Сталі вядомыя вынікі перамоваў Макрона з Пуціным і Зяленскім


Некалькі заяваў, а таксама 1,2 мільярда еўраў крэдыту ад Францыі – так завяршыліся перамовы Уладзіміра Зяленскага з Эманюэлем Макронам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Трэба быць стрыманым. Хачу павітаць вашу вытрыманасць і стрыманасць пры такой канцэнтрацыі войскаў на мяжы. Францыя і Нямеччына будуць працягваць выконваць ролю пасярэднікаў, каб урэгуляваць канфлікт», – заявіў Эманюэль Макрон.

Прамова ж Уладзіміра Зяленскага была накіраваная не толькі да прэзідэнта Францыі, але і да Уладзіміра Пуціна.

«Украіна вельмі цярплівая, бо гэта мудрасць. Я думаю, што гэта важна не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы. І вельмі важна для расейцаў», – адказаў Пуціну прэзідэнт Украіны.

Так Уладзімір Зяленскі адказаў на словы расейскага прэзідэнта пра абавязак Кіева выконваць Менскія пагадненні.

«Прэзідэнт дзейны заявіў, што яму ніводзін пункт не падабаецца з гэтых Менскіх пагадненняў. Ну, падабаецца – не падабаецца, цярпі, мая прыгажуня! Трэба выконваць!» – заявіў у панядзелак Уладзімір Пуцін.

Гэтыя словы прагучалі напярэдадні на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў расейскага і французскага прэзідэнтаў у Маскве.

Пуцін абвінаваціў ЗША і NATO у тым, што тыя цалкам праігнаравалі ключавыя патрабаванні Расеі. А менавіта: непашырэнне NATO на ўсход, неразмяшчэнне ўдарных сістэмаў ля межаў краіны і вяртанне Альянсу да межаў 1997 года. Эманюэль Макрон таксама не стаў адмаўляць рознагалоссяў паміж NATO і Расеяй ды заявіў, што з Пуціным яны абмеркавалі канкрэтныя спосабы дээскалацыі. Іх Эманюэль Макрон хоча абмеркаваць з Кіевам, Вашынгтонам ды іншымі саюзнікамі ў Еўразвязе і NATO.

«Ні Расея, ні еўрапейцы не хочуць хаосу і нестабільнасці ў той час, калі людзі і кантынент так моцна пацярпелі ад пандэміі. Усе імкнуцца да аднаўлення і міру», – заявіў Макрон.

Што менавіта гэта за дамоўленасці, не паведамляецца. Зрэшты, «ФайнЭншал Таймз» са спасылкаю на крыніцу ва ўрадзе Францыі піша, што пагадненне прадугледжвае вывад расейскіх войскаў з Беларусі пасля завяршэння вучэнняў у абмен на адмову NATO прымаць у склад Украіну і Грузію. У Крамлі існаванне якой-небудзь дамоўленасці абверглі, спаслаўшыся на ўкраінскую Канстытуцыю, якая замацавана ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс.

«Ёсць Канстытуцыя і дактрынальныя дакументы Украіны, дзе гаворка ідзе хутчэй аб антыфінляндызацыі Украіны», – пракаментаваў перамовы Дзмітрый Пяскоў.

Ад ваяўнічай рыторыкі да заяваў пра санкцыі перайшлі ў Вашынгтоне. Там адбыліся перамовы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца.

«Калі Расея ўварвецца, то бок танкі ці войскі зноў пяройдуць мяжу Украіны, тады «Паўночнай плыні – 2» больш не будзе. Мы пакладзём ёй канец», – заявіў Джо Байдэн.

Нямецкі канцлер пра «Паўночную плынь» нічога канкрэтнага не сказаў. Але з амерыканскім прэзідэнтам пагадзіўся: адказ будзе рашучым і будзе прыняты разам. Наперадзе яшчэ адна сустрэча Оляфа Шольца адносна расейска-ўкраінскага канфлікту, ужо ў Германіі. З лідарам Францыі Эманюэлем Макронам, а таксама прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»