Міністэрства абароны стварае атрады народнага апалчэння


Атрад народнага апалчэння стварылі ў Барысаўскім раёне. Сёння яго наведала вайсковае кіраўніцтва краіны. Маўляў, акрамя мясцовых жыхароў, у тэрытарыяльную абарону ўвойдуць таксама інспектары аховы прыроды. З якімі мэтамі ствараюцца гэтыя атрады?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль 30 жыхароў вёскі Глівін увайшлі ў склад атраду народнага апалчэння. Іхная задача – патруляваць вёску і абараняць аб’екты. Атрад стварылі ў межах правярання ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны Меншчыны, за якую адказвае дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч:

«А зброя ім выдадзеная па асабліваму графіку. Яны разам з міліцыяй будуць забяспечваць парадак у нас пункце, патруляваць, забяспечваць рэжым вайсковага становішча, кажучы простай мовай».

Народнае апалчэнне – гэта новы элемент тэрытарыяльнай абароны, створаны па загадзе Лукашэнкі. Адна з задачаў гэтых атрадаў – барацьба з дыверсійна-выведнымі групамі. Раней паведамлялі, што ў гэтак званыя партызаны могуць прыцягнуць каля 100-150 тысячаў чалавек.

«Калі ідзе гэтае абмеркаванне і з боку Лукашэнкі і з боку Вальфовіча, яны звяртаюцца да савецкіх прыкладаў, у іх заўсёды, калі яны разважаюць пра сучасную вайну, стаіць перад вачыма ХХ стагоддзе, Другая сусветная вайна і, напэўна, партызанскі рух», – зазначае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Паводле Вальфовіча, абарона Беларусі мусіць мець усенародны характар. І таму ў склад тэрытарыяльных атрадаў акрамя апалчэнцаў пастанавілі залучыць яшчэ і падраздзяленні Інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Маўляў, яны добра ведаюць кожны куток і маюць сучасныя сродкі: квадракоптары, відэакамеры ды цеплавізары.

«На тэрыторыі Беларусі – замежныя войскі, расейскія войскі. Расея вядзе наступальную вайну супраць Украіны. Беларусь у гэтай вайне фактычна ўдзельнічае, бо яна падтрымлівае Расею. У гэтых умовах нейкія дыверсійныя акты і нешта такое на тэрыторыі Беларусі могуць адбыцца. Гэта выключаць нельга», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Напад дыверсійна-выведнай групы на кантрольна-прапускны пункт быў адпрацаваны ваеннаабавязанымі на 227-ым агульнавайсковым палігоне. Паводле вайсковага кіраўніцтва, Беларусь у плане тэрытарыяльнай абароны задае трэнды ўва ўсім рэгіёне:

«Нашым шляхам пайшлі і суседнія краіны. Польшча, краіны Прыбалтыкі зразумелі, што тэрытарыяльная абарона – гэта неабходны элемент абароны дзяржавы. Украіна сёння тэрытарыяльную абарону неяк скрывіла, і іх падраздзяленні ператвораныя ў нацыяналістычныя фармаванні. Не для абароны сваёй краіны, а для марадзёрства і рабавання», – заявіў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Міністэрства абароны запланавала буйное брыгаднае тактычнае вучэнне. Да ўдзелу ў ім могуць прыцягнуць каля 6-ці тысячаў чалавек. З адмабілізаваннем, пастаўкаю матэрыяльных рэсурсаў, здыманнем усіх узораў вайсковай тэхнікі з захоўвання, правядзеннем баявой згуртаванасці.

«Яны зараз адпрацоўваюць пераход з мірнага часу на вайсковы. І з гэтым усё звязана. І я вельмі асцерагаюся, што ўсё гэта завершыцца ўдзелам беларусаў у вайне з Украінаю. У нас 4 мехбрыгады, якія яны зараз будуць паступова рыхтаваць», – мяркуе суаўтар праграмы «Нацыянальная бяспека на “Белсаце”» Сяргей Бульба.

У ліку дэлегацыі, якая сёння інспектавала атрады народнага апалчэння, быў і старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын. Журналісты «Нашай Нівы» заўважылі, што чыноўнік не ведае, як выглядае дзяржаўны сцяг Беларусі. Яго прышылі дагары нагамі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»