Народная Канстытуцыя грукаецца да афіцыйнай


Якою мае быць Канстытуцыя свабоднай Беларусі? Стартавала кампанія «Народная Канстытуцыя». Беларусаў запрашаюць да абмеркавання і ўнясення прапановаў у галоўны закон краіны. Грамадская Канстытуцыйная камісія, якую прадстаўляюць прыхільнікі пераменаў, напісала і адкрыла для абмеркавання праект асноўнага закону. Галоўнае пра Канстытуцыю мары.

Не больш чым 2 прэзідэнцкія тэрміны на працягу ўсяго жыцця. Удзел Парламенту, прэм’ер-міністра ды іншых чыноўнікаў у прыняцці ключавых рашэнняў… Гэткіх зменаў у Канстытуцыі чакаюць беларусы, якія намагаюцца адсунуць Лукашэнку ад улады. Сёння адкрылася магчымасць удзельнічаць у стварэнні Канстытуцыі Новай Беларусі.

«Мы прапаноўваем абсалютна натуральны, дэмакратычны, адкрыты, галосны інструмент. Гэта ўдзел беларусаў у прыняцці народнай Канстытуцыі. Той праект, які на нашую думку, будзе адказваць менавіта зацікаўленасцям грамадзяніна, чалавека і ў цэлым нашай краіне», – кажа Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

27 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі і рэпрэсіі мінулага года паказалі, што прыярытэтнае для яго – захаванне ўлады. Пасля рэферэндумаў 1995-га і 1996-га гадоў ён зыніцыяваў чарговае, ужо дэталёвае перапісванне Канстытуцыі і акрэсліў галоўнае ў прамове да дзяржаўнай Канстытуцыйнай камісіі:

«Канстытуцыя – гэта безумоўна, важна, гэта дакумент. Але давайце шчыра – гэта была б папера, калі б не вы»…

Якім мэтам маюць служыць папраўкі, акрэсліў таксама:

«Ідучы на такі адказны лёсавызначальны крок, карэктаванне асноўнага Закону, мы мусім улічыць усе ўрокі мінулага, у тым ліку і нядаўняга мінулага. Не сумняюся, што кожны з вас усведамляе сваю ролю ў гэтым працэсе».

Камісія мелася арганізаваць шырокае абмеркаванне прапанаваных зменаў асноўнага закону.

«Праектаў, якія можна было б паглядзець і пачытаць – няма. Іх не існуе. Я бачыў толькі твары чальцоў афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіі, на якіх напісана, »чаго дазволіце«. Таму мы – Грамадская Канстытуцыйная камісія – гатовыя да адкрытых публічных дэбатаў», – лічыць Анатоль Лябедзька, кіраўнік Грамадскай Канстытуцыйнай камісіі.

Анатоль Лябедзька ўзначаліў працу над Канстытуцыяй, якую беларусы напішуць супольна. Прадстаўнікі каманды Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Каардынацыйнай рады супольна з экспертамі стварылі аснову праекту. Сёння гэтую аснову прэзентавалі, выклалі на абмеркаванне грамадскасці і… у якасці матэрыялу для абмеркавання дзяржаўнаю камісіяй.

«Патрэбен дыялог. Патрэбнае прызнанне, што ў краіне крыс і супольная праца над тым, каб гэты крызіс вырашаць. Мы бачылі на прыкладзе так званага Усебеларускага народнага зʼезду, які меўся як палачка-выручалачка, якая паставіць усё на свае месцы… Што на месцы нічога не стала», – адзначае Валерый Кавалеўскі, кіраўнік кабінету прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай.

І, бадай, галоўнае – Канстытуцыя мае выконвацца законна абранаю ўладаю. У ідэале, каб выбары прэзідэнта і Канстытуцыйны рэферэндум адбыліся ў адзін дзень. Дзе можна азнаёміцца з поўнай версіяй праекту?

«На сайце narodnaja.com сабраны і будзе дапаўняцца спіс пляцовак для абмеркавання і таксама будзем паведамляць аб датах адкрытых дыскусіяў. Свае каментары можаце накіроўваць на любую з пляцовак. Вядучы для ўсіх пляцовак – сайт грамадскай Канстытуцыйнай камісіі», – кажа Алена Жываглод, каардынатарка супольнасці «Сумленныя людзі» і НАУ.

Старонка kanstytucyja.online мае таксама адукацыйную функцыю. Далёка не кожны беларус чытаў Канстытуцыю, не кожны ведае свае асноўныя правы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»