Непагадзь у Беларусі сталася вынікам глабальнай змены клімату


У Менску ад удару маланкі загарэлася дрэва, у Капальскім раёне – купал царквы. У Гомельскай вобласці навальніца парушыла работу Мазырскай ТЭЦ. Усё гэта – наступствы непагадзі, што абрынулася на Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі ліквідуюць наступствы непагадзі, што абрынулася на краіну. Праз залеву без электрычнасці засталіся каля 2,5 тысячаў населеных пунктаў, ратаўнікі зафіксавалі 232 выпадкі падзення дрэваў, што затрымала рух больш пяцідзесяці пасажырскіх цягнікоў.

«У нейкім урагане або буры няма нічога незвычайнага, яны ўсюды на зямлі могуць сустракацца. З-за глабальнага змянення клімату на планеце такіх стыхійных з’яў робіцца больш», – кажа эколаг, сустаршыня групы «Экаабарона» Уладзімір Слівяк.

Не абышлося без ахвяр. На Віленскім вадасховішчы 52-гадовы мужчына разам з сынам вырашыў перачакаць непагадзь у намёце, на які ў выніку моцнага парыву ветру ўпала дрэва. Мянчук загінуў на месцы, адзінаццацігадовы хлопчык моцных траўмаў не атрымаў. Агулам Міністэрства здароўя паведаміла пра шасцярых пацярпелых.

«Калі вы не на аўтамабілі, а проста на прыродзе з палаткай, то трэба пашукаць які-небудзь прытулак – напрыклад, вырванае з коранем дрэва. Ці можна паспрабаваць збудаваць нейкі навес і пад ім схавацца. Паглядзець, каб вы не былі ў нізіне, а на нейкім узвышаным месцы. Таму што нізіну можа затапіць», – распавядае аб правілах бяспекі траўматолаг Аляксей Носаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik

Акрамя моцных залеваў, у Беларусі фіксуюцца і анамальна высокія тэмпературы. Гэтак, у чэрвені быў усталяваны новы за апошнія 100 гадоў тэмпературны рэкорд: слупок тэрмометра падняўся да плюс трыццаці шасці цэлых шасці дзясятых градуса (+36,6). Працяглая засуха негатыўна паўплывала на сельскагаспадарчую галіну.

«У гэтым годзе катастрафічная сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, менавіта ў раслінаводстве. На мой погляд, збожжавай культуры не атрымаюць і паловы таго ўраджаю, які планавалі. 10 мільёнаў тонаў, пра якія там пастаянна гавораць наверсе ў нас… Хоць бы на пяць выйсці», – кажа эксперт у сферы сельскай гаспадаркі Мікалай Лысянкоў.

Не толькі ў Беларусі назіраюцца прыродныя катаклізмы. Гэтак, у Партугаліі ды Іспаніі працягваюць бушаваць лясныя пажары. Моцны шторм абрынуўся на ЗША у штаце Індыяна.

«Людзі, якія цяпер жывуць на планеце (я маю на ўвазе ўсю сусветную супольнасць), калі яны не абʼяднаюцца, не распачнуць нейкіх вельмі значных намаганняў для таго, каб затармазіць змяненне клімату, якое мы назіраем, то ўжо, магчыма, да сярэдзіны цяперашняга стагоддзя ўмовы выжывання на планеце моцна пагоршацца. І гэта, вядома, дрэнная навіна для наступных пакаленняў», – мяркуе эколаг, сустаршыня групы «Экаабарона» Уладзімір Слівяк.

Урэгуляваць катастрафічныя наступствы глабальнага пацяплення мелася Парыжскае пагадненне ў пытаннях клімату, што прынялі ў 2015 годзе 193 краіны свету. Расея, што застаецца лідаркаю ў выкідзе парніковых газаў, стала адзінаю дзяржавай, якая не ратыфікавала дакументу.

Наста Печанькова, «Белсат»