Пералом костак чэрапу ад удару каменем у галаву. Польскі паліцыянт сур’ёзна паранены падчас атакі мігрантаў на беларуска-польскай мяжы на пераходзе Брузгі-Кузніца, агулам пацярпелі прынамсі сямёра польскіх службоўцаў.
«Агулам у тым месцы застаецца каля дзвюх тысяч замежнікаў, але найбольш агрэсіўная – група са ста асобаў. У бок Польшчы кідаюць камяні, прадметы, падобныя на шумавыя гранаты, якія, на шчасце, найчасцей не далятаюць да польскага боку», – распавяла прэс-сакратарка памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.
Спробу прарваць ахову польскай мяжы мігранты з беларускага боку пачалі ўдзень каля дванаццатай гадзіны. На відэа, што апублікавала Міністэрства абароны Польшчы, відаць, што за спінамі мігрантаў стаяць сілавікі, якія не даюць ім адысці ад мяжы. А паводле польскай памежнай службы, беларускі бок забяспечыў мігрантаў спецсродкамі.
«Гэта могуць быць шумавыя гранаты. Не думаю, што з імі замежнікі прыехалі ў Беларусь, імаверна, атрымалі іх ад беларускіх службаў. Беларускія службы прыглядаюцца да здарэння, але не рэагуюць», – кажа Анна Міхальска.
Беларускія сілавікі і непасрэдна спрыяюць штурму, сцвярджае польскі бок. Паводле тамтэйшага Міністэрства абароны, на гэтых здымках агароджу, усталяваную польскімі памежнікамі, разбурае беларускі вайсковец.
Сутыкненне на мяжы беларускае МЗС называе польскай правакацыяй. Дзяржаўны памежны камітэт заявіў пра расследаванне інцыдэнту: не ў дачыненні мігрантаў, што разабралі на камяні плітку на памежным пераходзе, а супраць польскае паліцыі.
Спыніць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ўдалося пасля таго, як польскія службоўцы выкарысталі слезацечны газ і вадамёт.
«Ноччу нам сказалі, што мы пойдзем у Польшчу. Разбурылі плот, беларусы за нас бурылі, і мы пабеглі, шмат бегалі, а потым схаваліся ў лесе»; «Уначы мы спім у лесе, у холадзе, у голадзе. Мы чакаем, каб Еўропа адкрыла нам шлях, але яны нікому не дазваляюць нам дапамагчы. Польшча не дазваляе нікому дапамагаць нам», – кажуць удзельнікі спробы пераходу мяжы.
Пасля няўдалае спробы частка мігрантаў усталявала намёты ля мяжы, частка ж вярнулася ў стыхійны лагер на адлегласці каля кіламетра ад пераходу, дзе яны застаюцца ўжо больш за тыдзень.
Паводле амбасады Іраку ў Расеі, каля двухсот грамадзянаў Іраку, зразумеўшы, што Польшча не пусціць іх на сваю тэрыторыю, хочуць вярнуцца на радзіму. Вяртання яны чакаюць у Менску, эвакуацыйны рэйс мае адбыцца 18-га лістапада.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»