Хто ў Беларусі пастаўляе больш за ўсё цукерак на Новы год? Сакрэт раскрываюць дзяржзакупы


Цукеркі.
Фота: Yves Scheuber / Unsplash

Шмат якія кампаніі і арганізацыі напярэдадні навагодніх святаў закупляюць для сваіх калегаў, іхных дзяцей, партнёраў у бізнесе наборы цукерак. Калі гэта робіцца за кошт бюджэтных сродкаў, то абавязкова праводзіцца тэндар. Але ці няма ў гэтай схеме карупцыйнага складніку? Карэспандэнты belsat.eu паспрабавалі разабрацца.

Возьмем для прыкладу закупы цукерачных набораў вагой 800–1200 г, якія праходзілі з лістапада да снежня 2019 і 2020 гадоў.

Закон аб дзяржаўных закупах прадугледжвае пяць відаў працэдураў. Мы ж разгледзім дзве з іх: электронны аўкцыён (выйграе ўдзельнік, які зрабіў мінімальную стаўку падчас гандляванняў) і запыт цэнавых прапановаў (пераможцам прызнаецца той, хто прапануе найменшую цану).

У названыя перыяды больш за ўсё электронных аўкцыёнаў, якія мы бачым на дзяржзакупах, выйграла загадкавае ТАА «Шерри-Торг» – 12 лотаў на суму звыш як Br 280 000. Гэта больш, чым «Спартак» і «Камунарка», разам узятыя.

Аналагічная сітуацыя і ў выпадку працэдураў запытаў цэнавых прапановаў у залежнасці ад удзельнікаў тэндараў. Тут «Шерри-Торг» выйграў 17 працэдураў на агульную суму звыш як Br 247 000.

Дзе гэта вуліца, дзе гэты дом?

Афіцыйны сайт «Шерри-Торг» на момант рыхтавання матэрыялу быў недаступны. Кампанія зарэгістраваная ў Магілёве на адрасе Першамайская 48.

Паводле сэрвісу Яндекс.Карты там размяшчаецца крама касметыкі, гастраном, аптэка, сэканд-хэнд і шэраг іншых арганізацыяў, але крамы з назвай «Шерри-Торг» не выяўлена. Затое знайшліся крамы «Спартака» і «Камунаркі».

Трохі больш інфармацыі пра «Шерри-Торг» дае сайт tam.by, дзе падаюцца персанальныя старонкі вялізнага спектру арганізацыяў і прадпрыемстваў. На старонцы пра «Шерри-Торг» паказаны юрыдычны адрас: Магілёў, вул. Будзёнага 13/63. Але тут таксама не ўдалося знайсці крамы ТАА «Шерри-Торг». Ёсць іншыя крамы, аптэкі, цырульні, але «Шерри-Торг» няма.

Далейшыя пошукі даюць яшчэ адзін адрас ТАА «Шерри-Торг»: Магілёў, вул. Калужская 13. Але і тут знайсці гандлёвы пункт арганізацыі не ўдалося.

Няма яго і на Крыленкі 6. Гэты адрас паказаны на deal.by у раздзеле «Інфармацыя для пакупніка».

Можна было б выказаць здагадку, што «Шерри-Торг» не мае ўласнай крамы і працуе толькі з юрыдычнымі асобамі. Але на сайце Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў раздзеле «гандаль прадуктамі харчавання» пад нумарам 66 ідзе ТАА «Шерри-Торг», і там пазначана, што кампанія займаецца таксама і раздробным гандлем.

І хоць гэты факт не ёсць ні парушэннем, ні злачынствам, дзе насамрэч размяшчаецца найбуйнейшы пастаўляльнік цукерачных набораў, застаецца пытаннем.

Незаконная прэферэнцыя

Далей – больш. У пачатку снежня 2020 года стала вядома, што ўлады Менску закупяць 56 500 навагодніх падарункаў для дзяцей. Пры гэтым былі названыя прынамсі тры кампаніі: усё тыя ж «Спартак», «Камунарка» і «Шерри-Торг» (Магілёў). Чаму менскія ўлады супрацоўнічаюць з дылерскай кампаніяй з Магілёва і паказваюць яе назву перад правядзеннем гандляванняў, не зразумела.

Характэрна, што пры заключэнні дамоваў з арганізатарамі аўкцыёнаў «Шерри-Торг» у якасці месца паходжання тавару паказвае Беларусь, Расею і Украіну. Пры гэтым кампанія, прадаючы ўкраінскія цукеркі, карыстаецца прэферэнцыйнай папраўкай на 15 %, якая даецца толькі таварам з Беларусі, Расеі і Казахстану.

Таксама ва ўсіх прыведзеных на схеме № 1 лотах (21 лот) дамовы паміж заказчыкам гандляванняў і пераможцам падпісваліся на сумы з улікам прэферэнцыйнай папраўкі, што ёсць грубым парушэннем.

Справа ў тым, што пастаўляльнікі беларускіх, расейскіх і казахскіх тавараў могуць атрымаць прэферэнцыі на 15 % ад кошту для таго, каб мець канкурэнтную перавагу перад іншымі пастаўляльнікамі. Аднак пры падпісанні дамовы прэферэнцыя ўжо не ўлічваецца, то бок рэальнай зніжкі пастаўляльнік не дае, але ягоная прапанова ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі гандляванняў можа выглядаць куды больш выгаднай. Такім чынам, пастаўляльнік імпартных тавараў можа выйграць тэндар, толькі калі кошт на ягоныя тавары не менш як на 15 % ніжэйшы за кошт на «сваю» прадукцыю. Прэферэнцыйная папраўка ўлічваецца толькі пры параўнанні коштаў прапановаў удзельнікаў і не ўлічваецца пры заключэнні дамовы.

У справе ж куплі навагодніх падарункаў мы маем наступнае:

  • падпісанне дамоваў з улікам прэферэнцыйнай папраўкі;
  • маніпуляцыі з паходжаннем тавару і з ужываннем папраўкі;
  • сумнеўныя адрасы размяшчэння кампаніі, якая выйграла большасць лотаў.

«Камерцыйная таямніца»?

Намеснік ТАА «Шерри-Торг» Сяргей Карпечкін, які раней сам быў начальнікам аддзелу наўпроставых продажаў у Магілёве і Магілёўскай вобласці кандытарскай фабрыкі «Спартак», патлумачыў belsat.eu поспехі кампаніі ў выйграванні тэндараў тым, што яна ўжо дзесяць гадоў займаецца падрыхтоўкай навагодніх падарункаў і адпаведна мае вялікі досвед у гэтай сферы. Больш каментаваць ён адмовіўся.

Мы таксама патэлефанавалі дырэктару «Шерри-Торг» Андрэю Высоцкаму з просьбай расказаць пра сакрэты поспеху кампаніі на дзяржзакупах. Аднак ён ад каментароў адмовіўся, назваўшы гэтую інфармацыю «камерцыйнай таямніцай».

Таксама ён не захацеў называць дакладнага адрасу кампаніі, на якім яе можна было б знайсці, каб «не было праблемаў».

Пятро Сідаровіч belsat.eu

Стужка навінаў