Гэбістам дазволяць выкарыстоўваць зброю ў натоўпе людзей


Супрацоўнікам КДБ дазволяць выкарыстоўваць табельную зброю нават у натоўпе. Палата прадстаўнікоў прыняла праект паправак у закон аб барацьбе з тэрарызмам, аднак сам тэкст не публікаваўся. Цяпер жа законапраект размясцілі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. І там ёсць на што звярнуць увагу. З’явілася важная папраўка наконт выкарыстання зброі супрацоўнікамі дзяржбяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новыя паўнамоцтвы КДБ. Рэжым апублікаваў прынятыя папраўкі ў закон аб барацьбе з тэрарызмам. У сёлетняй рэдакцыі закону кадэбістам забаранялася выкарыстоўваць зброю ў наступных выпадках:

– пры вялікай колькасці грамадзянаў, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы;

– у кірунку складоў (сховішчаў), якія змяшчаюць вогненебяспечныя, выбухованебяспечныя, моцнадзейныя атрутныя рэчывы, а таксама сродкаў транспартавання гэтых рэчываў;

– у адносінах да жанчын, асобаў з відавочнымі прыкметамі інваліднасці, непаўналетніх.

Папраўкі выкрэсліваюць з гэтага спісу першыя два пункты. Гэта значыць, чэкістам дазволілі страляць у натоўпе і ў бок выбухованебяспечных сховішчаў.

«Я думаю, што гэта наступствы 2020-га года і беларускія ўлады вырашылі легалізаваць усе тыя формы гвалту, якія можна было ўжываць падчас разгону пратэстаў. Цяпер гэтая норма замацавана, каб не было нейкіх тармазоў у супрацоўнікаў спецслужбаў на прымяненне зброі. Гэта абсалютна чаканы дакумент», – зазначыў палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Паводле паправак, КДБ стане структурай, што будзе каардынаваць дзейнасць іншых дзяржаўных органаў барацьбы з тэрарызмам. Прадказальна, што не будзе падпарадкоўвацца гэбістам толькі Служба бяспекі прэзідэнта.

«Паколькі гэта перакрыжаваны кантроль, дубляванне функцыяў. Гэта ўсё тое, што Лукашэнка заўжды рабіў дзеля таго, каб сваю сістэму стабілізаваць. Дзеля таго, каб ніводная структура не магла набраць вялікай сілы і ўзвысіцца над астатнімі. Класічная гісторыя, падзяляй і ўладар», – падкрэсліў журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік КДБ Беларусі. Крыніца: Sputnik

Сёння ж Лукашэнка чарговы раз абвінаваціў Захад у палітычным і санкцыйным ціску і ў падрыве бяспекі Беларусі. Такая ягоная заява прагучала падчас паседжання нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і выведных службаў дзяржаваў-удзельніц СНД.

«Яны насамрэч вераць, што пратэсты ў Беларусі арганізоўвалі замежныя спецслужбы. Яны на самой справе думаюць, што супраць іх вядуць падрыўную, вельмі складаную працу. Яны надалей не надаюць беларускаму народу, людзям суб’ектнасці. Паколькі самі яны нічога, акрамя як пад палкаю, не робяць», – кажа журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Не абмінуў чарговы раз увагай Лукашэнка і Паўночнаатлантычны альянс. Падкрэсліўшы, што адная з асноўных задачаў выведнай супольнасці NATO і саюзнікаў – гэта дэзынтэграцыя постсавецкай прасторы.

«Да нас закідваюць не проста шпіёнаў, а ўжо агентаў-тэрарыстаў. Спрабуюць стварыць экстрэмісцкія ячэйкі, фармуюць нейкія палкі з нашых беглых, прыцягваюць наймітаў. Мы з Расейскай Федэрацыяй ужо, напэўна, дзясяткі два затрымалі групаў тэрарыстаў, якія імкнуцца найперш да тэрарыстычных аперацыяў на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Два дзясяткі затрыманых групаў. Часта пасля гэткіх выступаў Лукашэнкі сілавікі стараліся аператыўна паказаць грамадскасці тэрарыстаў. І гэткім чынам пацвердзіць словы свайго шэфа. Ці чакаць актывізацыі сілавікоў у гэтым кірунку, а з ёю – новых гучных справаў?

«Цяпер тое самае можа быць. Цалкам можа быць, у чальца якой-небудзь рады апазіцыйнай ці ў сваяка знойдуць дзе-небудзь у гаражы бочку са спіртам і скажуць, што хацелі штосьці зрабіць. Або заточкі якія знойдуць. Гэта не ўпершыню Лукашэнка робіць. І не выключаю, што і цяпер улады могуць скарыстаць такія метады», – удакладніў палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Як з гісторыяй пра «Джып», што нібыта прарываўся з Украіны, або пра гарадзенскага тэрарыста, якога быццам бы зліквідавалі спецслужбы. Пазней «BYPOL» высветліў, што ролю тэрарыста згуляў супрацоўнік КДБ.

Павел Алейнікаў, «Белсат»