Лукашэнка атакаваў кіраўніцтва гандлёвых сетак


Узурпатар раз’юшаны. На гэты раз – завялікімі, на ягоную думку, заробкамі кіраўніцтва гандлёвых сетак…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта што, нармальна? Яны што, працуюць больш, чым прадавец»!?.

І адразу ж ягоныя медыі апублікавалі гэтыя заробкі. Спасылаюцца на Камітэт дзяржаўнага кантролю. Паводле гэтых публікацыяў, «Еўраопт», «Пяты Элемент» ды «Гіпа» – лідары сярод гандлёвых сетак паводле даходаў кіраўнікоў у 2022 годзе. Пры сярэднім заробку прадаўцоў ды касіраў гэтых крамаў каля тысячы рублёў на месяц, кіраўнікі зарабляюць на парадак-два больш.

«Будуць разборкі вельмі жорсткія. Да прадаўцоў трэба давесці – вось 800-1000 рублёў ваш заробак, а вось 50-60 000 – заробак гэтых так званых уладальнікаў», – кажа Лукашэнка.

Чаго ж хоча дамагчыся ўзурпатар такімі заявамі? На думку псіхолага Алы Марціновіч, тут прысутнічае папулісцкі чыннік. Але нават магчымае зніжэнне заробкаў кіраўніцтва не паўплывае на даходы простых беларусаў.

«Я не думаю, што будзе падвышэнне простым людзям і зніжэнне начальнікам. Народ будзе горш жыць з кожным днём, месяцам і годам. Кошты будуць расці, таму што грошай няма, мы жывем на расейскія грошы», – разважае Ала Марціновіч.

Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што заява наконт завялікіх заробкаў кіраўніцтва гандлёвых сетак – гэта працяг кампаніі перадзелу беларускага бізнесу:

«Адныя гандлёвыя сеткі бяднеюць. Уладальнікі прадаюць свае кампаніі тым, хто больш удала працуе, ці мае большыя магчымасці ва ўладзе. Гэты працэс ідзе ўвесь час. Таму я думаю, што ўся гэтая кампанія робіцца дзеля перадзелу рынку».

Эканаміст Яраслаў Кот нагадвае, што заробак менеджараў гандлёвых сетак ды любых іншых асобаў мусіць вызначацца патрабаваннямі рынку, а не дырэктывамі ці загадамі. Лукашэнка ж сваімі папулісцкімі заявамі фактычна спрабуе падмяніць сабой прафсаюзы, якія не бароняць правы працоўных – у тым ліку і на большы заробак.

«Тое, што адбываецца, гэта – нейкая гульня ў эканоміку. Эканоміка сябе выпраўляе іншымі спосабамі – з’яўляюцца іншыя гандлёвыя сеткі, якія пераманьваюць работнікаў на больш добрыя ўмовы. Не робіцца так, калі нехта сказаў: «забараніце і ўсё». Трэба адпусціць эканоміку – яна будзе выпраўляць сябе сама», – упэўнены Яраслаў Кот.

Пакуль незразумела, ці будзе працяг атакі на кіраўніцтва гандлёвых сетак. Але эксперты згодныя, што падыход Лукашэнкі да бізнесоўцаў не зменіцца. Бо для ўзурпатара бізнес, найперш – дойная карова ды сродак падтрымання дзейнай сацыяльнай мадэлі:

«Калі хтосьці не можа ў такіх умовах працаваць – кайло ў рукі і ў руднік».

Ян Федаровіч, «Белсат».