Херсон вяртаецца пад кантроль Украіны


Міністэрства абароны Расеі заявіла, што перакідванне падраздзяленняў на левы бераг Дняпра завершанае. Гэта адбылося а пятай раніцы. Прыкладна ў гэты самы час быў падарваны Антонаўскі мост. Відэа знішчанай канструкцыі паказаў расейскі прапагандыст Аляксандр Коц.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вось за маёй спінай два абрушаныя пралёты Антонаўскага мосту. Верагодна, ён быў падарваны падчас вываду расейскай групоўкі з правага берага на левы бераг. Зараз там нашых войскаў няма. Супернік, судзячы па ўсім, да гэтага маста з таго боку яшчэ не падышоў».

Антонаўскі мост – не адзіны інфраструктурны аб’ект, што быў знішчаны расейцамі на Херсоншчыне. Акупанты перад сваім адступленнем падарвалі ў Херсоне кацельні і абласны энергетычны абʼект. Акрамя гэтага, яны знішчылі тэлецэнтр і тэлевежу. Горад застаўся без электрычнасці і сувязі. Цалкам. Мясцовыя журналісты паведамілі, што тыя расейскія вайскоўцы, якія не паспелі пераправіцца праз Дняпро, пераапрануліся ў цывільнае адзенне і занялі пазіцыі ў жылых дамах.

«Вораг зрабіў максімальнае намаганне, каб запаволіць перамяшчэнне ўзброеных сілаў Украіны непасрэдна ў горадзе. Гэта значыць там ажыццёўлена мініраванне вуліц, мініраванне тых будынкаў, абвальванне якіх перашкодзіць далейшаму прасоўванню. І цалкам лагічна, калі вораг будзе размяшчаць у найбольш выгадных, з пункту гледжання абароны, будынках свае дэсантна-штурмавыя групы, засады і ўсё астатняе», – мяркуе падпалкоўнік запасу ЗСУ Мінкалай Саламаха.

Херсон быў адзіным абласным цэнтрам, які Расея здолела захапіць ва Украіне пасля свайго поўнамаштабнага ўварвання дваццаць чацвёртага лютага. Відавочна, што вяртанне гораду пад кантроль ЗСУ мае вялікае стратэгічнае значэнне.

«Гэта здзяйсняе значна большы ціск на Крым на поўдні, а таксама не толькі на Крым і расейскія сілы, якія цяпер там, але і на расейскі Чарнаморскі флот. Так што для расейцаў гэта сурʼёзная параза», – кажа эксперт у еўрапейскай бяспецы Эдвард Арнольд.

Ужо ў абед у сацсетках сталі зʼяўляцца відэа, як украінскія абаронцы пачалі заходзіць у Херсон. На адным з іх байцы ЗСУ ўсталёўваюць украінскі сцяг на будынак Галоўнага ўпраўлення паліцыі вобласці. А на іншых украінскіх абаронцаў сустракалі на галоўнай плошчы Херсону – плошчы Свабоды. У інтэрнэце жартуюць, што прасоўванне ўкраінскіх войскаў у горадзе відавочна запавольваецца, бо занадта шмат ахвочых іх павітаць. Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны афіцыйна паведаміла, што Херсон вярнуўся пад кантроль Кіева.

І чарговы раз у Расеі заявілі, што гатовыя да перамоваў. На гэты раз ужо праз тамтэйшага намесніка міністра замежных справаў Сяргея Рабкова:

«Я магу толькі пацвердзіць пазіцыю: мы да дыялогу адкрытыя, без папярэдніх умоваў. Мы да гэтага былі гатовыя і раней».

У сваю чаргу, Уладзімір Зяленскі неаднойчы агучваў свае ўмовы Расеі, пасля выканання якіх Украіна сядзе за стол перамоваў. Вывад усіх войскаў з тэрыторыі Украіны і вяртанне Крыму.

Словы ж расейскіх палітыкаў і дыпламатаў пра перамовы разыходзяцца з дзеяннямі расейскіх вайскоўцаў. Уначы Расея абстраляла Мікалаеў. Ракета пацэліла ў жылы пяціпавярховік. У выніку абстрэлу загінулі прынамсі сямёра асобаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»