«Мы паказалі, што ўмеем не толькі ваяваць!» Украіна перамагла на «Еўрабачанні»


Група «Kalush Orchestra» з Украіны стала пераможцай конкурсу «Еўрабачанне 2022» года з песняй «Стэфанія» – так клічуць маму саліста гурта, ёй і прысвечаная кампазіцыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У галасаванні нацыянальных журы з 40 краінаў першую пазіцыю займала Вялікая Брытанія. Фінальныя вынікі змяніла грамадскае галасаванне. Украіна атрымала найбольшую колькасць балаў ад гледачоў – 439, што дазволіла ўкраінскім выканаўцам перамагчы. Другое і трэцяе месцы занялі Вялікая Брытанія ды Іспанія.

«Зараз тое, што адбываецца ва Украіне – куды важней за любы пасыл іншых краін-удзельніц «Еўрабачання». І нягледзячы на тое, што нашы галовы належаць Нідэрландам, нашы сэрцы зараз з Украінай», – кажа адзін з гледачоў.

«Яны атрымалі больш за 400 балаў ад гледачоў, гэта нешта значыць, дакладна?» – гаворыць глядачка.

«Фінальнае рашэнне было прынята шырокай публікай, гэта было дэмакратычнае і палітычнае галасаванне», – падводзіць вынік мужчына.

Пасля свайго выступу саліст «Kalush Orchestra» заклікаў свет звярнуць увагу на тое, што цяпер адбываецца ў Марыупалі на тэрыторыі заводу «Азоўсталь»: «Я прашу ўсіх вас: дапамажыце Украіне, Марыупалю, дапамажыце «Азоўсталі» цяпер!»

Заклік не застаўся незаўважаным: у інтэрнэце паболела запытаў пра «Азоўсталь». Смелы крок, нягледзячы на забарону палітычных заяваў паводле правілаў конкурсу, не скончыўся дыскваліфікацыяй «Калуш Оркестра». Арганізатары палічылі заклік просьбай аб гуманітарнай дапамозе – і гурт змог атрымаць перамогу.

Украінскі каментатар пасля абвяшчэння вынікаў не змог стрымаць слёзаў.

«Збройныя сілы Украіны, гэта перамога – для вас. Для кожнага, хто абараняе нашую краіну!» – сказаў каментатар «Еўрабачання» Цімур Мірашнічэнка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі павіншаваў гурт «Калуш Оркестра» з перамогаю ды паабяцаў, што зробіць усё магчымае, каб наступнае спаборніцтва адбылося ва ўкраінскім Марыупалі.

За хадою «Еўрабачання» назіралі і ўкраінскія вайскоўцы.

«Мы паказалі, што ўмеем не толькі ваяваць, але і цудоўна спяваць. Так што наступнае «Еўрабачанне» мы будзем праводзіць у вызваленым Марыупалі», – сказаў украінскі вайсковец.

Сёння ў інтэрнэце з’явілася відэа новага абстрэлу «Азоўсталі». А пазней і фотаздымкі бомбаў з надпісамі: «Калуш, як вы і прасілі», «На «Азоўсталь», «Гэлп Марыупаль».

У сваю чаргу італьянская паліцыя заявіла: у час галасавання адбілі некалькі кібератакаў на сеткавую інфраструктуру конкурсу, здзейсненых прарасейскімі групамі. І ўсё ж перамога – за Украінай. Шмат хто спадзяецца, што першынство на «Еўрабачанні» – толькі пачатак у шэрагу будучых перамог.

Аляксандра Шапаліна, Юлія Лабанава, «Белсат»