Хто пераможа на выбарах? Гайд па кандыдатах ад улады


8 верасня ў Беларусі пачаўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Ужо на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у шэрагу выбарчых акругаў можна заўважыць відавочных фаварытаў уладаў: былых або дзейных чыноўнікаў, дэпутатаў, дырэктараў буйных прадпрыемстваў ці ўстановаў. Belsat.eu робіць агляд найбольш вядомых праўладных кандыдатаў, якія найхутчэй атрымаюць месцы ў новай Палаце прадстаўнікоў.

На гэты момант поўнага спісу ўдзельнікаў парламенцкай кампаніі няма. Па-першае, таму што этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты яшчэ не завершаны. Па-другое, не ва ўсіх выбарчых акругах інфармацыя аб ініцыятыўных групах збору подпісаў ёсць у адкрытым доступе. Адпаведна ў шэрагу акругаў відавочных фаварытаў ад улады яшчэ не з’явілася.

Напрыклад, у Віцебска-Горкаўскай акрузе ёсць пакуль толькі адзін вылучэнец – пенсіянерка Святлана Германовіч. У Гарадзенска-Цэнтральнай – толькі індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Арцыман. Але ў некаторых акругах вынікі выбарчай кампаніі выглядаюць відавочнымі.

Лілія Ананіч і Лукашэнка падчас візіту ў Пакістан. Фота – president.gov.by

У Барысаве балатуецца Лілія Ананіч – экс-міністарка інфармацыі (2014-2017 гг). У часы сваёй працы ва ўрадзе Ананіч запомнілася шэрагам адыёзных выказванняў: напрыклад, публічна ўхваліла прапагандысцкі фільм «Белы легіён», называла неактуальным выданне ў Беларусі кнігаў Нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Акрамя таго, яна выносіла папярэджанне незалежным СМІ «Наша Ніва» і Tut.by, а таксама прымала рашэнне аб блакаванні Kyky.org. Яе канкурэнты па акрузе на дадзены момант – грузчык Яўген Шчарбін і ратавальнік Уладзімір Пікуза.

Лукашэнка ўзнагароджвае Белаконева. Фота – president.gov.by

У Пухавіцкай выбарчай акрузе №65 вылучаецца начальнік Генштаба, першы намеснік Міністра абароны Алег Белаконеў. Нарадзіўся Белаконеў у 1965 годзе ў Прыморскім краю (Расея), у 1984-м скончыў омскае каманднае вучылішча. Калі будучы кіраўнік Генштабу трапіў у Беларусь у ягонай афіцыйнай біяграфіі не адзначаецца, але вядома, што ў 1999 годзе ён скончыў беларускую Ваенную акадэмію. З 2014 года займае пасаду начальніка Генштаба. Сёлета гэта адзіны выпадак, калі дзейны высокапастаўлены сілавік прымае ўдзел у парламенцкай кампаніі.

Давыдзька і Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь», былы кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзь Давыдзька зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па Усходняй выбарчай акрузе №107 у Менску. У лукашэнкаўскім парламенце Давыдзька не навічок: ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў трэцяга і чацвертага скліканняў. Прычым цяпер былы кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» збіраецца з верхняй палаты парламенту перайсці ў ніжнюю – з лютага 2018 года ён быў чальцом Савету Рэспублікі. Ягоным апанентам у акрузе будзе старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Хто ідзе на выбары? Гайд па кандыдатах ад апазіцыі

У Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 у Менску зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу дзейны амбасадар Беларусі ў Турэччыне Андрэй Савіных. Раней Савіных, лінгвіст па адукацыі, працяглы час узначальваў прэс-службу МЗС Беларусі. Відавочным фаварытам улады ў сваіх акругах выглядаюць таксама старшыня суду Пінску Аляксандр Амельянюк (Пінская гарадская акруга №14) і суддзя Вярхоўнага суду Святлана Любецкая (Старавіленская акруга ў Менску).

Марыя Васілевіч. Фота – instagram.com/by_vasilevich

Вялікі рэзананс на гэтым тыдні выклікала інфармацыя, што на выбары пойдзе «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч. Падчас візіту ў Бялынічы у ліпені 2018 года Лукашэнка перад тэлекамерамі запрапанаваў 22-гадовай дзяўчыне ўзначаліць калгас. Калгас Марыя Васілевіч гэтак і не ўзначаліла, затое з таго часу стала рэгулярна з’яўляцца на публіцы побач з Лукашэнкам: сядзела побач з кіраўніком дзяржавы на хакеі і на «Славянскім базары», танчыла з ім на навагоднім балу і г.д. Цяпер дзяўчына балатуецца па 104-й Кальварыйскай акрузе ў Менску. Сярод яе апанентаў – апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі і дырэктар раённага «Рэмаўтадору» Генадзь Насевіч.

