Якія змены чакаюць беларусаў у ліпені


Цяпер і на Берасцейшчыне. Каб выехаць з Беларусі праз любы з берасцейскіх пераходаў на ўласным аўце, трэба заплаціць збор за транспартны сродак. Гэта базавая велічыня – 29 рублёў – незалежна ад колькасці пасажыраў.

«Жывем на мяжы… так не павінна быць».

«Значыць, камусьці гэта выгадна».

«Шчыра кажучы, гэта ідыятызм».

«Напэўна, калі б я ездзіла за мяжу, я б пра гэта думала, а паколькі я не езджу, то мне і думаць пра гэта не трэба».

«Напэўна, грошай не стае ў дзяржавы, што ўводзяць такія падаткі».

«Закрываюць увогуле ўсё, кансервуюць назаўсёды. І невыязныя, і бяспраўныя», – так рэагуюць на змены жыхары Берасця.

Рашэнне пра збор за транспартны сродак прынялі яшчэ ў траўні і дзеяць яно мае да пачатку 2023-га года. Ужо цягам месяца спаганяюць такі збор на Гомельшчыне і Гарадзеншчыне.

Перамяшчэнне праз наземныя межы для беларусаў і без уліку платы за аўтамабіль моцна абмежаванае. Толькі некаторыя катэгорыі грамадзянаў могуць выехаць з Беларусі. Як і плата за выезд, гэта парушэнне права грамадзянаў на свабоднае пакіданне краіны і вяртанне, падкрэслівае праваабаронца Раман Кісляк. І змагацца з парушэннем гэтага права ў сённяшніх умовах магчыма толькі ў доўгатэрміновай перспектыве – праз абскарджанні.

«Можна выехаць, заплаціць і пазней абскардзіць гэты накладзены збор. Можна адмовіцца і абскардзіць, што не змог выехаць, бо збор накладзены», – раіць Раман Кісляк.

Афіцыйна сабраныя за выезд аўтамабілем з Беларусі сродкі ідуць на барацьбу з каронавірусам. Але спраўдзіць, колькі грошай сабралі такім чынам, складана, бо статыстыка выезду з’явіцца толькі праз некалькі месяцаў, кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:

«У сённяшняй эканамічнай сітуацыі, калі ўнутраныя праблемы пагаршаюцца знешнімі санкцыямі, улады спрабуюць прыцягнуць дадатковыя сродкі шляхам такіх збораў». 20 флэш 219 «Істотная колькасць людзей выязджае не часова, а надоўга, на працу, калі не на поўную рэлакацыю, таму, верагодна, нейкія грошы з гэтага ўлады будуць мець».

З сённяшняга дня адбыліся і іншыя змены – пачынае дзеяць праект «Праца без межаў», згодна з якім беларусы змогуць шукаць працу на тэрыторыі Еўразійскага саюзу, бюджэтныя арганізацыі могуць больш грошай выдаваць на прэміі, а чартарнымі рэйсамі зноў можна перавозіць жывёлінаў. Даражэюць з сёння некаторыя гатункі цыгарэтаў і падвышаецца экспартнае мыта на нафту ды нафтапрадукты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»