«Бюракратыя павінна паказаць, што яна дзейнічае». Прапагандысты атрымалі новую метадычку


Абноўленая метадычка для прапагандыстаў ды ідэолагаў рэжыму Лукашэнкі цяпер даступная на сайце Менгарвыканкаму. З адметнага ў дакуменце – зварот да старых практык стымулявання працаўнікоў.

У прапагандыстаў новая метадычка. Яна прысвечаная Году якасці, які абвесціў Лукашэнка: «Усе імкнуцца да высокай якасці. Мы таксама, таму будзе Год якасці».

Сярод іншага, прапагандыстам і рознага кшталту ідэолагам у сваіх сустрэчах з працоўнымі калектывамі прапануюць апеляваць да станоўчага савецкага досведу арганізацыі працы.

«Варта выкарыстоўваць савецкую спадчыну і досвед: спаборніцтвы, рацыяналізатарства, настаўніцтва, захады для маральнага і матэрыяльнага стымулявання ды іншае», – кажуць у метадыцы.

Яшчэ адное прапанаванае новаўвядзенне датычыць кантролю за якасцю вырабленай прадукцыі:

«Кантроль за якасцю вырабленай прадукцыі або выкананых работаў – гэта не толькі задача тэхнолагаў, яна мусіць стацца важнаю задачаю для нізавых арганізацыяў ФПБ, БРСМ, «Белай Русі», а грамадскі кантроль за забеспячэннем якасці – адным з кірункаў іх дзейнасці».

«Бюракратыя павінна паказаць, што яна дзейнічае, што яна нешта робіць да гэтага Году якасці. Да 1 студзеня 2024-га яны што, усё няякаснае выдавалі? А цяпер пачнуць усё якаснае выдаваць, таму што Год якасці абвешчаны? Нават не заўважаюць усю іронію гэтага, – здзіўляецца палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Таксама ў метадыцы апавядаюць пра з’яўленне ў Беларусі знаку якасці. Пра неабходнасць яго ўвядзення раней выказваўся Лукашэнка:

«Калі мы падцягнемся з якасцю сваёй прадукцыі – мы ў свеце будзем незаменныя. У нас усё ёсць і якасць нядрэнная, але трэба лепей, да знака якасці падцягнуць».

Як дакладна будзе выглядаць лукашэнкаўскі знак якасці, пакуль невядома, бо яго афіцыйна не зацвердзілі. Зрэшты, у новай метадыцы ўжо ёсць яго выява – надзвычай падобная да знаку якасці, якім маркіравалі тавары за часоў СССР.

«Яны сапраўды не могуць прыдумаць нічога новага свайго – кажа Віталь Цыганкоў. – Калі Лукашэнка мяняў наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, ён жа не прыдумаў новы, ён узяў савецкі. Тое ж самае са знакам якасці. Яны маглі ўзяць штосьці з царскага часу, у сувязі з апошнімі веяннямі. Але тады не было знаку якасці, то яны ўзялі з савецкага».

Каго ўзнагароджваць лукашэнкаўскім знакам якасці, будзе вызначаць адмысловая атэстацыйная камісія. Крытэры ацэнкі прапішуць у пастанове ўраду. Першыя тавары, маркіраваныя гэткім знакам, маюць зʼявіцца ў Беларусі ў канцы года.

Ян Федаровіч, «Белсат»