Бяспека ў Telegram: што рабіць?


У выніку рэйду ГУБАЗіКу ў Баранавічах былІ затрыманыя дзевяць асобаў, у тым ліку праваабаронца Аляксандр Вайцешык. Яго асудзілі за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле сілавікоў, яны актыўна затрымліваюць тых, хто вяртаецца з-за мяжы. Вядома, што падставай для затрымання ў такіх выпадках служаць падпіска, упадабанні або каментары ў тэлеграм-каналах. Як не стаць ахвяраю ГУБАЗіКу, распавядзе Аліна Скрабунова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не толькі дзеля абароны, але і дзеля пераследу. Падобна на тое, што сілавікі таксама карыстаюцца адмысловым ботам, які праваабаронцы стварылі для беларусаў. Гэты тэлеграм-бот дапамагае знайсці і пачысціць свае паведамленні ў тэлеграм-каналах, прызнаных рэжымам Лукашэнкі экстрэмісцкімі.

Пра такі выпадак распавяло выданне «Кулуары Куку». Беларус трапіў пад кантроль пры вяртанні з-за мяжы. Пры дапамозе боту «FindMessagesBot» сілавікі знайшлі ў ягоным тэлефоне дзесяць каментароў пад допісамі тэлеграм-каналу, прызнаАнага ў Беларусі экстрэмісцкім.

«Рэальны выпадак, не рэальны, але на падставе гэтага можа як і закідвацца нейкая дэзынфармацыя ад сілавікоў, каб чарговы раз напужаць беларусаў: маўляў, не лезьце нікуды, нічога не чапайце, так. Не лезьце нікуды, мы вас усё роўна вылічым. Або сапраўды мог быць такі выпадак, калі так маглі зрабіць», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «Суды, затрыманні. Горадня і вобласць» Мікалай Давідчык.

Як толькі распрацоўнікам тэлеграм-боту «FindMessagesBot» стала вядома пра выпадак, у якасці меры бяспекі яны дадалі 5-гадзіннае затрыманне на выдачу інфармацыі. Маўляў, пры правяранні тэлефона на мяжы ці ў Беларусі сілавікі не змогуць так доўга чакаць вынікаў.

«Для нейкай бяспекі, каб чалавека там на месцы не ўзяў мясцовы нейкі ўчастковы, хуценька прабіў і сказаў: я такі малайчына, мне трэба медаль, я знайшоў у цябе каментары. І ў гэты момант праграмісты распрацоўваюць яшчэ большую абарону сістэмаў», – кажа Мікалай Давідчык.

Тэлеграм-бот «FindMessagesBot» стварылі прадстаўнікі праваабарончай ініцыятывы «Суды, затрыманні. Горадня і вобласць». Гэты бот шукае допісы карыстальнікаў у базе з усіх экстрэмісцкіх рэсурсаў. Аналагічны бот можа стварыць хто заўгодна, у тым ліку і самыя сілавікі, сцвярджае эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні. Маўляў, самае галоўнае – гэта давер да распрацоўніка: «То бок умоўна чат-бот ведае ўсіх карыстальнікаў, якія запытваюць гэтую паслугу. У гісторыі сучаснай Беларусі быў шэраг выпадкаў, калі сілавікі стваралі падробленыя чат-боты і выдавалі іх за арыгінальныя. Адпаведна, самае важнае – падключаць чат-боты з дакладных крыніцаў, то бок з афіцыйных тэлеграм-каналаў».

Усе нашыя эксперты сыходзяцца ў думцы, што сілавікі і так маюць гісторыі ўсіх пратэсных чатаў. Але сэнс выдаляць свае старыя допісы ў тэлеграме ўсё роўна ёсць, мяркуе праваабаронца Вячаслаў Касінераў:

«Кожным сваім дзеяннем: выдаленнем каментароў, выкарыстаннем ботаў чалавек, які ў нечым удзельнічаў, памяншае імавернасць, што да яго прыйдуць. Чым больш ён можа паспрыяць памяншэнню гэтай імавернасці, тым лепей».

На думку праваабаронцы, вялікая колькасць ахвяраў ГУБАЗіКу тлумачыцца не толькі іхнай ударнай працай, а таксама бесклапотнасцю самых людзей.

«Людзі, у сваю чаргу, не схільныя стала жыць у стане стрэсу, напругі і дагэтуль думаць, праз тры гады, што за нейкі лайк іх могуць знайсці. І хочацца забыцца, нягледзячы на тое, што незалежныя СМІ ўвесь час публікуюць інфу пра рэпрэсіі, людзі забываюцца, напэўна, яе проста не ўспрымаюць і нядбала ставяцца да сваёй бяспекі», – кажа праваабаронца Вячаслаў Касінераў.

Нават калі вы ўжо не раз паспяхова міналі мяжу або праходзілі правяранні ўнутры краіны, трэба выдаліць не толькі допісы ў пратэсных тэлеграм-каналах і чатах, але і сам акаўнт. А яшчэ – набыць новы тэлефон.

«І тут важна разумець, што калі вы падарожнічаеце з абсалютна чыстым тэлефонам, гэта падазрона. Таму ідэальны варыянт, калі вы заведзяце сабе асобны тэлефон для заезду і выезду, дзе ў вас будзе тэлеграм, адпаведны нацыянальнаму заканадаўству, пошта і гэтак далей», – дадае Мікалай Кванталіяні.

Ініцыятыва «Суды, затрыманні. Горадня і вобласць» гатовая аказаць бясплатную інфармацыйную кансультацыю ў справе бяспекі не толькі ў «Тэлеграме», але і ў іншых сацыяльных сетках.

Аліна Скрабунова, «Белсат»