Мікалай Лукашэнка, Аляксандр Лукашэнка і Марыя Васілевіч на «Славянскім базары». Фота – president.gov.by
Мікалай Лукашэнка, Аляксандр Лукашэнка і Марыя Васілевіч на хакею. Фота – president.gov.by

Цікава, што пра вылучэнне Марыі Васілевіч СМІ даведаліся не ад яе самой, а са спісаў зарэгістраваных ініцыятыўных групаў. Хаця «Міс Беларусь» мае актыўныя старонкі ў сацыяльных сетках («Вконтакте», «Facebook», «Instagram»), там яна нават намёку не пакінула на тое, што сабралася ісці ў палітыку. Ну, калі не лічыць такім намёкам фотаздымак на фоне будынку КДБ.

У 110-й Партызанскай выбарчай акрузе вылучаецца тэлевядучы ОНТ Тэнгіз Думбадзэ. Думбадзэ стаў зоркай дзяржаўнага тэлебачання пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. У той час калі ў Менску адбывалася масавая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, у наўпроставым эфіры ОНТ транслявалася ток-шоу «Выбар», вядоўцам якога быў Сяргей Дарафееў. Падчас дыскусіі Дарафееў пачаў задаваць вострыя пытанні кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, праз што тая сышла са студыі. Тады Думбадзэ вельмі рашучы абарваў вядоўцу Дарафеева і вельмі эмацыйна выступіў у падтрыманне ўладаў. На наступны дзень Лукашэнка публічна падзякаваў Думбадзэ за гэты ўчынак у наўпроставым эфіры. У выніку Дарафееў быў вымушаны сысці з ОНТ, а ягонае ток-шоу на тэлеканале замяніла праграма «Адкрыты фармат», вядоўцам якой стаў Думбадзэ.

Тэнгіз Думбадзэ. Фота – ont.by

Дарэчы, акруга Думбадзэ – адна з самых прадстаўнічых з боку апазіцыі. Там вылучаецца намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў, вядомая журналістка, экс-палітзняволенная Ірына Халіп і прадстаўнік руху «За свабоду» Віктар Янчурэвіч.

«Я – самая паслядоўная прыхільніца байкоту». Рэпартаж з пікету Ірыны Халіп

 

Традыцыйна шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў збіраюцца пераабірацца на новы тэрмін. Акрамя апазіцыйных дэпутатаў Ганны Канапацкай і Алены Анісім, тут ёсць і праўладныя фігуры. Напрыклад, у Докшыцах балатуецца Уладзімір Андрэйчанка – спікер Палаты прадстаўнікоў трох апошніх скліканняў. А па Свіслацкай выбарчай акрузе №94 – былы дыпламат Валерый Варанецкі.

Агулам на выбары сёлета ідуць мінімум 14 дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Але калі пераабранне, напрыклад, Андрэйчанкі не выклікае сумневаў, то ў акрузе апазіцыйныя кандыдаткі Ганны Канапацкай ёсць вылучэнец, на якога ўлады цалкам могуць зрабіць стаўку – першы сакратар менскага гаркаму БРСМ, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Клішэвіч. 28-гадовы Клішэвіч стаў вядомым у Беларусі дзякуючы бойкі са Змітром Дашкевічем у 2016 годзе падчас адкрыцця помніка Леніну. Балатуецца ён па Кастрычніцкай акрузе №97 у Менску.

Алег Гайдукевіч

Па Каліноўскай акрузе №108 у Менску вылучаецца лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. Ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч не толькі сапраўдны ветэран палітычных кампаніяў у Беларусі (тройчы кандыдат у прэзідэнты, а з 2004 па 2008 год – дэпутат Палаты прадстаўнікоў), але і дзейны чалец Савету Рэспублікі. Сам Алег Гайдукевіч раней працаваў міліцыі, узначальваў Фрунзенскае РУУС Менску. Праўда, відавочным фаварытам Гайдукевіч не з’яўляецца: прадстаўнікі ЛДП хоць часам і трапляюць у парламент, але яшчэ часцей прапускаюць наперад больш правераных праўладных кандыдатаў. Напрыклад, на мінулых выбарах сам Алег Гайдукевіч саступіў месца ў Палаце прадстаўнікоў экс-амбасадару ў Аўстрыі Валерыю Варанецкаму.

Loading...

Loading…

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары