Арганізаваны новы альянс: Брытанія – Польшча – Украіна


Польшча перадасць Украіне артылерыйскія снарады, пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Гром», дроны для выведкі і лёгкія мінамёты. Усё гэта – каб дапамагчы Кіеву перадухіліць адкрыты і масавы напад расейскіх войскаў. Пра гэта паведаміў сёння польскі прэм’ер-міністр Матэуш Маравецкі, які праводзіць афіцыйны візіт у Кіеў, гэтаксама, як і прэм’ер Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба анансаваў стварэнне новага альянсу трох дзяржаваў для ўзмацнення міжнароднай бяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі ў Марыінскім палацы ў Кіеве сустракаў прэзідэнт Украіны.

А з прэмʼер-міністрам Польшчы перамовы спачатку правёў са сваім калегам Дзянісам Шмыгалем. Агульная пазіцыя Вялікай Брытаніі: ніякіх перамоваў пра Украіну без прадстаўнікоў Украіны, а дзяржавы Еўропы мусяць абараніць незалежнасць Украіны ад тых, хто спрабуе яе разбурыць. Маецца на ўвазе Расея, якая сабрала побач з украінскай мяжой больш чым 100-тысячны кантынгент. Таксама расце колькасць расейскіх войскаў у Беларусі, якія прыбылі туды на вучэнні.

Нападу з поўначы Украіна і яе саюзнікі апасаюцца найбольш – бо так Кіеў хутка можа трапіць пад удар.

«Таксама Расея перакідвае войскі ў Беларусь, пра гэта казаў наш амбасадар у Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, вядома пра пяць тысяч вайскоўцаў у Беларусі з планамі павелічэння колькасці ў найбліжэйшай будучыні. Мы таксама бачым, як Расея намагаецца дэстабілізаваць Украіну, у тым ліку здзейсніць імаверную аперацыю пад фальшывым сцягам, пад чужым сцягам», – заявіла прадстаўніца Белага Дому Джэн Сакі.

Саюзнікі Украіны не плануюць ваяваць на ўкраінскай зямлі, але дапамагаюць Кіеву гуманітарнымі грузамі, узбраеннем, выведкай – і летальнай зброяй, неабходнай для затрымання магчымай атакі. А калі напад усё ж адбудзецца, Еўразвяз, ЗША і іншыя дэмакратычныя дзяржавы гатовыя ўвесці моцныя санкцыі.

«Мы распрацавалі спецыяльныя пакеты санкцыяў адносна расейскіх элітаў і чальцоў іхных семʼяў на выпадак, калі Расея працягне ўварванне ва Украіну. Гэтыя дзеянні ідуць у каардынацыі з супольнікамі і партнёрамі. Выяўленыя намі асобы ўваходзяць у найбліжэйшае атачэнне Крамля і граюць ролю ў пастановах расейскага ўраду або, як мінімум, саўдзельнічаюць у дэстабілізацыйных дзеяннях Крамля», – тлумачыць Джэн Сакі.

Сітуацыя пагоршылася пасля таго, як Расея прадставіла Злучаным Штатам і блоку NATO невыканальны ўльтыматум: практычна падзяліць Паўночна-Атлантычны Альянс і гарантаваць, што Украіна туды не трапіць.

«Мне важна было б абмяняцца з табой думкамі наконт бяспекі. Вядома, што мы скіравалі NATO і ЗША свае прапановы аб пісьмовых абавязках на гэты конт», – заявіў сёння Уладзімір Пуцін.

Гэта здымкі з сустрэчы ў Крамлі расейскага прэзідэнта і вугорскага прэм«ера. Вугоршчына – дзяржава блоку NATO, але Віктара Орбана Пуцін называе сваім сябрам.

«Мой сённяшні візіт – гэта частка візіту міру. І я хачу запэўніць, што ніводзін кіраўнік дзяржаваў Еўразвязу не хоча вайны. Мы выступаем за палітычныя развязанні, перадусім мірныя пагадненні», – адказаў Пуціну Орбан.

Як паведаміў Пуцін пасля перамоваў, ён атрымаў адказ Злучаных Штатаў і блоку NATO на патрабаванні Расеі. Кіраўнік Расеі заявіў, што прынцыповыя расейскія заклапочанасці засталіся праігнараваныя.

Тым часам прэзідэнт Украіны ў Вярхоўнай Радзе падпісаў указ, у якім даручыў украінскаму ўраду падрыхтаваць адмысловыя законапраекты. Калі законы падрыхтуюць і прымуць, то павялічыцца грашовае забеспячэнне вайскоўцаў, у Збройныя сілы Украіны мусяць заахвоціць дадаткова 100 тысячаў кантрактнікаў, і будзе створана яшчэ 20 брыгадаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».