што недзе ў тры разы адрозніваецца сярэдняя заразнасць гэтага вірусу».

Настасся таксама ведае, што вакцыны не так надзейна абараняюць ад інфекцыі новага віду. Аднак прышчэпку рабіць заахвочвае. Яна была ў ліку сямі беларускіх лекараў у замежжы, якія звярнуліся да беларусаў з адкрытым лістом. Заклікалі насіць маскі ў памяшканнях, дзе ёсць людзі, адмовіцца ад гасцей і па магчымасці ад шопінгу, навучацца праз інтэрнэт.

«Толькі разам мы можам паклапаціцца адно аб адным і зрабіць усё, каб мы не сталі прычынаю хваробы суседа ці яго маці ў сталым веку», – прывяла прыклад Настасся Пігаль.

Суразмоўца «Свабода Прэміум» навукоўца Вікторыя Дароніна патлумачыла, што прышчапіцца беларусы маюць любою даступнай вакцынай, заступілася за расейскую «Sputnik-V» і параіла менавіта яе старэйшым асобам.

«Брытанскі часопіс «Nature», які лічыцца адным з найбольш аўтарытэтных у свеце натуральных навук і біялогіі ў прыватнасці. Яны скрыжучы зубамі прызналі што «Спутнік» вельмі добрая, эфектыўная вакцына. І што ў яе няма складаных наступстваў, якія сустракаюцца часам пасля вакцынацыі AstraZeneca», – сказала мікрабіёлаг.

У чацвер Сусветная арганізацыя здароўя ўзнавіла працэдуру ўхвалення расейскай вакцыны. Праца еўрапейскіх агентаў можа заняць каля 2-х месяцаў, мяркуюць у Маскве.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі:

«Мы разлічваем, што яна будзе завершаная і нашая вакцына атрымае тую рэгістрацыю, якую яна на наш погляд, мае атрымаць даўно».

Расея заявіла, што Sputnik-V прыкладна на 83 % эфектыўны супраць найбольш распаўсюджанага цяпер варыянту Delta. Вакцыну выкарыстоўваюць больш чым у 70 краінах. Прасоўваюцца наперад і распрацоўкі лекаў супраць Ковіду.

Марка Кавалеры, Еўрапейскае медычнае агенцтва:

«Нядаўна кампанія Merck раскрыла некаторыя лепшыя вынікі клінічных выпрабаванняў сродку «Молнупіравір». Еўрапейскае медычнае агенцтва пачне разгляд гэтага прадукту на наступным тыдні».

Гэтая супрацьвірусная пігулка можа ўдвая знізіць шанцы на смерць або шпіталізацыю асобаў з рызыкаю цяжкой формы хваробы. Беларусь пакуль не далучалася да спісу краінаў, якія хочуць набываць лек.

Юлія Цяльпук, «Белсат»