Хто стане прэзідэнтам Польшчы? Вялікая выбарчая інтрыга


За прэзідэнцкі фатэль у Польшчы змагаюцца 24 траўня два кандыдаты – дзейны прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і прадстаўнік апазіцыі Анджэй Дуда. Абодва канкурэнты маюць практычна такі самы рэйтынг.

Прэзідэнта Браніслава Камароўскага (Bronisław Komorowski) падтрымлівае правацэнтрысцкая партыя «Грамадзянская платформа», а Дуда (Andrzej Duda) ідзе ад правай партыі «Закон і справядлівасць». Левыя сілы, якіх часта асацыююць з прарасейскай скіраванасцю, не маюць вялікага падтрымання на фоне падзеяў ва Украіне. Кандыдатка на прэзідэнцтва ад Саюзу дэмакратычных левых сілаў Магдалена Агурэк (Magdalena Ogórek) набрала ў першым туры выбараў, які прайшоў 10 траўня, толькі крыху больш як 2 % галасоў.

Сацыялагічныя апытанні перад першым турам галасавання сведчылі, што фаварыта у выбарчай гонцы – дзейны кіраўнік краіны. Сёлета ў лютым у апытаннях сваю прыхільнасць да Камароўскага пацвердзілі 63 % выбарнікаў. Дуду падтрымлівалі толькі 15 % палякаў. Камароўскі заклікаў нават выбраць галаву дзяржавы ўжо ў 1-ым туры. Калі б за пэўнага кандыдата ў Польшчы прагаласавала больш чым 50 % выбарнікаў, другі тур выбараў не спатрэбіўся б. Але ўсё выйшла зусім інакш. Вялікай нечаканасцю першага туру стала лідарства апазіцыянера Анджэя Дуды. Ён набраў 34,76 % галасоў, абышоўшы амаль на 1 % цяперашняга лідара Польшчы (33,77 %). Сюрпрызам сталі таксама звыш 20 % бюлетэняў за былога панк-музыку Паўла Кукіза (Paweł Kukiz). Ён заклікаў да зрынання цяперашняй палітычнай сістэмы, пры якой парламенцкія месцы размяркоўваюць кіраўнікі найбольш папулярных партыяў.

Нечаканы зыход першага туру змусілі Камароўскага крыху змабілізавацца. Ужо 11 траўня ён прапанаваў правесці рэферэндум аб увядзенні аднамандатных выбарчых акруг, змены выбарчага заканадаўства, ліквідацыі сістэмы фінансавання партыяў з бюджэту дзяржавы.

Вынікі першага туру прадэманстравалі падзел Польшчы на ўсход і захад. Тэрыторыі, якія пад канец XVIII стагоддзя захапілі Расея і Аўстра-Вугоршчына, – больш кансерватыўныя, таму падтрымалі правага кандыдата Анджэя Дуду. У Заходняй Польшчы, землі якой былі анексаваныя Прусіяй, падтрымалі Камароўскага. За яго ж пераважна галасавалі падляскія беларусы.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Атмасфера станавілася ўсё больш гарачай. Падчас адной з тэледыскусіяў канкурэнт Камароўскага дастаў у студыі сцяг партыі цяперашняга прэзідэнта, каб абвінаваціць праз дадзены жэст, што той моцна звязаны са сваёй палітычнай групоўкай і не можа прымаць самастойных рашэнняў. Камароўскі спачатку не ведаў, як выйсці з гэтай сітуацыі, але праз некаторы час проста аддаў сцяг журналістцы, якая вяла дыскусію.

Эмоцыі зашкальвалі, калі супернікі абмяркоўвалі сельскагаспадарчую палітыку. Браніслаў Камароўскі папракаў Анджэя Дуду за словы, якіх той не памятаў, але як доказ польскі прэзідэнт меў пры сабе стэнаграму ранейшага выказвання супраціўніка. «Тое, што вы робіце, гэта несумленна», – адказаў Дуда. Прэзідэнт аднак не даў вывесці сябе з раўнавагі.

Дуда ж дазволіў сабе надзвычай моцную фармулёўку. «Вы сказалі, што хацелі забіць паліцыянта», – гэтак апазіцыянер папракнуў Камароўскага за радыкалізм маладосці падчас змагання з камуністычным рэжымам.

У сваю чаргу ў перадвыбарчым роліку Камароўскі раскрытыкаваў Дуду за нібыта залежнасць таго ад лідара партыі «Закон і справядлівасць».

Дуда ж падаў Камароўскага як палітыка, які ненавідзіць сваіх палітычных апанентаў.

Жарсці ўспыхнулі таксама праз тое, што адзін з польскіх журналістаў выкарыстаў у сваёй праграме цытаты з фіктыўнага профілю ў сацсетках дачкі Анджэя Дуды – Кінгі (Kinga Duda). Журналіст выбачыўся пазней за гэта, але асадак застаўся.

Ускалыхнула Польшчу і тое, што пры Камароўскім заўважылі суфлёрку-паліттэхнолага.

Напружанне ніяк не спадала. У пятніцу 22 траўня невядомы спрабаваў напасці на Браніслава Камароўскага.

Перадвыбарчая барацьба вельмі гарачай была ў інтэрнэце: прыхільнікі і праціўнікі абодвух кандыдатаў кожны дзень размяшчалі ў сацыяльных сетках дзясяткі відэа, мемаў, жартаў, артыкулаў, каб заахвоціць галасаваць за свайго кандыдата альбо дыскрэдытаваць ягонага канкурэнта. У адрозненне ад папярэдніх кампаніяў на вуліцах польскіх гарадоў было мала білбордаў з выявамі ўдзельнікаў палітычнай гонкі. Відавочна, у выбарчых штабах вырашылі ўкласці больш грошай у барацьбу ў сеціве.

Хоць раней кандыдаты гаварылі пра Беларусь, аднак перад другім турам яны згадвалі нашую краіну бадай толькі ў кантэксце абвінавачання, што апанент прытрымліваецца ў палітычнай барацьбе «беларускіх стандартаў», парушаючы дэмакратычныя прынцыпы.

Відэа: Камароўскаму дапамагае суфлёрка

У дачыненні Украіны і Камароўскі, і Дуда займаюць аналагічную пазіцыю – выказваліся за падтрыманне Украіны, каб узмацніць бяспеку Польшчы, і крытыкавалі Расею за парушэнне міжнароднага права і ўварванне на землі суседа. Тым не менш, абодва кандыдаты выступаюць супраць таго, каб пасылаць польскія войскі ва Украіну.

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах няма відавочнага фаварыта, таму захоўваецца вялікая інтрыга: хто ж пераможа? Вынік выбараў можа вырашыць нават некалькі тысяч галасоў (у другім туры выйграе той кандыдат, які атрымаў больш галасоў, чымся ягоны канкурэнт). Апошнія апытанні паказалі перавагу Камароўскага, аднак букмекеры рабілі стаўку на ягонага суперніка. У Беларусі ўжо даўно на выбарах не было ніякай інтрыгі, таму пакуль застаецца сачыць за падзеямі ў суседзяў.

Глядзіце таксама: «Дыктатура, узброеная да зубоў, або… саюзнік». Кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы пра Беларусь

Віктар Шукеловіч, Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў