Ці ёсць эфект ад санкцыяў супраць Беларусі?


«Перш за ўсё, я хачу падзякаваць амерыканцам і ўсяму заходняму свету за тое, што яны ўвялі супраць нас санкцыі», – так казаў Лукашэнка ў Зімбабвэ, бо, маўляў, у іншым выпадку замест беларускіх трактароў былі б амерыканскія і нямецкія. Але схема гэтая працуе не заўсёды.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле папярэдніх ацэнак Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтру карысных выкапняў ЗША, здабыча калію ў Беларусі ў 2022 годзе зменшылася на 60 адсоткаў у параўнанні з 2021-м. Змяншэнне здабычы калійных угнаенняў у Беларусі аўтары звязваюць з эканамічнымі санкцыямі.

«Сусветныя пастаўкі калію пацярпелі праз эканамічныя санкцыі супраць Беларусі ды Расеі, што прывяло да росту коштаў і зніжэння спажывання. Паводле ацэнак, сусветнае спажыванне калію для ўгнаенняў у 2022 г. знізілася да 35–39 млн т, з 40,6 млн т у 2021 г.», – гаворыцца ў «MINERAL COMMODITY SUMMARIES».

У гадавой справаздачы амерыканскага ведамства ацэньваецца здабыча і пастаўкі ўгнаенняў асноўных відаў карысных выкапняў. Зазначаецца, што да 2022 года Беларусь была трэцяй паводле велічыні пастаўляльніцаю калію ў свеце. З высноваю, што паўплывалі на змяншэнне вытворчасці санкцыі ЗША і Еўразвязу, згодны былы працаўнік «Беларуськалію» Глеб Сандрас:

«Безумоўна, толькі і выключна ўздзеянне санкцыяў паўплывала на тое, што скарацілася здабыча і, адпаведна, экспарт»

Летась Літва скасавала кантракт з «Беларуськаліем» на перавоз беларускіх калійных угнаенняў у порт Клайпеды, аргументуючы рашэнне нацыянальнаю бяспекаю. Праз санкцыі знізіліся і пастаўкі ў Індыю – а гэта адзін з галоўных імпарцёраў угнаенняў з Беларусі. Пасля ўвядзення абмежаванняў не наладзіліся новыя шляхі транспартавання, да таго ж, праз адключэнне расейскіх банкаў ад сістэмы SWIFT аказалася немагчымай аплата ў рупіях і рублях без выкарыстання сусветных валютаў.

«Акрамя гэтага, часткова, я думаю, гэта можа быць ускосны эфект ад санкцыяў – скажам так, рэпутацыйны эфект на Беларусь: з Беларуссю не хочуць рабіць бізнес, з Беларуссю не хочуць гандляваць чым заўгодна, пры тым, што калійныя ўгнаенні – гэта вельмі важны для сусветнай эканомікі тавар», – лічыць Алесь Чайчыц, эканаміст, публіцыст, аўтар тэлеграм-каналу «Radyjo Čajčyc».

Скарачэнне вытворчасці адбылося не толькі праз немагчымасць гандляваць, кажа Глеб Сандрас. Сышлі фірмы, што пастаўлялі ды абслугоўвалі абсталяванне для здабычы калію.

«Спыніліся пастаўкі запчастак на гэтыя камбайны і на іншае абсталяванне, спыніліся пастаўкі запчастак замежных, і вельмі шмат тэхнікі яны вымушаныя ставіць на кансервацыю, бо ніякіх адпаведнікаў не знаходзяць на гэтую тэхніку», – кажа Глеб Сандрас.

«Беларуськалій» – адна з галоўных крыніцаў замежнай валюты, падкрэслівае Алесь Чайчыц. Скарачэнне вытворчасці, вядома, прывяло і да змяншэння грошай, што паступаюць у дзяржаўны бюджэт ад прадпрыемства. Таму ўладам давядзецца эканоміць.

«Прасцей за ўсё – эканоміць на людзях. Найменш захочуць эканоміць на падтрымцы дзяржаўных праектаў. Бо, канешне, гэтая валюта ішла і на рэпрэсіўны апарат, і на цэнзуру, і на прапаганду. На гэтым яны эканоміць вельмі не хочуць», – мяркуе Алесь Чайчыц.

І хоць Лукашэнка шматкроць заяўляў, што санкцыі яму не замінаюць, насамрэч хваліцца беларускаму рэжыму няма чым, пагаджаюцца нашыя суразмоўцы. Да прыкладу, афіцыйных звестак пра экспарт калійных угнаенняў Белстат не публікуе з 2021 года. Санкцыі насамрэч дзейсныя, але важна сачыць за іх выкананнем, падкрэслівае Франак Вячорка – дарадца Святланы Ціханоўскай.

«Санкцыі да Лукашэнкі ідуць паравозікам за расейскімі. І вельмі часта забываюць, не заўважаюць, што адкрываюць лазейкі і схемы для абыходу гэтых санкцыяў. На Расею санкцыі накладзеныя, у асноўным, на імпарт, а на Беларусь – на экспарт, санкцыі на некаторыя віды тавараў, што дае магчымасці для маніпуляцыяў», – кажа Франак Вячорка.

Апроч таго, важна спалучаць санкцыі для беларускага рэжыму з падтрыманнем для тых, хто ў Беларусі ды за яе межамі змагаецца з рэжымам, падкрэслівае Франак Вячорка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»