Тры рублі за паўстанца. Як рабілі «чорны бізнес» у часы Каліноўскага


Журналіст «Белсату» знайшоў у архівах дакументальныя сведчанні пра банду ілжэданосчыкаў.

Людская сквапнасць абвастраецца пад час пэўных экстрэмальных сітуацый, як вайна, галадамор ці крызісны стан краіны. Бывала, калі вымагальніцтва ілжэсведчаннямі станавілася сапраўдным «бізнесам». Пра падобныя дзеянні, якія мелі месца і ў часы паўстання 1863-1864 гг. Сведчаць архіўныя крыніцы.

Гаманец ці жыццё!

габрэі другой паловы 19 ст
Габрэі другой паловы ХІХ ст.

У студзені 1864 году губернатар Гарадзенскай губерні Іван Скварцоў атрымаў паведамленне ад Аўгустаўскага Грамадзянскага губернатара пра дзейнасць «асобаў, падазраваных у ілжывых данясеннях з мэтай карысталюбства» ў вёсцы Сапоцкін (зараз на Гарадзеншчыне) ды акрузе. Гэтымі асобамі была хеўра пяці габрэяў з той жа вёскі, якія былі раней судзімыя за крадзеж коней.

Алгарытм здабычы грошай быў вельмі просты: злачынцы з’яўляліся ў вёсцы ды пачыналі хадзіць па хатах. Вяскоўцаў ставілі перад выбарам – ці плаці, ці мы скажам прадстаўніку ўлады, што ты ўдзельнічаеш у паўстанні або дапамагаеш паўстанцам. Даносілі ж толькі на мужчын, бо сям’я без гаспадара – асуджана на голад. Прыходзілася плаціць. Часам, людзі аддавалі апошнія грошы, якія трымалі на чорны дзень. Суму зламыснікі патрабавалі заўсёды розную – у залежнасці ад заможнасці сям’і.

Бывалі выпадкі калі адкупіцца каштавала рубель ці нават 3 рублі срэбрам. Для селяніна гэта былі вялікія грошы: гэта прыкладны кошт каровы. Столькі ж царскія ўлады плацілі за злоўленага ўзброенага паўстанца.

Калі дастатковай сумы ў ахвяраў не было, злачынцы абыходзіліся тымі грашыма, якія людзі маглі даць.

Каб арыштаваць – дастаткова ілжэданосу

расейскі службоўца чытае пастанову сялянам
Расейскі службоўца чытае пастанову сялянам

У часы паўстання, каб арыштаваць чалавека было дастаткова нават даносу, які мог і не падмацоўвацца больш грунтоўнымі доказамі. Тады за ўдзел у паўстанні ці хаця б дапамогу паўстанцам маглі пакараць турэмным тэрмінам ці ссылкай. Гэтай сітуацыяй вельмі добра карысталася хеўра сапоцкінскіх вымагальнікаў.

Да канца 1864 году банда запалохвала сялянаў ды вымагала такім чынам грошы, аднак, ілжэсведчанні за ўдзел у паўстанні станавіліся ўсё менш актуальныя, тым больш імперскія ўлады на такія даносы пасля здушэння паўстання пачалі звяртаць менш увагі.

Тады прыдумалі новую схему – ілжэсведчанні за абразу праваслаўнай царквы. Падобнае «злачынства» трактавалася Расейскім урадам, як святатацтва, ды прадугледжвала штраф ці арышт. Банда так і працягвала тэрарызаваць мясцовых сялянаў ды дробную шляхту.

Паводле законаў Расейскай Імперыі за ілжэсведчанні і вымагальніцтва, асабліва па абвінавачванні ў палітычнай злачыннасці, прадугледжвалася кампенсацыя пацярпеламу боку ды турэмнае заключэнне злачынцу. Аднак, хоць і ведалі мясцовыя жыхары злачынцаў ды апісвалі іхны выгляд следчаму не адзін раз, хеўру так і не злавілі. Вымагальнікі пісалі ананімныя даносы ды падкідвалі ці адсылалі іх прадстаўнікам улады ды не затрымліваліся ў адной мясцовасці стала, а пастаянна «гастралявалі».

Той выпадак, калі Мураўёў – не вешальнік

Звесткі пра ілжэданосы даляцела і да генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва, знакамітага пад мянушкай «вешальнік». Яго зацікавілі ілжэсведчанні за ўдзел у паўстанні. Тым больш шмат людзей паводле такіх даносаў ужо арыштавалі ды завезлі ў Вільню на дазнанне. Там аказвалася ў большасці выпадкаў, што абвінавачаныя не маюць аніякага дачынення да паўстання.

З гэтай прычыны Мураўёў-вешальнік выдаў указ ад 14 кастрычніка 1865 году, дзе гаворыцца: «Калі па ілжэсведчанням хтосьці быў асуджаны, такога павінны былі апраўдаць». Адразу было перагледжана вельмі шмат справаў, ды амаль усе асуджаныя па ілжэданосам не толькі з Сапоцкіна ды іншых вёсак Аўгустаўскай губерні, але і па ўсяму Паўночна-Заходняму краю былі вызваленыя. Але царскай паліцы так і не ўдалося арыштаваць банду вымагальнікаў. Архіўныя дакументы сведчаць, што пяць чальцоў банды «здолелі схавацца тэрыторыі Царства польскага».

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

У матэрыяле выкарыстаныя дакументы з Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі.

Стужка навінаў