Беларусам спрасцілі легалізацыю ў Польшчы


Цяпер беларусы, што ўцяклі ад вайны ва Украіне, як і ўкраінцы могуць разлічваць на легальнае перабыванне ў Польшчы. Міністэрства ўнутраных справаў гэтае краіны ўхваліла прапановы офісу Святланы Ціханоўскай, Цэнтру беларускай салідарнасці і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў закон. Гэтак беларусы могуць разлічваць на атрыманне гуманітарных візаў і відаў на жыхарства на тэрыторыі Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Музыка, а з кастрычніка 2020 году палітуцякач, Мікалай амаль тры тыдні ў Варшаве. Сюды ён перабраўся з Кіева. Дзве тэчкі з паперамі ён амаль не выпускае з рук. Тое, што робіць з Мікалая чалавека – розныя даведкі, заявы і копія пашпарту. Сам пашпарт Мікалай выпадкова згубіў у Кіеве.

«Тады я зразумеў, што дарога ў Беларусь мне дакладна закрыта, я страчваю пашпарт і падаюся на палітычны прытулак ва Украіне, прашу абарону», – распавядае палітуцякач.

Цяпер ліст ад Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў з фотаздымкам – галоўнае пасведчанне асобы Мікалая. Аднак адсутнасць пашпарта выклікае шмат праблемаў.

«Немагчыма ні кватэру зняць, нармальна ні забраць пасылку. Вельмі шмат такіх побытавых праблемаў. Без дакументаў, не адчуваеш сябе паўнавартасным чалавекам», – скардзіцца Мікалай.

Адсутнасць ці нядзейсны пашпарт, візы, якія хутка скончацца і немагчымасць вярнуцца ў Беларусь. З такімі ж праблемамі сутыкнуліся сотні, а можа і тысячы беларусаў, якія праз палітычны пераслед пакінулі радзіму.

Сёння прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўхваліў змены ў закон, якія спросцяць беларусам працэдуры легалізацыі. Паводле зменаў, нашыя суайчыннікі змогуць атрымаць гуманітарныя візы і нават гуманітарныя віды на жыхарства адразу ў Польшчы.

«Зараз у цяперашніх праўках указваюцца замежнікі, якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну. Адлюстраванне, што гэта беларусы, будзе ў асобнай пастанове. У гэтай пастанове будуць усе катэгорыі беларусаў, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь, не толькі тыя: хто прыехаў з Украіны».

Змены ў закон унесеныя па ініцыятыве Цэнтру беларускай салідарнасці, Офісу Святланы Ціханоўскай і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«Гуманітарны від на жыхарства будзе выдавацца на тэрыторыі Польшчы на падставе гуманітарных віз, якія былі выдадзеныя раней. Калі беларус звяртаецца за такім відам на жыхарства, у яго абавязкова павінна быць гуманітарная віза», – падкрэсліла Крысціна Рыхтэр.

Змены таксама прадугледжваюць выдачу праязнога дакументу – аналага беларускаму пашпарту. Ён дазволіць беларусам падарожнічаць не толькі па Польшчы, але і ў краінах Еўразвязу і нават па-за яго межамі. Новая працэдура выдачы гуманітарных візаў і відаў на жыхарства пачне дзейнічаць цягам бліжэйшых месяцаў. Аналагі пашпартоў могуць пачаць выдаваць ужо са студзеня наступнага году.

Антон Каменскі, «Белсат»