Лукашэнкаўцы прынялі закон, які дазваляе забіраць маёмасць


Раскулачванне іменем Рэспублікі Беларусь. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з’явіўся закон «Аб пазбаўленні маёмасці». Забіраць нерухомасць будуць у тых грамадзянаў, якія не па-сяброўску дзеялі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Упершыню ідэю забіраць нерухомасць у непрыязных да ўладаў грамадзянаў агучыў колішні кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын увосень 2021 года. Праз некалькі месяцаў на гэтую тэму выказаўся і Лукашэнка: «Што рабіць? Што рабіць? Іхныя сваякі плачуць. Тут у іх засталася нерухомасць. Мы блізка падышлі да вырашэння гэтых пытанняў».

А ўжо сёння ўначы на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале нечакана зʼявіўся Закон «Аб канфіскацыі маёмасці», прыняты, як выявілася, 3 студзеня.

«Відавочна, новы закон прымаецца з дзвюма мэтамі. Па-першае, запужаць людзей, каб людзі адкрыта не выказваліся ў падтрыманне санкцыяў, бо менавіта за гэта пагражаюць забіраць уласнасць. Ну і, па-другое, любая крыніца папаўнення бюджэту пасуе. Чаму б, як у дзевяностыя, не адціснуць маёмасць у палітычных апанентаў?», – адзначае палітолаг Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка не выключае, што пазбаўляць маёмасці будуць не толькі лідараў апазіцыі, але і простых грамадзянаў, якія выказваліся ў каментарах за ўвядзенне санкцыяў. Пры гэтым арыштоўваць нерухомасць у дэмлідараў пачалі фактычна адразу пасля пачатку пратэстаў 2020 года. Улетку 2020-га арышт наклалі на дом Паўла Латушкі ў пасёлку Ждановічы, а праз паўгода тое самае адбылося і з нерухомасцю дачкі палітыка Яны.

«Я веру, што калі мы дасягнём улады ў Беларусі, а мы дасягнём гэтага, гэты таталітарны рэжым перастане існаваць, усё вернецца. Таму той, хто захоча набыць гэты дом, мусіць лічыцца з тым, што гэтую маёмасць давядзецца вяртаць мне», – упэўнены прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

26 снежня Менскі гарадскі суд, які абвясціў завочны прысуд алімпійскай прызёрцы Аляксандры Герасімені ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі, наклаў, сярод іншага, і арышт на кватэру спартоўкі.

«Арыштаваная кватэра не ў маёй уласнасці, як і гараж ды ўсё, што ўнутры кватэры і гаража. Гэта кватэра майго блізкага сваяка, і там прапісаная, акрамя мяне і мужа, дачка, таму я не ведаю, як яны могуць яе забраць. Але ж у нашай краіне няма ніякіх законаў», – напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку алімпійскай прызёрка ў плаванні.

Пастанову пра канфіскацыю абʼектаў права ўласнасці прымае Савет міністраў Лукашэнкі. Пасля Дзяржаўны камітэт маёмасці мусіць звярнуцца ў Эканамічны суд Менску з заяваю наконт канфіскацыі. А ўжо той, цягам месяца з дня завядзення справы, мусіць яе разгледзець.

«У законе зробленая чарговая, фармальная нават з пункту гледжання наватворчай тэхнікі, памылка, калі не замацаваныя нават на ўзроўні закону падставы, на грунце якіх можна лічыць дзеянні несяброўскімі ў дачыненні Беларусі», – зазначае юрыст, намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Арцём Праскаловіч.

Канфіскаваная маёмасць пяройдзе ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь. Ноу-хау ад лукашэнкаўскіх дэпутатаў набывае моц ужо 16 студзеня, то бок праз дзесяць дзён, а на рэалізацыю палажэнняў гэтага закону Саўміну дадуць яшчэ паўгода.

«Наўрад ці гэты закон вельмі хутка запрацуе якасна і карэктна. Нават калі спрабаваць разважаць, што гэта нібыта сапраўды закон, і ён будзе ўпісвацца ў прававую сістэму дзяржавы», – кажа юрыст.

Разам з тым, падкрэслівае Арцём Праскловіч, ужо ў новай Беларусі мусіць запрацаваць комплекс заканадаўчых актаў пра рэабілітацыю, базавыя канцэпцыі якіх ужо распрацаваныя ў тым ліку Народным антыкрызісным упраўленнем. А таму тым, у каго дзяржава незаконна адабрала нерухомасць, будзе прадугледжаная кампенсацыя, у тым ліку за кошт тых, хто здзяйсняў злачынствы супраць апанентаў Лукашэнкі.

Віталь Бабін, «Белсат»