Хто такія міратворцы, што яны будуць рабіць у Карабаху і чым можа скончыцца місія Расеі і Турцыі?


Першая частка расейскага вайсковага кантынгенту ў 11 лістапада прыбыла ў Арменію і накіравалася ў Нагорны Карабах для кантролю за спыненнем агню, паведаміла дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на Мінабароны РФ.

Плануецца, што расейцы накіруюць у Нагорны Карабах

  • 1960 жаўнераў і афіцэраў,
  • 90 бронетранспарцёраў,
  • 380 адзінак іншай тэхнікі.

Што такое сучасныя міратворчыя аперацыі, і хто іх праводзіць?

Згодна з інфармацыяй на сайце ААН, міратворчыя аперацыі маюць за мэту прайсці «цяжкі шлях ад вайны да міру».

У прыватнасці ваенныя і паліцэйскія сілы імкнуцца забяспечыць спакой у зоне канфлікту са згоды ўдзельнікаў, не выступаюць на тым ці іншым баку, а таксама выкарыстоўваюць сілу толькі ў межах свайго мандату, дзеля самаабароны ці абароны мірнага насельніцтва.

Аднак ААН не мае манаполіі на такія аперацыі. Праводзіліся ў мінулым і зараз ажыццяўляюцца адразу некалькі аперацый, якія праводзяць не сілы ААН, прычым некаторыя з якіх мелі, а некаторыя з якіх не мелі згоды ААН. Гэтак міратворчыя сілы НАТО ў Косава атрымалі такую згоду, а Міжнародны назіральны кантынгент на Сінайскай паўвыспе – не.Наяўнасць ці адсутнасць мандату ААН азначае ўзровень міжнароднага прызнання легітымнасці дзейнасці міратворцаў.

Згодна з міжнародным правам, міратворцы не лічацца камбатантамі (удзельнікамі канфлікту, да якіх можна ўжываць зброю), бо займаюць нейтральную пазіцыю ў канфлікце, і маюць быць абароненыя ад усіх нападаў. Звычайна міратворчыя вайсковыя падраздзяленні маюць на ўзбраенне толькі стралковую зброю і лёгкую бранятэхніку.

Чаму ў Карабах накіроўваюць міратворцаў?

Баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху працягваліся з 27 верасня і былі паспяховымі для Азербайджана – у першыя дні лістапада НКР ужо стаяла перад пагрозай ваеннай катастрофы.

Удар азербайджанскіх беспілотнікаў па армянскіх войсках. Відэа Міністэрства абароны Азербайджана

Азербайджан і Арменія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі мірнае пагадненне, згодна з якім Баку атрымлівае вялікую частку Нагорна-карабахскай рэспублікі (НКР), а таксама ўсе азербайджанскія раёны, якія раней былі занятыя войскамі НКР. Пагадненне пачало дзейнічаць з 10 лістапада.

На тую частку НКР, якая застаецца па-за азербайджанскім кантролем, а таксама ў Лачынскі калідор, які звязвае НКР з Арменіяй, уводзяцца расейскія міратворцы, а армянскія падраздзяленні, адводзяцца.

У выпадку Карабаху (з цюркскага слова «кара» – чорны, і персідскага «баг» – сад) мы маем справу як раз з міратворчай аперацыяй, якая арганізаваная не праз ААН, а праз шматбаковае пагадненне Арменіі, Азербайджана і Расеі.

Якія расейскія войскі накіроўваюцца ў Карабах?

Удзел у міратворчых аперацыях мала падобны на класічныя армейскія дзеянні і таму патрабуе спецыяльнага навучання. Гэтак, ва ўсім беларускім войску падрыхтоўку для міратворчых аперацыяў мае толькі адна рота (100-200 чалавек), якая ўваходзіць у склад 103-й паветрана-дэсантнай брыгады (Віцебск). Яна ўдзельнічае ў міратворчай аперацыі ў Ліване.

Расея адпраўляе ў Карабах амаль 2000 жаўнераў – гэта вайскоўцы з 15-й асобнай мотастралковай брыгады, якая існуе з 2005 года і цалкам рыхтавалася для міратворчых дзеянняў.

У той жа час ёсць сведчанні, што вайскоўцы брыгады ваявалі супраць Грузіі ў 2008 годзе, удзельнічалі ў захопе Крыму ў 2014 годзе і ваявалі супраць Украіны на Данбасе.

Чалец расейскай міратворнай місіі стаіць каля танку побач з мяжой з Арменіяй. 10 лістапада.
Фота: FRANCESCO BREMBATI / Reuters / Forum

Што вядома пра турэцкіх міратворцаў?

Адразу пасля падпісання мірнай заявы прэзідэнт Азербайджана Ільгам Аліеў сказаў пра ўдзел у міратворчай аперацыі і турэцкіх войск: «Будзе сумесная міратворчая місія Расеі і Турцыі». Аднак пакуль невядома, колькі турэцкіх вайскоўцаў будуць удзельнічаць, і дзе яны будуць стаяць.

Плануецца, што будзе арганізаваны міратворчы цэнтр па кантролі за спыненнем агню, у якім маглі б дзейнічаць турэцкія вайскоўцы. Аднак месцазнаходжанне і роля гэтага цэнтру, падобна, зараз робіцца нагодай для завочнай спрэчкі Масквы з Баку.

Чым можа закончыцца міратворчая аперацыя?

Праз 5 год прысутнасць міратворцаў можа быць працягнутая, калі толькі з гэтым пагодзяцца ўсе ўдзельнікі 3-баковай мірнай заявы. Такім чынам Азербайджан праз 5 год можа аднабакова патрабаваць ліквідацыі міратворчай місіі, пасля чаго яна пазбавіцца мандату.

Калі гэта адбудзецца, тыя тэрыторыі Карабаху, якія заставаліся ў армянскага насельніцтва, будуць цалкам безабароннымі перад інкарпарацыяй у склад Азербайджану.

«Белсат»

Стужка навінаў